У сталіцу паедзе Мікалай Райко

Падзеі

Алеся Чурай, Ірына Гапоненка, Мікалай Райко — гэтыя маладыя выканаўцы па выніках раённага этапу конкурсу «Новыя імёны Беларусі» прадставілі Дзятлаўшчыну на абласным адборы.

 

Усяго тут выступілі 63 вакалісты з усіх рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, у абласным фінале — 19 выканаўцаў. Сярод іх Мікалай Райко і Ірына Гапоненка.

Фінальны канцэрт прайшоў у Гродзенскім каледжы мастацтваў. Прысутнічаў на ім і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

Ацэньвала выканаўцаў прафесійнае журы — Эдуард Ханок, Саша Нэма, дуэт — Аляксандра і Канстанцін. У рэспубліканскім праслухоўванні конкурсу, якое, як мяркуецца, пройдзе 18 красавіка, прымуць удзел 7 выканаўцаў з Гродзеншчыны. У ліку іх і інжынер-энергетык з СВК «Граніт-Агра» Мікалай Райко.
— На такі вынік, шчыра кажучы, не спадзяваўся, — гаворыць Мікалай, — паколькі ўсе 19 выканаўцаў добра спяваюць, практычна ва ўсіх — музычная адукацыя. Выканаўцаў-аматараў было толькі некалькі чалавек.
— Мікалай, з якой песняй выступалі?
— Выканаў песню «Не пытай» з рэпертуара украінскай групы «Акіян Эльзы». Вырашыў, што менавіта яна «кладзецца на душу», падыходзіць для конкурсу.
— А што будзеце спяваць на рэспубліканскім адборы?
— Пакуль не рашыў, яшчэ буду працаваць над гэтым. Мяркую падабраць моцную песню, каб раскрыць голас, нават чымсьці здзівіць.
— Напэўна, за вас «хварэлі», падтрымлівалі вашы родныя, сябры…
— Так. Турбаваліся ўсе, паколькі хваляванняў было шмат, асабліва перад фінальным канцэртам. 19 выканаўцаў, усе распяваюцца. Атмасфера не з лепшых.
— Як спраўляліся з гэтым?
— Стараўся пабыць сам-насам.
— Мікалай, а ці ёсць у вас талісман, які дапамагаў вам?
— Ёсць. Гэта мая дзяўчына. У час канцэрта яна нябачна была побач са мной.
— А ў цэлым якія ўражанні ў вас ад мерапрыемства?
— Толькі добрыя. Конкурс цікавы. Атмасфера — цёплая, сяброўская. Арганізацыя — на высокім узроўні. У час фінальнага канцэрта кожны нумар удзельніка суправаджаўся падтанцоўкай або відэасуправаджэннем. Маё выступленне — пескаграфіяй у выкананні Ганны Каханоўскай. Усё гэта падарыла толькі добрыя ўражанні.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *