Служыў, каб людзям жылося спакойна

Падзеі

Служыць Айчыне, абараняць свой народ — прафесія для сапраўднага мужчыны. Менавіта яе вырашыў абраць для сябе Уладзімір Яўгенавіч Лашчэўскі.

Служыць яму давялося ў Гезгалах, дзе на той час знаходзілася ракетная дывізія. Аднак пасля падзелу Савецкага Саюза адбыўся вывад расійскіх войскаў з тэрыторыі незалежнай Беларусі і ваенных накіравалі ў далёкую Чэту. Пакідаць Радзіму Уладзіміру Яўгенавічу не хацелася, ён вырашыў, што яго прафесійныя навыкі спатрэбяцца тут, на Дзятлаўшчыне. Перавёўся ў Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Так былы ваенны стаў міліцыянерам, пачаў ахоўваць спакой і законныя правы сваіх землякоў.

Вядома, да новай службы давялося прывыкаць, бо яна значна адрознівалася ад вайсковай, але пастаянна працаваць з людзьмі, прыходзіць ім на дапамогу падабалася. Уладзімір Лашчэўскі быў міліцыянерам-вадзіцелем, уваходзіў у склад групы затрымання. Як вядома, галоўнай задачай супрацоўнікаў дэпартамента аховы з’яўляецца ахова аб’ектаў, затрыманне злачынцаў па гарачых слядах, а таму іх дзеянні павінны быць максімальна аператыўныя і зладжаныя, і тут заўжды можна спадзявацца на сяброўскае плячо. За 20 гадоў службы здаралася рознае, але нязменнымі заставаліся цёплыя сяброўскія адносіны ў калектыве Дзятлаўскага аддзела аховы. І ніколі Уладзімір Яўгенавіч Лашчэўскі не пашкадаваў, што застаўся тут служыць.

На чарговую аператыўную нараду асабовага саставу аддзела У. Я. Лашчэўскі ўпершыню прыйшоў не па форме. Зусім нядаўна ён адсвяткаваў свой 45-гадовы дзень нараджэння і стаў маладым пенсіянерам. Прапаршчыка міліцыі на заслужаны адпачынак урачыста праводзілі яго калегі. Ад імя асабовага саставу Уладзіміра Яўгенавіча павіншаваў і ўручыў падарункі на памяць начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Дзяніс Міхайлавіч Цумараў. Пажадаў і надалей заставацца такім жа фізічна моцным і загартаваным, весці актыўны лад жыцця, не забываць былых калегаў, таксама прапанаваў папоўніць шэрагі першаснай ветэранскай арганізацыі Дзятлаўскага аддзела аховы.

У сваю чаргу Уладзімір Лашчэўскі падзякаваў калегам за цёплыя словы, за той адрэзак жыццёвага шляху, які прайшлі разам, пажадаў ім сумленнай службы.

Карэспандэнтка газеты пацікавілася, чым цяпер плануе заняцца былы міліцыянер.
— Я вырашыў паспрабаваць сябе ў якой-небудзь грамадзянскай прафесіі, і родныя падтрымалі гэту ідэю, бо спадзяюцца часцей бачыць мяне дома. Ды і ў гаспадарцы рабочыя рукі заўжды патрэбныя. Справа ў тым, што два гады таму мы набылі вясковую хату пад дачу. Цяпер займаемся там будаўнічымі работамі: рамантуем пабудовы, добраўпарадкуем участак. Амаль усё раблю сам, дапамагае і былая спецыяльнасць зваршчыка. У вольны ад справаў час захапляюся рыбнай лоўляй. Разам з дачкой-школьніцай любім пасядзець з вудамі на Гезгалаўскім вадасховішчы. Самы вялікі ўлоў, якім магу пахваліцца, гэта дванаццацікілаграмовы шчупак. Але, хто ведае, можа, у будучым пашанцуе яшчэ больш.

Мае былыя калегі даўно сталі мне блізкімі сябрамі, мяркую, мы з імі будзем часта размаўляць па тэлефоне, ды і гасцям я заўжды рады, сам планую наведвацца да іх у аддзел пры магчымасці.

І. СТЫРНІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *