Факты. Падзеі. Навіны.

Падзеі

АДЗІНАЯ БАНКАЎСКАЯ СІСТЭМА ІДЭНТЫФІКАЦЫІ КЛІЕНТАЎ
У Беларусі прапануецца стварыць адзіную банкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі кліентаў. Гэта прадугледжана праектам указа «Аб развіцці лічбавых банкаўскіх тэхналогій і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Як растлумачылі ў Нацбанку, асноўная норма праекта ўказа ў тым, каб рэгламентаваць магчымасць правядзення ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі кліента ў банку пры другім і наступных зваротах на падставе інфармацыі, атрыманай у час першага звароту, калі чалавек уласнаручна падпісваў неабходныя дакументы. Плануецца, што банкі самі будуць вызначаць метады і формы паўторнай ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі ў адпаведнасці з правіламі ўнутранага кантролю і палітыкамі па кіраванні рызыкамі. Пры гэтым банк возьме на сябе ўсе рызыкі, звязаныя з дакладнасцю паўторнай ідэнтыфікацыі свайго кліента. «Такім чынам, банкі на базе сваіх праграмна-тэхнічных рашэнняў змогуць абслугоўваць кліента праз каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання пры другім і наступных зваротах», — падкрэслілі ў Нацбанку.
Праект указа вынесены Нацбанкам на грамадскае абмеркаванне. З дакументам можна азнаёміцца на сайце рэгулятара, тут жа можна выказаць свае прапановы, запоўніўшы спецыяльную электронную форму.

СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў ГАНДЛЁВА-ЭКАНАМІЧНАЙ СФЕРЫ
Беларусь і Саудаўская Аравія маюць намер актывізаваць супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы. Гэта пытанне абмяркоўваў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ААЭ і Саудаўскай Аравіі (па сумяшчальніцтве) Раман Галоўчанка з сустаршынёй сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі, намеснікам міністра замежных спраў Саудаўскай Аравіі па эканамічных і культурных пытаннях Юсуфам бен Тарадам аль-Саадунам.
«Бакі разгледзелі пытанні актывізацыі беларуска-саудаўскага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням падрыхтоўкі да правядзення першага пасяджэння сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Саудаўскай Аравіяй, запланаванага на 6-7 мая 2015 года ў Эр-Рыядзе», — праінфармавалі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.

МАГЧЫМАСЦЬ ПЛАЦІЦЬ У ЭЛЕКТРОННЫМ ВЫГЛЯДЗЕ ЗА РАБОТЫ І ПАСЛУГІ
У Беларусі прапануецца рэалізаваць падыход, у адпаведнасці з якім усе суб’екты, якія ажыццяўляюць работы, рэалізуюць тавары і паслугі і карыстаюцца паслугамі трэціх асоб для арганізацыі прыёму плацяжоў на іх карысць, павінны прадаставіць магчымасць насельніцтву праводзіць такія плацяжы ў электронным выглядзе. Гэта прадугледжана праектам указа «Аб развіцці лічбавых банкаўскіх тэхналогій і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Адным з найважнейшых напрамкаў развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій з’яўляецца прадастаўленне зручнага і ўніфікаванага канала правядзення масавых плацяжоў. У Беларусі такую функцыю ўзяла на сябе Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора (АРІП). Аднак цяпер фізічныя асобы пазбаўлены магчымасці правядзення ўсіх відаў плацяжоў праз АРІП. Асабліва востра стаяць пытанні па арганізацыі прыёму плацяжоў у інтэрнэце, а таксама плацяжоў у бюджэт і на карысць параўнальна невялікіх па аб’ёмах бізнэсу атрымальнікаў сродкаў, канстатавалі ў Нацбанку. Праект указа вынесены на грамадскае абмеркаванне. З дакументам можна азнаёміцца на сайце рэгулятара, тут жа можна выказаць прапановы, запоўніўшы спецыяльную электронную форму.

НАЦБАНК БЕЛАРУСІ ПАСЛЯДОЎНА ЎЗМАЦНЯЕ ГІБКАСЦЬ АБМЕННАГА КУРСА
Нацыянальны банк Беларусі паслядоўна рухаецца ў напрамку далейшага ўзмацнення гібкасці абменнага курса. У прыватнасці, вядзецца сур’ёзная падрыхтоўчая работа па пераходзе да механізма правядзення валютных таргоў у форме бесперапыннага двайнога аўкцыёну.
Прынятыя ўжо меры макраэканамічнай карэкціроўкі, у тым ліку пераход да больш гібкай курсавой палітыкі, садзейнічалі стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку. Пры гэтым чыстая прапанова замежнай валюты сфарміравала дадатнае сальда валютных інтэрвенцый Нацыянальнага банка за першы квартал 2015 года, праінфармавалі ва ўпраўленні.
Грашова-крэдытная палітыка ў першым квартале была накіравана, галоўным чынам, на падтрыманне макраэканамічнай устойлівасці і запаволенне інфляцыі. Дынаміка спажывецкіх цэн не выходзіла за межы ўстаноўленага мэтавага параметра на 2015 год — 18 працэнтаў з дапушчальным адхіленнем у памеры 2 працэнтныя пункты.

У БЕЛАРУСІ БУДУЦЬ ПЕРАРАЗЛІЧАНЫ ПАМЕРЫ ПАВЫШЭННЯЎ, НАДБАВАК І ДАПЛАТ ДА ПЕНСІЙ
У Беларусі з 1 мая будуць пераразлічаны памеры павышэнняў, надбавак і даплат да пенсій у сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). Аб гэтым паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна на анлайн-канферэнцыі.
Адказваючы на пытанне аб тым, ці чакаецца ў маі чарговае павышэнне пенсій, Мар’яна Шчоткіна праінфармавала: «На перыяд з 1 мая па 31 ліпеня будзе ўстаноўлена новая велічыня бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Зыходзячы з гэтай велічыні з 1 мая будуць пераразлічаны памеры павышэнняў, надбавак і даплат, што выплачваюцца да пенсій. Адначасова з гэтай даты будуць пераразлічаны сацыяльныя і мінімальныя працоўныя пенсіі, памеры якіх таксама вылічваюцца зыходзячы з велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму».

БЕЛАРУСКІ СПАДАРОЖНІК СУВЯЗІ
Беларускі спадарожнік сувязі «Белінтэрсат 1» плануецца запусціць да сакавіка 2016 года. Аб гэтым паведаміў намеснік дырэктара па развіцці, кіраўнік праекта РВУП «Завод дакладнай электрамеханікі» Андрэй Абрамаў.
«Беларуска-кітайскі праект па стварэнні нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Беларусі стартаваў у 2013 годзе. Запусціць спадарожнік мы плануем у перыяд са снежня 2015 года па сакавік 2016 года», — растлумачыў Андрэй Абрамаў.
Паводле яго слоў, далей будзе ісці этап арбітальных выпрабаванняў. «Пасля прыёмкі спадарожніка на арбіце мы ўжо будзем гатовы пастаўляць паслугі спажыўцам. Планава гэта будзе ў пачатку другога квартала 2016 года. Праўда, мы плануем прапанаваць аказваць паслугі сувязі да запуску беларускага спадарожніка, выкарыстоўваючы рэсурсы спадарожніка кампаніі-партнёра. Цяпер мы якраз знаходзімся ў працэсе выбару такога партнёра, які прапануе мінімальныя цэны для нашых заказчыкаў», — адзначыў ён.
«Наш праект экспартна арыентаваны, і нас цікавіць максімальны продаж рэсурсу спадарожніка спажыўцам. Заказчыкам Беларусі мы можам прапанаваць стварэнне ўласных карпаратыўных сетак сувязі з выкарыстаннем нашага спадарожніка. Таксама будуць прапаноўвацца ўсе сучасныя тэлекамунікацыйныя сэрвісы — выхад у інтэрнэт, перадача даных, голас, тэлефанія, нізкаскорасная тэлеметрыя», — падкрэсліў Андрэй Абрамаў. Ён паведаміў, што праект «Белінтэрсат» — дзяржаўны праект.

БЕЛАРУСЬ І ПОЛЬШЧА АКТЫВІЗУЮЦЬ УЗАЕМАДЗЕЯННЕ
Беларусь і Польшча падпісалі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджання катастроф, стыхійных бедстваў, іншых надзвычайных сітуацый, а таксама ліквідацыі іх наступстваў.
«Пагадненне дасць магчымасць актывізаваць беларуска-польскае ўзаемадзеянне ў галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый, у прыватнасці па такіх напрамках супрацоўніцтва, як аказанне ўзаемнай дапамогі ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, абмен вопытам у галіне прадухілення прыродных і тэхнагенных катастроф, падрыхтоўка і правядзенне сумесных вучэнняў, абмен інфармацыяй аб пагрозе і наступствах надзвычайных сітуацый», — растлумачылі ў МНС.
Як паведамлялася, у Беластоку прайшло дзясятае пасяджэнне беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах трансгранічнага супрацоўніцтва. У час сустрэчы прадстаўнікі краін падвялі вынікі ўзаемадзеяння, а таксама абмеркавалі планы работы беларуска-польскай падкамісіі па справах прыгранічнага супрацоўніцтва.

БОЛЬШ ЗА 400 ШКОЛЬНІКАЎ ПРЫНЯЛІ ЎДЗЕЛ У КОНКУРСЕ ЧЫТАЛЬНІКАЎ
Больш за 400 школьнікаў 9-11 класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі прынялі ўдзел у конкурсе чытальнікаў «Не гасне памяці свечка», прымеркаваным да 70-годдзя Перамогі. Фінальны этап конкурсу прайшоў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
Канкурсанты чыталі паэтычныя, празаічныя, а таксама драматычныя творы на рускай або беларускай мовах, у тым ліку і ўласныя. У склад журы былі ўключаны заслужаны артыст Беларусі Мікалай Лявончык, рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць» Ірына Чарняўская, дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі БДПУ Васіль Старычонак.
Пераможцы, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы, узнагароджаны каштоўнымі прызамі: планшэтамі, электроннымі кнігамі, смартфонамі. Усім фіналістам уручылі кампакт-дыскі з запісамі лепшых выступленняў. Па выніках конкурсу будзе выдадзены зборнік прачытаных твораў.
Мэтай конкурсу чытальнікаў «Не гасне памяці свечка» з’яўляецца развіццё творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу моладзі, фарміраванне грамадзянска-патрыятычных пазіцый.

МІНАДУКАЦЫІ ЗАЦВЕРДЗІЛА НІЖНЯЕ ПАРОГАВАЕ ЗНАЧЭННЕ АДЗНАК ЦТ
Адзнакі, прыраўнаваныя да нездавальняючых па выніках ЦТ (так званае ніжняе парогавае значэнне адзнак ЦТ), зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі Беларусі ад 8 красавіка 2015 года нумар 17.
У 2015 годзе нездавальняючымі адзнакамі ўстаноўлены: па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 14; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 19; па другім прадмеце профільнага іспыту: матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 9; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 14.
Руская мова, беларуская мова — ад 0 да 9, выключаючы некаторыя філалагічныя спецыяльнасці.
Ніжнія парогавыя значэнні ў ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў ВНУ па групах спецыяльнасцей «Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства», «Сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый», «Меліярацыя і водная гаспадарка», «Аграінжынерыя», у МУС (толькі на месцы дадатковага набору) — устаноўлены ад 0 да 4 балаў.

НАВУКОЎЦЫ З КІТАЯ ЎПЕРШЫНЮ МАДЫФІКАВАЛІ ГЕНЫ ЭМБРЫЁНА ЧАЛАВЕКА
Упершыню кітайскімі навукоўцамі была праведзена мадыфікацыя генаў чалавека. Даследаванні былі накіраваны на змяненне праблемнага гена ў эмбрыёне чалавека, які адказвае за развіццё ?-таласеміі.
З такімі парушэннямі дзіця альбо гіне яшчэ ўнутрычэраўна, альбо хутка пасля нараджэння. У эксперыменце выкарыстоўвалі нежыццяздольныя эмбрыёны, атрыманыя з мясцовых клінік.
Для выпраўлення ДНК выкарыстоўвалася методыка CRISPR / Cas9 — эмбрыёнам уводзілі ферментны комплекс, які і выклікаў запланаваную змену асобных клетак ДНК малекулы. Па заканчэнні 48 гадзін эксперыменту, навукоўцы выявілі, што з адабраных для эксперыменту 86 эмбрыёнаў у «жывых» застаўся 71 эмбрыён, а пасля заканчэння працэсу «выжылі» толькі 4 эмбрыёны з доследных, і толькі ў гэтых 4-х выпадках праблемны ген у малекуле ДНК быў паспяхова замешчаны.
Як паведамілі навукоўцы, эксперымент прыйшлося згарнуць, бо пасля паспяховага замяшчэння праблемнага гена ГБД, малекула ДНК нечакана пачала мяняць структуру на сваіх іншых участках.

ПОЛ МАКАРТНІ СТАЎ САМЫМ БАГАТЫМ МУЗЫКАМ ВЯЛІКАБРЫТАНІІ
У Вялікабрытаніі назвалі імёны самых багатых музыкаў паводле версіі «Sunday Times».
Спіс узначальвае Пол Макартні — у яго 1,1 мільярда долараў. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што асаблівая заслуга ў гэтым першынстве належыць жонцы музыканта. Амерыканская спадчынніца буйной аўтатранспартнай кампаніі прынесла ў сямейны бюджэт 225 мільёнаў долараў.
На другім радку рэйтынгу «адпетых» мільярдэраў — аўтар легендарных мюзіклаў Эндру Лойд Уэбер. «Прывід оперы», «Кошкі», «Исус Хрыстос — Суперзорка» — усяго 18 тэатральных пастановак, якія з аншлагам ідуць па ўсім свеце, прынеслі яму прыбытак у 976 млн долараў.
Замыкаюць тройку багатых і знакамітых ірландскія рокеры U2. Каманда ў суме зарабіла 637 млн. долараў.

У ЧЫЛІ ПАЧАЛОСЯ ВЫВЯРЖЭННЕ ВУЛКАНА КАЛЬБУКА
Вулкан Кальбука на поўдні Чылі выкінуў попел на вышыню 20 км. У раёне вывяржэння аб’яўлены найвышэйшы, чырвоны, узровень небяспекі.
Каб пазбегнуць катастрофы, улады Чылі адмянілі ў зоне вывяржэння вулкана палёты самалётаў. З небяспечных раёнаў праводзіцца эвакуацыя 5 тыс. чалавек, грамадзянскаму насельніцтву забаронена знаходзіцца ў радыусе 20 км ад вулкана.
Мясцовыя ўлады заявілі, што ні каменных, ні лававых патокаў пакуль заўважана не было, вулкан выкідвае толькі попел. Чылійскі горад Пуэрта-Монт, які знаходзіцца паблізу, поўнасцю ахутаны воблакам попелу. Пацярпелых сярод насельніцтва няма.
Вулкан Кальбука знаходзіцца за 900 км ад сталіцы Чылі Сант’яга.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *