Маладыя і перспектыўныя

Падзеі

Медыцына ці педагогіка, сельская гаспадарка ці прамысловасць? Якая з прафесій найбольш цікавая і перспектыўная, 23 мая высвятлялі юнакі і дзяўчаты, работнікі арганізацый і ўстановаў Дзятлаўшчыны ў першым раённым конкурсе “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя”. А журы вызначала самых творчых, таленавітых і неардынарных маладых спецыялістаў.

На сцэне раённага Дома культуры сышліся ў конкурсным паядынку сем канкурсантаў: двое настаўнікаў англійскай мовы – Тарас Орсік (СШ №3 горада Дзятлава) і Таццяна Бляхнік (Наваельнянская СШ); два прадстаўнікі сельскай гаспадаркі раёна – Яўген Дворык (галоўны заатэхнік СВК “Граніт-Агра”) і Вераніка Масло (бухгалтар СВК “Русь-Агра”); адразу дзве абаяльныя прадстаўніцы Дзятлаўскага вінна-гарэлачнага завода – інжынер-тэхнолаг Таццяна Курман і юрысконсульт Вольга Дылявец; і, нарэшце, прадстаўнік адной з самых высакародных прафесій – доктар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Дзятлаўскай ЦРБ Дзмітрый Басай.
Вядучыя павіталі ўдзельнікаў спаборніцтва, гледачоў і перадалі слова намесніку старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалаю Мацюкевічу, які звярнуўся да канкурсантаў з наказам:
— Вы – маладыя, таленавітыя і перспектыўныя, вам – імкнуцца і ствараць. Помніце, што ад вашай працы і вашых поспехаў залежыць будучыня нашай краіны.
Спаборніцтва лепшых маладых спецыялістаў пачалося з конкурсу, які прайшоў папярэдне. Ім з’яўлялася хатняе заданне ўдзельнікаў – эсэ на тэму “Сваёй прафесіяй ганаруся”. Творчыя работы былі прадэманстраваны на стэндзе ў фае Дома культуры, так што і журы, і цікаўныя гледачы маглі пазнаёміцца з імі.
Другі конкурс таксама быў падрыхтаваны ўдзельнікамі загадзя, ім стала відэапрэзентацыя прафесіі і мясцовасці, дзе працуюць маладыя спецыялісты. У сваіх відэазваротах канкурсанты з экрана здзіўлялі і захаплялі журы, гледачоў сваімі рэжысёрскімі і акцёрскімі здольнасцямі, а таксама – адмысловым пачуццём гумару.
Ад знаёмства віртуальнага да рэальнага – адзін крок, а на конкурсе маладых спецыялістаў ХХІ стагоддзя – адзін конкурсны этап. Ужо ў наступным этапе паядынка “Візітная картка” прысутныя пазнаёміліся з канкурсантамі бліжэй – атрымалі экспрэс курс аказання неадкладнай дапамогі, даведаліся, чаму погляды на прафесію бацькоў і дзяцей не заўсёды супадаюць і спасціглі таямніцы вытворчага працэсу.
Пакуль мэтры дзятлаўскай сцэны далі ўдзельнікам спаборніцтва тайм-аўт, прадставіўшы прысутным сваю пазаконкурсную творчасць, журы на чале з намеснікам старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалаем Мацюкевічам выставіла балы за два стартавыя конкурсы. У склад журы першага конкурсу маладых спецыялістаў увайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Камароў, намеснікі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка і Васіль Шыцько, старшыня Дзятлаўскага райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Уладзімір Казак, юрысконсульт упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама Святлана Малышчык і першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Анастасія Чурай.
Спаборніцтва працягнулі конкурсы дасведчанасці, эрудыцыі і рыторыкі. У адным з іх удзельнікам трэба было прадэманстраваць свае грунтоўныя веды паняццяў “Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, у наступным – адказаць-паразважаць на прапанаваныя на картках пытанні.
У заключным этапе спаборніцтва надышоў час канкурсантам здзівіць прысутных сваімі творчымі здольнасцямі. Тарас Орсік паказаў сябе стваральнікам ілюзіі, Дзмітрый Басай – уладаром дыджэйскага пульта і пласцінкі, Яўген Дворык – майстрам пераўвасаблення і гутарковага жанру. Пераважная большасць канкурсантак зрабіла стаўку на сваё ўменне дэкламаваць вершы.
Канкурсанты прайшлі шэсць прыступак-этапаў да звання лепшага маладога спецыяліста. Пакуль журы раілася, удзельнікі спаборніцтва падзяліліся, што сёння для іх было найбольш складаным. Для адных найцяжэй было раскрыцца ў творчым конкурсе, для другіх – не спалохацца поспехаў сапернікаў, для трэціх – пераадолець нервовае напружанне перад выступленнем. Аднак для ўсіх аказалася самым простым і звыклым прэзентаваць сваю прафесію.
Усе канкурсанты паказалі сябе найлепшым чынам, аднак не бывае спаборніцтва без лідараў. Лепшым маладым спецыялістам 2015 года быў прызнаны настаўнік англійскай мовы і інфарматыкі СШ №3 горада Дзятлава Тарас Орсік, віцэ-чэмпіёнам з нязначным адставаннем стаў галоўны заатэхнік СВК “Граніт-Агра” Яўген Дворык, у тройку мацнейшых увайшла інжынер-тэхнолаг Дзятлаўскага вінна-гарэлачнага завода Таццяна Курман. Астатнія канкурсанты таксама атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і падарункі.
Падводзячы рысу пад першым конкурсам маладых спецыялістаў, які адбыўся на Дзятлаўшчыне ў Год моладзі, дазволю дадаць невялікае пасляслоўе, а дакладней – яшчэ адну намінацыю для самых актыўных заўзятараў, самую нераўнадушную групу падтрымкі. Самымі суперажывальнымі, на мой суб’ектыўны погляд, на працягу конкурсу былі сястра-двайнятка Веранікі Масло Анжаліка, малады чалавек Вольгі Дылявец Дзмітрый і вучнёўска-педагагічны калектыў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.
Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *