Правілы дарожнага руху — на выдатна

Сацыяльная сфера

На базе сярэдняй школы №1 горада Дзятлава прайшоў традыцыйны раённы злёт юных інспектараў дарожнага руху, у якім прынялі ўдзел сем камандаў ўстановаў адукацыі раёна. Як зазначыў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Д. К. Ёда, юідаўцы раёна сёлета сустрэліся 42-і раз.

Дзмітрый Казіміравіч павітаў удзельнікаў злёту, пажадаў ім удачы ў час іспытаў, выказаў спадзяванне, што сёлетні год стане не менш паспяховы для зборнай каманды раёна, якая будзе сфарміравана па выніках конкурсу з ліку лепшых удзельнікаў.

Высокіх балаў на ўсіх этапах спаборніцтваў камандам пажадаў інспектар аддзялення дзяржаўтаінспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама В. А. Яхнавец, які прыйшоў, каб ацаніць, наколькі па-майстэрску школьнікі ўмеюць кіраваць веласіпедамі, ці грунтоўна яны ведаюць правілы дарожнага руху.

Інжынер па ахове працы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама М. К. Ходар нагадала ўдзельнікам сустрэчы, што яны павінны быць уважлівыя і асцярожныя ў час іспытаў, бо асабістая бяспека — іх лепшы вынік.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе сёлета падалі каманды гімназіі №1, сярэдняй школы №3 і сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, Наваельнянскай сярэдняй школы, Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Дварэцкай сярэдняй школы.

Пасля жараб’ёўкі каманды накіраваліся на этапы. Засяроджанасці і ўвагі патрабаваў конкурс тэарэтычных ведаў па правілах дарожнага руху. Ён праходзіў у камп’ютарным класе, удзельнікі павінны былі адказаць на 10 прапанаваных пытанняў. Адказы адразу ж ацэньваў камп’ютар. Найбольш тэарэтычна падрыхтаванай аказалася каманда СШ №3 горада Дзятлава, добрыя вынікі паказалі навучэнцы Наваельнянскай СШ і СШ №1 горада Дзятлава.

У конкурсе агітбрыгадаў найбольш арыгінальныя былі навучэнцы СШ №1, СШ №3, гімназіі №1 горада Дзятлава.

Самыя цікавыя, яркія і змястоўныя сценгазеты атрымаліся ў камандаў СШ №1 горада Дзятлава і Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Хатнім заданнем для ўдзельныкаў быў відэаролік-прэзентацыя «Мой атрад» аб дзейнасці юных інспектараў дарожнага руху. Лепшым ён атрымаўся ў СШ №1 горада Дзятлава.

Таксама школьнікі прадэманстравалі тэарэтычныя веды па аказанні першай дапамогі пацярпелым. Больш падрыхтаванымі аказаліся каманды СШ №1 і гімназіі №1 горада Дзятлава.

Але, здаецца, самым складаным сярод выпрабаванняў была фігурная язда на веласіпедзе. Вадзіцелі двухколавых транспартных сродкаў павінны былі праехаць па вузкай дарожцы паміж кубікамі і дошчачкамі, мінуць нізкую арку, не закрануўшы яе спінай, не перакуліць пластыкавыя фішкі на змейцы, плаўна прытармазіць на фінішы. У малодшай групе лепшыя вынікі на гэтым этапе спаборніцтваў былі ў гімназістаў, у старэйшай — у навучэнцаў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Калі журы падрахункавала балы, аказалася, што абсалютнай пераможцай па іх колькасці за ўсе іспыты стала камнанда юных інспектараў дарожнага руху сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Другое месца падзялілі юідаўцы гімназіі №1 і сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. На трэцяй пазіцыі замацаваліся наваельнянскія школьнікі. Каманды-пераможцы былі адзначаны дыпломамі, якія ўручыў капітанам інспектар аддзялення дзяржаўтаінспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама В. А. Яхнавец.

IMG_8465

IMG_8463

І. СТЫРНІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *