Выбар на карысць медыцыны

Сацыяльная сфера

Святлана Іванаўна Семяновіч працуе медыцынскай сястрой у траўматалагічным аддзяленні Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Стаж яе работы складае ўжо дваццаць тры гады. Сёлета за добрасумленную працу імя Святланы Іванаўны занесена на раённую Дошку гонару.
У школьныя гады, разважаючы над пытаннем: «Кім быць?», яна вагалася паміж двумя галінамі: музыкай і медыцынай. Закончыўшы музычную школу па класе віяланчэлі, прафесійны выбар Святлана Іванаўна зрабіла ўсё ж такі на карысць медыцыны. І вырашальным тут стала жаданне дапамагаць людзям.
Пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага вучылішча, Святлана, ураджэнка Слоніма, па размеркаванні была накіравана працаваць у Дзятлаўскую раённую бальніцу, стала медсястрой траўматалагічнага аддзялення. Асвойваць на практыцы прафесію, узгадвае жанчына, ёй дапамагалі вопытныя медыцынскія работнікі, у ліку якіх яна называе імёны Іосіфа Іванавіча Чарнушэвіча, Тамару Міхайлаўну Самайловіч, Мірона Браніслававіча Шмыгіра, Валянціны Мікалаеўны Дэйка.

IMG_8920
Цяпер Святлана Іванаўна — ужо сама медыцынская сястра са шматгадовым вопытам работы. І галоўным у ёй яна лічыць дабрыню і чуласць да пацыентаў, увагу да іх.
Увогуле, у жыцці Святлана Іванаўна кіруецца прынцыпам: «Трэба ставіцца да людзей так, як ты хочаш, каб яны ставіліся да цябе». А яшчэ жанчына лічыць, што трэба быць аптымістам: » Усё праходзіць, і чорная паласа абавязкова змяняецца белай».
Выбраўшы медыцынскую справу, Святлана Іванаўна дапоўніла сямейную дынастыю ў прафесіі. Медыкам працуе яе дзядзька, яго жонка. Гэтую прафесію абрала і дачка Святланы Іванаўны — Іна, цяперашняя студэнтка Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.
Такім чынам, Дзень медыцынскай сястры для Святланы Іванаўны з’яўляецца сямейным святам. Усім сваім калегам яна жадае перш за ўсё здароўя, добрых узаемаадносінаў у калектыве — як залог паспяховай і зладжанай працы на ніве захавання людзей.
А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *