Факты. Навіны. Падзеі

Падзеі

ПАКЕТ ЗАКОНАПРАЕКТАЎ АБ АЛЬТЭРНАТЫЎНАЙ СЛУЖБЕ
Альтэрнатыўную службу ў Беларусі плануецца ўвесці толькі для тых, хто не можа праходзіць тэрміновую службу ў арміі па рэлігійных перакананнях. У кожным канкрэтным выпадку гэта пытанне будуць вырашаць прызыўныя камісіі. У прыватнасці, удакладнены палажэнні па часе выканання абавязкаў альтэрнатыўнай службы. Альтэрнатыўшчыкі будуць бясплатна атрымліваць медпрэпараты пры лячэнні па аналогіі з ваеннаслужачымі тэрміновай службы. Праходзячым альтэрнатыўную службу дадуць і права заставацца ў чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў на працягу ўсёй службы і яшчэ адзін год пасля яе.
У адпаведнасці з існуючай міжнароднай практыкай у законапраекце закладзены сацыяльны характар альтэрнатыўнай службы, прапісана, што яе можна будзе праходзіць у арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельскай гаспадаркі і г.д.
Закон аб альтэрнатыўнай службе, як плануецца, уступіць у сілу з 1 ліпеня 2016 года. За тры гады (у 2012, 2013 і 2014) у Беларусі выказаў жаданне праходзіць альтэрнатыўную службу 61 чалавек, у тым ліку ў 2014 годзе — 28 чалавек.

ЗМЯНЕННІ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ АБ АХОВЕ І ВЫКАРЫСТАННІ ЗЯМЕЛЬ
Паводле словаў Міхаіла Русага, урад унёс на разгляд кіраўніка дзяржавы шэраг узгодненых са старшынямі аблвыканкамаў прапановаў па больш эфектыўным выкарыстанні зямельных участкаў у краіне.
Ён адзначыў, што адзін з асноўных напрамкаў — гэта абарона правоў грамадзян ад нядобрасумленных забудоўшчыкаў. У прыватнасці, унесена прапанова, што ў выпадку калі нядобрасумленны забудоўшчык не выканаў свае абавязкі, зямельны ўчастак не выстаўляецца паўторна на аўкцыён. Тым самым не адбудзецца падаражэнне будаўніцтва, участак аператыўна перадаецца іншаму забудоўшчыку, і людзі атрымліваюць жыллё за ранейшы кошт.
Акрамя таго, прапануецца ўскласці на мясцовыя органы ўлады вырашэнне некаторых пытанняў, звязаных з абаронай правоў пэўных катэгорый грамадзян.
«Кіраўнік дзяржавы даў даручэнні па шэрагу напрамкаў. Асабліва адносна старога жылля, незаконна пабудаванага. Урад будзе ўносіць змяненні пакетным прынцыпам у шэраг дакументаў», — сказаў Міхаіл Русы. Ён адзначыў, што на працягу месяца ўрад дапрацуе праект указа, якім прапануецца ўнесці змяненні ў заканадаўства аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў.

ПАРЛАМЕНЦКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ ІНДАНЕЗІІ НАВЕДАЛА БЕЛАРУСЬ
Парламенцкая дэлегацыя Інданезіі на чале са спікерам Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі Інданезіі Ірманам Гусманам 24-26 мая наведала з афіцыйным візітам Беларусь.
Візіт афіцыйнай дэлегацыі адбыўся па запрашэнні Савета Рэспублікі. Праграмай візіту былі прадугледжаны сустрэчы кіраўніка дэлегацыі са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым.
Акрамя таго, дэлегацыя наведала шэраг прадпрыемстваў, сацыяльна значных і гісторыка-культурных аб’ектаў.

АГЕНЦТВА ПА КАСМІЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯХ
На пасяджэнні Прэзідыума НАН Беларусі было прынята рашэнне аб стварэнні агенцтва па касмічных даследаваннях на базе акадэміі. Можна сказаць, што яно ўжо існуе. Усе партнёры акадэміі па касмічных даследаваннях у сваіх краінах ужо маюць такія агенцтвы.
У яго склад увойдзе навукова-інжынернае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» і Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі. Безумоўна, будзе супрацоўніцтва і з іншымі ведамствамі і арганізацыямі, напрыклад, Мінсувязі, Дзяржваенпрамам. Разам будзем працаваць у галіне касмічных даследаванняў і атрымліваць максімальную аддачу, рабіць касмічныя даследаванні больш эфектыўнымі для краіны. Агенцтва будзе каардынаваць работы, якія праводзяцца з выкарыстаннем космасу, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, распрацоўваць планы далейшых даследаванняў.

МІНСК УЗНАЧАЛІЎ У РАСІЯН РЭЙТЫНГ ПЕРАВАГ ЛЕТНІХ ТУРНАПРАМКАЎ
Высветлілася, у якія гарады СНД больш за ўсё расіян адправяцца на адпачынак летам 2015 года. Рэйтынг прадстаўлены на падставе дадзеных браніравання гасцініц з 1 чэрвеня па 31 жніўня 2015 года турыстамі, якія падарожнічаюць без дапамогі турфірмаў.
У першую дзясятку гарадоў СНД па папулярнасці летніх паездак уваходзяць Мінск, Ерэван, Баку, Кішынёў, Алматы, Кіеў, Астана, Віцебск, Бішкек і Адэса.
Паводле дадзеных, у Мінск летам расійскія турысты адправяцца ў сярэднім на чатыры дні і патрацяць на пражыванне ў гасцініцах амаль $80 у суткі, у Ерэване — $55 у суткі, а ў Баку — $60 у суткі. Самая бюджэтная сталіца ў СНД — Кішынёў ($35 у суткі), а самая дарагая — Астана ($93 у суткі).
Як адзначаецца ў даследаванні, у краіны СНД расійскія турысты адправяцца на адпачынак летам у сярэднім на чатыры дні і патрацяць на пражыванне 3 тысячы расійскіх рублёў у суткі, што роўна сярэднім затратам на летні адпачынак у Расіі.

БАЦЬКОЎСКІ СХОД НА ТЭМУ ДАСТУПНАСЦІ ІНТЭРНЭТ-РЭСУРСАЎ ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ
У Гродзенскай вобласці адбудзецца абмеркаванне тэмы даступнасці інтэрнэт-рэсурса. Прапанова правесці абласны бацькоўскі сход на гэту тэму прагучала на міжведамасным пасяджэнні круглага стала з удзелам старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях бяспекі дзяцей.
Адной з праблем, якія ўплываюць на бяспечныя паводзіны дзяцей, выхаваўчы працэс, на думку ўдзельнікаў пасяджэння, з’яўляецца даступнасць разнастайных інтэрнэт-рэсурсаў. Па-ранейшаму дзецям даступны сайты, здольныя нанесці ім шкоду. Праз шэраг рэсурсаў дзяцей могуць ўцягнуць у супрацьпраўную дзейнасць, аказаць маральны ўплыў і г. д. На думку намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Лісковіча, мэтазгодна падтрымаць прапанову ўпраўлення адукацыі аб тым, каб любымі спосабамі абмяжоўваць доступ дзяцей да такіх рэсурсаў, праводзіць працу з бацькамі з мэтай павысіць іх увагу да дзіцячай занятасці, альбо нават ініцыяваць прыняцце на ўзроўні рэспублікі мераў па блакаванні шкодных сайтаў аж да стварэння спецыяльнай службы, якая будзе гэтым займацца. Аднак спачатку неабходна правесці грамадскае абмеркаванне гэтых пытанняў.

СУМЕСНАЯ ВЫТВОРЧАСЦЬ ВЕЛАСІПЕДАЎ
Беларусь і Бранская вобласць плануюць стварыць сумесную вытворчасць веласіпедаў. Аб гэтым паведаміў у час прэзентацыі знешняй эканамічнай дзейнасці Бранскай вобласці ў Мінску часова выконваючы абавязкі губернатара Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз.
«Мы прадстаўляем нашу выставу, перадавыя прадпрыемствы ў сельскагаспадарчай і прамысловай галінах. Нам важна, каб беларускія партнёры больш даведаліся пра нашы магчымасці», — падкрэсліў Аляксандр Багамаз.
У час выстаўкі прагучала прапанова кіраўніцтва Жукоўскага веламотазавода аб стварэнні сумеснай вытворчасці. «Прадстаўнікі беларускага боку зацікавіліся, у вас жа таксама ёсць падобны завод і чаму б нам не стварыць сумеснае прадпрыемства? Лічу, гэта будзе рэалізавана», — адзначыў ён.
Гаворачы аб сельскай гаспадарцы свайго рэгіёна, Аляксандр Багамаз падкрэсліў, што гэта галіна развіваецца дынамічна. Рост складае 20-30 працэнтаў у год. «Нам цяпер неабходна тэхніка, якая дае магчымасць працаваць на ўзроўні сусветных стандартаў, і нашы сельгасвытворцы разумеюць, што беларуская тэхніка не ўступае імпартным аналагам, але таннейшая ў разы, — сказаў ён. — Гэта дае яшчэ адзін шанц на развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Беларуссю».

ВЫСТАВА «ВАСІЛЬ БЫКАЎ. ДОЎГАЯ ДАРОГА ДАДОМУ» АДКРЫЛАСЯ Ў МАСКВЕ
У аснову створанай Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры экспазіцыі пакладзена апошняя кніга Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», а таксама матэрыялы аб яго творчасці з фондаў музея — рукапісы, дакументы, пісьмы, малюнкі, кнігі з аўтографамі пісьменніка.
Дырэктар музея Лідзія Макарэвіч назвала сімвалічным, што гэта выстава праходзіць у расійскай сталіцы. Яна нагадала, што менавіта ў Маскве прыйшло да Васіля Быкава прызнанне як пісьменніка, тут выдаваліся спачатку ў часопісе «Новый мир», а потым і асобнымі кнігамі яго бессмяротныя творы.
Выставай аб творчасці Васіля Быкава пасольства адкрыла цыкл «Знакамітыя імёны нашай Бацькаўшчыны», які ў далейшым прадставіць творчасць іншых выдатных дзеячаў беларускай культуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхаіла Агінскага, Івана Хруцкага і іншых.
Выстава падрыхтавана ў ходзе святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Яна будзе экспанавацца ў беларускай дыпмісіі да 12 чэрвеня.

ЗАРАЖЭННЕ КАРАНАВІРУСАМ ПАЦВЕРДЖАНА
Медыкі ў Паўднёвай Карэі зафіксавалі трэці па ліку выпадак заражэння блізкаўсходнім рэспіраторным каранавірусным сіндромам (БВРС-КоВ) у краіне за апошні час.
«Апошні выпадак выяўлены ў 76-гадовага мужчыны, які знаходзіўся ў адной палаце з пацыентам, у якога раней быў пацверджаны MERS (БВРС-КоВ)», — гаворыцца ў паведамленні агенцтва Ренхап са спасылкай на карэйскае ўпраўленне па кантролі і прадухіленні захворванняў.
Паведамляецца, што ў 76-гадовага мужчыны быў зафіксаваны моцны жар. Раней медыкі пацвердзілі інфармацыю, што жонка 68-гадовага пацыента таксама захварэла вірусам.
Усяго СААЗ зафіксавала 1116 лабараторна пацверджаных выпадкаў захворвання MERS-КоВ, 423 заразіліся і памерлі. Арганізацыя пакуль не рэкамендуе абмяжоўваць перамяшчэнне людзей у краінах, дзе было зафіксавана захворванне.
Новая каранавірусная інфекцыя ўпершыню была зафіксавана ў Саудаўскай Аравіі ў 2012 годзе. Вірус закрануў як мінімум дзевяць краін: Саудаўскую Аравію, Катар, Іарданію, Францыю, Германію, Вялікабрытанію, ААЭ, Туніс і Італію.
Вірус распаўсюджваецца, як і вірус грыпу, паветрана-кропельным шляхам. У заражаных назіраліся жар, кашаль, адышка і абцяжаранае дыханне, аднак пакуль невядома, ці з’яўляюцца гэтыя сімптомы тыповымі для дадзенага захворвання. Пакуль вакцын супраць MERS-КоВ не існуе.

КАЛІФАРНІЙСКАЯ АКРУГА САНТА-БАРБАРА АБ’ЯЎЛЕНА ЗОНАЙ БЕДСТВА
Губернатар Каліфорніі Джэры Браўн аб’явіў зонай бедства акругу Санта-Барбара ў сувязі буйным разлівам нафты. Адпаведны ўказ абнародаваны ў сталіцы штата — Сакрамента.
«Гэта мера дасць магчымасць прыняць надзвычайныя меры і дапаможа хутка мабілізаваць існуючыя рэсурсы, — заявіў губернатар. — Мы зробім усё неабходнае для абароны ўзбярэжжа Каліфорніі».
На нафтаправодзе за 34 км на захад ад курортнага горада Санта-Барбара адбыўся разрыў трубы, і з яе пачала паступаць нафта, якая хутка разлілася па пляжы. Значная колькасць нафты трапіла ў ваду. У той жа дзень разрыў быў ліквідаваны, пачаліся работы па зборы нафты ў вадзе і на беразе.
Паводле прадстаўленых дадзеных, з нафтаправода вылілася 2,5 тыс. барэляў сырой нафты. Пры гэтым прыбярэжная паласа ў раёне пляжа забруджана на працягласці 14,5 км. Значная колькасць нафты застаецца ў вадзе.
Паведамляецца, што ўцечка стала самай значнай за 18 гадоў.

АМЕРЫКАНСКІЯ РАЗВЕДЧЫКІ ЧАСТКОВА АПУБЛІКАВАЛІ АРХІЎ БЕН ЛАДЭНА
З даступных публіцы дакументаў вынікае, што ў «Аль-Каідзе» быў бланк анкеты для прыёму на службу, а тэрарыст нумар адзін да апошняга планаваў тэракты супраць «няверных». У адной з папераў гаворыцца, што некаторыя акцыі не ўдалося рэалізаваць. І гаворка ішла ў тым ліку пра цэлі ў Расіі. «Аль-Каіда» планавала ўзарваць газаправод або амерыканскае пасольства. Шматлікія дакументы датычацца актыўнасці тэрарыстаў у Пакістане і Афганістане і змяшчаюць хвалу радыкальнаму руху «Талібан».
Нагадаем, Бен Ладэн быў забіты амерыканскімі вайскоўцамі ў Абатабадзе ў маі 2011. Менавіта ён лічыцца арганізатарам тэрактаў 11 верасня 2001 у ЗША.
БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *