Самабытная песня жалейкі

Падзеі

Ранейшае вясковае жыццё немагчыма было ўявіць без песні. У ёй — паэтычная творчасць народа: каларытная, багатая на яркія вобразы, якія з’яўляліся сімваламі чалавечай душы, жыцця, узаемаадносін з навакольным светам.
«Ой, мамачка вішня, ці ж я ў цябе лішня, аддала мяне родна мамачка там, дзе я не прывычна», — некалі спявалі нявесты, выходзячы замуж. Пазней вясельная песня стала проста песняй, якую спявалі на вячорках, ідучы на працу, седзячы вечарам за кроснамі. Гэтыя песні слухалі дзеці, мелодыя і вершы адкладваліся ў іх памяці, каб і праз многія гады нагадаць пра сябе.
Вось і ад сваёй бабулі пачуў мелодыі народнай песні Канстанцін Станіслававіч Глоцька — былы настаўнік біялогіі, цяперашні аматар гісторыі.

Ён нарадзіўся і вырас у Кажухоўцах, там жыве і цяпер. І расказваючы пра сябе, пра лёс вёскі, вініць сябе за тое, што не змог захаваць летапіс роднай мясцовасці, гісторыю якой чуў ад сваіх бацькоў, іншых вяскоўцаў.
Канстанцін нарадзіўся ў 1939 годзе, за два гады да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На яе франтах ваяваў яго тата — Станіслаў Іванавіч. Ужо ў мірны час ён працаваў дома на вялікай гаспадарцы. Летнім ранкам, выязджаючы ў поле, браў з сабой і сына. Для забаўкі рабіў яму жалейкі, дудачкі — з чароту, саломкі, паказваў, як трэба іграць. Спачатку для Канстанціна гэта было проста гульнёй, і жалейка ў яго руках не спявала, а проста выдавала нейкія асобныя гукі. Аднак, неяк пабачыўшы канцэрт аркестра, які прыехаў выступаць у родныя Кажухоўцы, ён захапіўся музыкай усур’ёз. І папрасіў бацьку зрабіць жалейкі з дрэва.

Мінула шмат гадоў, а тыя дзве жалейкі, як напамін пра бацьку, і сёння ёсць у Канстанціна Станіслававіча. Да адной з жалеек бацька дадаў ражок — для ўзмацнення гуку. Ражок зроблены з каровінага рога — адпаліраванага і ўпрыгожанага разьбой. У тандэме з жалейкай ён выдае гук, падобны на гучанне шатландскай валынкі.

Неаднаразова гучала самабытная песня бацькавых жалеек — у час канцэртаў на раённай і абласной сцэнах, фальклорных фестывалях. Як самабытны выканаўца Канстанцін Станіслававіч узнагароджваўся дыпломамі і граматамі.

Адмыслова іграць не толькі на жалейцы, але і на баяне, гармоніку, ён навучыўся ўжо ў час вучобы ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. Актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці сваёй «альма-матэр», а таксама ў творчым калектыве «Свіцязь», які працаваў у Навагрудскім доме культуры. Калектыў выступаў з гастролямі, у тым ліку і ў Польшчы. Пасля закрыцця вучылішча у Навагрудку, Канстанцін Станіслававіч вучыўся ў Пінску, удзельнічаў у калектыве » Палескія зоры», харавой групай якога кіраваў Адам Станіслававіч Чопцык , які пазней на працягу многіх гадоў кіраваў гродзенскім калектывам «Нёман».

А на малой радзіме, у Кажухоўцах, Канстанціна Станіслававіча чакалі родныя і блізкія. І, як каштоўны падарунак, бабуля Тахвіля — так звалі яе на вясковы лад, дарыла ўнуку, калі ён прыязджаў дахаты, кавалак белага хлеба.
— Жывучы ў час вучобы ў горадзе, — узгадвае Канстанцін Станіслававіч, — я мог дазволіць сабе купіць белы хлеб. Аднак у разуменні маёй бабулі, якая перажыла вайну, цяжкі пасляваенны час, — гэта быў дэфіцыт, каштоўнасць. І ў мой прыезд яна дарыла мне гэты хлеб з усёй любоўю і цеплынёй душы.

Ужо працуючы настаўнікам, дырэктарам Азяранскай школы, Канстанцін Станіслававіч, не згубіў творчую жылку, працягваў займацца мастацкай самадзейнасцю. Пад яго кіраўніцтвам у Кажухоўцах нават дзейнічаў творчы калектыў, артысты якога, вяскоўцы, выступалі з тэатральнымі пастаноўкамі, спявалі, ігралі на музычных інструментах — баянах, скрыпках. Канстанцін Станіслававіч — на жалейцы.

Пераняўшы ад бацькі самабытны талент ігры на гэтым народным музычным інструменце, Канстанцін Станіслававіч, на жаль, не пераняў майстэрства іх вырабу. «На той час, — гаворыць мой суразмоўца, — я яшчэ не разумеў, якая гэта культурная каштоўнасць — народнае майстэрства, якім талентам валодае мой бацька. Памятаю толькі, што жалейкі ён выразаў з алешыны або з лазы, а дакладней з аднаго з яе відаў. Спачатку адтуліны на жалейцы выпальваліся, а затым ужо бацька акуратна прарэзваў іх — «небяспечнай» брытвай. І жалейка пачынала іграць, і гэта пры тым, што бацька не меў ніякай музычнай адукацыі. Рабіў бацька і свістулькі для вясковых дзяцей з маладой хвоі.

Увогуле, у вёсцы ў тыя гады было шмат музыкаў-самавучак, таленавітых людзей. Пры ўсёй сваёй занятасці, цяжкай паўсядзённай працы тагачасныя людзі знаходзілі час для творчасці. Вядома, тады не было ні тэлевізара, ні інтэрнэта. Людзі былі свабодныя ад усяго гэтага. І ў вольны час яны не проста сядзелі склаўшы рук, а займаліся рукадзеллем, спявалі, хадзілі адзін да аднаго ў госці.»

Некалі, узгадвае Канстанцін Станіслававіч, у Кажухоўцах было 150 хатаў, жыло каля пяцісот чалавек. У вёсцы працавала пачатковая школа. Пасля вайны тут вучыўся і Канстанцін. У першы клас ён пайшоў у дзевяцігадовым узросце. Былі ў Кажухоўцах і бібліятэка, клуб, на сцэне якога вясковы калектыў мастацкай самадзейнасці пад кіраўніцтвам Канстанціна Станіслававіча выступаў са сваімі праграмамі.

Сёння ў Кажухоўцах — 25 вяскоўцаў. Мяркую, іх продкі нават і не маглі ўявіць сабе, што праз столькі гадоў некалі шматнаселены пункт стане ціхай вёсачкай, у якой будуць дажываць свой век старыя людзі, да якіх раз пораз прыязджаюць пагасцяваць дзеці і ўнукі.

У гарадах жывуць і дзеці Канстанціна Станіслававіча. Дачка — у Слоніме, сын — у Гродне. Як і тата, яго дачка ўмее іграць на баяне. Аднак музыка не стала для яе мелодыяй душы. А вось унучкі-двайняты — дочкі сына, любяць спяваць і танцаваць. Крыніца творчасці працягвае жыць.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *