Абмеркавалі праблемы прававой адукаванасці насельніцтва

Здарэнні і бяспека

На базе рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда» прайшоў абласны вучэбна-метадычны семінар з пракурорскімі работнікамі, галоўнымі рэдактарамі, карэспандэнтамі рэгіянальных і абласных газет па пытаннях асвятлення дзейнасці прававых органаў, павышэння прававой культуры насельніцтва.
На пачатку мерапрыемства для гасцей была арганізавана экскурсія ў музей газеты «Гродзенская праўда», дзе яны даведаліся аб гісторыі стварэння газеты, былых работніках рэдакцыі, у ліку якіх і былы карэктар выдання, знакаміты беларускі пісьменнік Васіль Быкаў.
Першым удзельнікаў семінара павітаў В. Марозаў, пракурор Гродзенскай вобласці. Ён расказаў аб пытаннях, вынесеных на парадак дня.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама П. Скрабко прапанаваў паглядзець відэа-інтэрв’ю з жыхарамі абласнога цэнтра «Адкуль вы даведваецеся прававую інфармацыю?». Таксама ён патлумачыў асаблівасці напісання артыкулаў на прававую тэматыку, патрабаванні да іх, алгарытм работы акрэдытаваных журналістаў.
П. Сухарукаў, галоўны рэдактар газеты «Гродзенская праўда» расказаў аб новым штомесячным дадатку «Прававы эксперт», які нядаўна пачаў выдавацца, паколькі для чытачоў у прэсе асабліва актуальнай з’яўляецца крымінальная інфармацыя. На старонках «Прававога эксперта» друкуюцца найбольш рэзанансныя на Гродзеншчыне здарэнні.
Старшы памочнік пракурора вобласці па прававым забеспячэнні, інфармацыі і грамадскіх сувязях В. Ігнацік засяродзіў увагу журналістаў на тым, што сёння варта павышаць якасць падачы прававой інфармацыі, патрэбны артыкулы-роздумы, артыкулы на тэму маралі, прэса павінна рэагаваць на рост злачынстваў у той ці іншай сферы адпаведнымі артыкуламі.
Журналісты рэгіянальных і абласных газет мелі магчымасць падзяліцца вопытам сваёй работы. Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці Б. Пракопчык расказаў, як яму ўдаецца адшукваць цікавыя тэмы для прававых артыкулаў, апошнія і найбольш адметныя з якіх «Зайцы аб’ядналіся»ВКонтакте» (як безбілетнікі стварылі групу «ВКонтакте», дзе папярэджваюць, на якіх станцыях чакаць кантралёраў), «Перамога над агнём» (як пагарэльцам дапамаглі дзясяткі людзей), «Нябёсы загадалі выжыць» (пра затрыманне бандыцкай групоўкі ў наш час, геройскі лёс пакалечанага міліцыянера).
Напрыканцы сустрэчы работнікі пракуратуры адказалі на пытанні журналістаў.
І. СТЫРНІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *