Навіны тыдня

Падзеі

ПРАЦОЎНЫЯ КАЛЕКТЫВЫ Ў БЕЛАРУСІ ЗАХАВАЮЦЬ
Працоўныя калектывы ў Беларусі захаваюць, але разгільдзяям і дармаедам у іх не месца. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага трактарнага завода.
Прэзідэнт канстатаваў, што сітуацыя ў свеце няпростая, а сусветная эканоміка марудна і цяжка аднаўляецца. Паводле яго словаў, галоўная прычына таго, што адбываецца ў беларускай эканоміцы, тоіцца ў знешніх фактарах, у тым ліку сітуацыі на расійскім рынку, куды пастаўляецца амаль палова прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў свае ранейшыя заявы аб тым, што разлічваць на атрыманне бюджэтнай падтрымкі можна толькі пад канкрэтныя бізнэс-планы, кантракты і праекты.

УЛАДЗІМІР КРАЎЦОЎ АДКАЗАЎ НА ПЫТАННІ ЖЫХАРОЎ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ
Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў адказаў на пытанні жыхароў Гродзеншчыны ў час “прамой тэлефоннай лініі”.
Значная колькасць пытанняў, якія паступілі старшыні аблвыканкама, тычыліся праблемаў ЖКГ. “Тэма ЖКГ па-ранейшаму застаецца актуальнай. Мы ведаем, што праблемы ў гэтай сферы сапраўды ёсць. Пра гэта гаварыў і Прэзідэнт у сваім Пасланні. Але мы бачым і рэзервы для іх вырашэння, — зазначыў У. Краўцоў. — Іх аналізам займалася спецыяльна створаная рабочая група. Вынікі яе дзейнасці будуць разгледжаны і прыняты пэўныя рашэнні з тым, каб палепшыць сітуацыю ў гэтай сферы”.
Усяго было зарэгістравана 581 спроба дазвону, паступілі 119 званкоў. Старшыня аблвыканкама асабіста выслухаў і адказаў на пытанні 13 жыхароў вобласці.

ДАЛУЧЭННЕ БЕЛАРУСІ ДА БАЛОНСКАГА ПРАЦЭСУ
Далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу не прывядзе да адтоку маладых спецыялістаў. Аб гэтым паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў
«Многія баяцца, што далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу прывядзе да масавай уцечкі маладых спецыялістаў, паколькі нашы дыпломы будуць цяпер прызнавацца ў кожнай краіне агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы. У людзей ствараецца ілюзія, што калі ты паехаў у еўрапейскую краіну, то табе прадаставяць усе ўмовы для работы. Гэта зусім не так. Масавага адтоку нашых спецыялістаў у іншыя краіны не будзе», — сказаў Міхаіл Жураўкоў. Міністр адукацыі дадаў, што ў 2014 годзе больш за 3,5 тысячы беларускіх студэнтаў выязджалі на стажыроўкі ў іншыя краіны, і ўсе яны паспяхова вярнуліся.

БЕЛТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІЯ ПАКАЖА «ТЭЛЕВЯРШЫНЮ»
Тэлеверсію цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў XI Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня» Белтэлерадыёкампанія пакажа 22 мая.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых тэлежурналістаў года адбудзецца ў мінскім Палацы спорту 21 мая. Мерапрыемства рыхтуе творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі, якая абяцае зрабіць свята цікавым, дынамічным і пазнавальным. «Тэлевяршыню» можна будзе ўбачыць на канале «Беларусь 1» і спадарожнікавым тэлеканале «Беларусь 24».
Заснавальнікі конкурсу — Міністэрства інфармацыі, Белтэлерадыёкампанія, Другі нацыянальны тэлеканал і Сталічнае тэлебачанне.
БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *