Дзмітрый Жых узнагароджаны знакам «За поспехі ў працы»

Падзеі

З ініцыятывы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў сакавіку ў Мінску прайшоў форум працоўнай моладзі. Праграма мерапрыемства ўключала экскурсію па ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», прэзентацыю работы пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» гэтага прадпрыемства, адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня», цырымонію ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў.

Сярод дэлегатаў з Гродзеншчыны нагрудным знакам ГА «БРСМ» «За поспехі ў працы» быў узнагароджаны наш зямляк Дзмітрый Дзмітрыевіч Жых, механізатар СВК «Граніт-Агра», які з 2007 года неаднаразова станавіўся прызёрам раённых моладзевых спаборніцтваў на жніве, а па выніках 2014 года стаў абласным лідарам. Такую ж узнагароду атрымала дэлегат са Шчучынскага раёна Алена Іосіфаўна Скорб, настаўніца пачатковых класаў Дзямброўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Ганаровую грамату Цэнтральнага камітэта і залаты значок ГА «БРСМ» уручылі Вользе Вячаславаўне Колб, начальніку ўчастка па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання цэха рамонтна-тэхнічнага абслугоўвання ААТ «Белкард».

Таксама лідары Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі заклалі яблыневы сад на месцы, дзе ў гады фашысцкай акупацыі знаходзіўся лагер смерці «Трасцянец». Такім чынам , працоўная моладзь прадпрыемстваў і арганізацый падтрымала новы патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі», прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сімвалічна і тое, што былі высаджаны 70 яблыневых дрэўцаў.

Для ўдзельнікаў форуму адбыўся канцэрт аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга і праграма «Уладзімір Высоцкі. Лепшае».

Падрыхтавала да друку І. ЛЕАНІДАВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *