Па-сямейнаму цёплае свята

Падзеі Сацыяльная сфера

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна з ініцыятывы аддзялення першаснага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае сям’і і сямейным каштоўнасцям.

На свята былі запрошаны маладыя, шматдзетныя, апякунскія сем’і раёна. Яшчэ да пачатку мерапрыемства дарослыя і дзеці змаглі азнаёміцца з выставай, якую падрыхтавалі самыя творчыя ўдзельнікі сустрэчы. Іна Андрукевіч прадставіла cвае карціны, па-майстэрску вышытыя крыжыкам. Вышыўкай і выпальваннем малюнкаў захапляюцца бацькі і дзеці дома сямейнага тыпу Млынарчыкаў, а яшчэ яны прывезлі паказаць багатую калекцыю вырабаў з гліны, якую сабралі на працягу некалькіх гадоў. Дом сямейнага тыпу Шэлегаў у вольны час захапляецца вырабам сувеніраў з бісеру, на выставе была і іх стракатая калекцыя. Сям’я Палухіных парадавала маленькіх модніц багатай калекцыяй упрыгажэнняў для валасоў у стыле канзашы.
Першай прысутных павітала загадчыца аддзялення Галіна Эдвардаўна Касцюк. Яна зазначыла, што на сустрэчы прысутнічаюць і маладыя сем’і, і сем’і, здольныя падзяліцца сваім жыццёвым вопытам, і ўдзельнікі абласных этапаў традыцыйнага штогадовага конкурсу «Лепшая шматдзетная сям’я». Cабраліся яны тут, каб сустрэцца са спецыялістамі, паўдзельнічаць у конкурсах і гульнях, падрыхтаваных аддзяленнем і работнікамі культуры. Галіна Эдвардаўна пажадала гасцям шчасця, міру, сямейнага дабрабыту і радасці, заклікала іх да актыўнага ўдзелу ў гульнях.
Аб неабходнасці захавання ў хатах і кватэрах мераў супрацьпажарнай бяспекі, выкарыстання аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў вёў гаворку інспектар Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Анатольевіч Беленка. Таксама ён расказаў бацькам, што ў раёне доўжыцца акцыя МНС «Не пакідайце дзяцей адных», скіраваная на прафілактыку гібелі непаўналетніх. На жаль, сёлетні год папоўніў сумныя лічбы статыстыкі. На Гродзеншчыне таксама зарэгістравана гібель дзяцей на пажарах. Аляксандр Анатольевіч у форме гульні нагадаў маленькім удзельнікам сустрэчы, як паводзіць сябе ў час надзвычайнай сітуацыі, па якіх нумарах тэлефанаваць ратаўнікам, і ўзнагародзіў самых актыўных.
Пагутарыла з гасцямі і Вольга Вацлаваўна Бародзіч, начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама. Яна пазнаёміла прысутных са статыстыкай рэгістацыі шлюбаў і нованароджаных на Дзятлаўшчыне, узгадала самыя папулярныя імёны хлопчыкаў і дзяўчынак.
Святочны настрой і вясёлыя песні гасцям дарыла сям’я Баклушыных. З азартам і ўсмешкамі пад дружныя апладысменты прайшлі вясёлыя конкурсы «Як я збіраўся на свята», «Эстафета заданняў», «Намалюй сваю сям’ю», «Сяброўскія абдымкі». Усе ўдзельнікі гульняў атрымалі падарункі ад спонсараў свята — магазіна «Капеечка», індывідуальных прадпрымальнікаў Г. Волчак, Л. Гаршанавай, І. Болбат.
І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *