Па Беларусі

Падзеі

БЕЛАРУСЬ РАЗЛІЧВАЕ Ў ГЭТЫМ ГОДЗЕ АТРЫМАЦЬ УРАДЖАЙ НЕ ГОРШЫ, ЧЫМ У 2014 ГОДЗЕ
Беларусь разлічвае ў гэтым годзе атрымаць ураджай не горшы, чым у 2014 годзе. Аб гэтым ішла размова ў час рабочай паездкі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Мінскую вобласць, дзе ён наведаў СУП «Азярыцкі-Агра».
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб ходзе веснавых палявых работ, якія масава вядуцца цяпер у сельскагаспадарчых арганізацыях. У Беларусі пачалі сяўбу ўсіх культур — бульбы, ільну, цукровых буракоў, кукурузы. Паводле словаў намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага, азімыя збожжавыя культуры выйшлі з зімоўкі здавальняюча. Крыху цяжэйшая сітуацыя з азімым рапсам, з-за маласнежнай зімы значная частка пасеваў пашкоджана. У сувязі з гэтым неабходна да 25 красавіка пасеяць яравы рапс на плошчы 90 тыс. га. У цэлым чакаецца, што дзякуючы наяўнасці ўсіх рэсурсаў, выкананню тэхналогій Беларусь у гэтым годзе атрымае ўраджай не меншы, чым раней, адзначыў Міхаіл Русы.

ЗАБУДОВА ПЕРСПЕКТЫЎНЫХ ВЁСАК
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе ў дапаўненне да аграгарадкоў у кожным раёне вызначыць па некалькі перспектыўных вёсак і забудоўваць іх даступным для вяскоўцаў жыллём.
Акрамя аграгарадкоў, трэба вызначыць у якасці перспектыўных 3-5 вёсак, лічыць Прэзідэнт. Такімі вёскамі могуць быць былыя цэнтры аб’яднаных гаспадарак. Неабходная інфраструктура там ёсць. На незанятых участках можна будаваць жыллё. «Нам трэба для вяскоўцаў рабіць танныя дамы, — сказаў Прэзідэнт. — Такім чынам мы можам такія вёсачкі нанава забудаваць і пасяліць туды людзей».

МІНСК ПЕРАМОГ У РЭСПУБЛІКАНСКІМ АГЛЯДЗЕ ПА ДОБРАЎПАРАДКАВАННІ
Мінск перамог у рэспубліканскім штогадовым аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Беларусі за 2014 год сярод населеных пунктаў 1-й катэгорыі (сталіца і абласныя цэнтры).
Мінск будзе ўзнагароджаны пераходным вымпелам, пасведчаннем і грашовай прэміяй у памеры 8 тысяч базавых велічыняў (цяпер адна БВ складае Br180 тысяч).
Сярод населеных пунктаў 2-й катэгорыі (з насельніцтвам ад 50 тысяч жыхароў і больш) пераможцамі сталі Салігорск Мінскай вобласці і Пінск Брэсцкай вобласці . Гарады Слонім (Гродзенская вобласць), Нясвіж і Заслаўе (Мінская вобласць) прызнаны лідарамі сярод населеных пунктаў 3-й катэгорыі. Што датычыцца населеных пунктаў 4-й катэгорыі, то тут пераможцамі прызнаны гарады Нароўля Гомельскай вобласці, г. п. Скідзель і Астравец Гродзенскай вобласці, а таксама Краснаполле (Магілёўская вобласць). Аграгарадкі Верцялішкі (Гродзенская вобласць), Стралічава (Гомельская) і Замкі (Мінская), пасёлак Глуша (Магілёўская вобласць) і Зашыр’е (Гомельская) сталі лідарамі сярод населеных пунтаў 5-й катэгорыі (сельскія населеныя пункты). Усе яны адзначаны грашовымі прэміямі.

ПЕРАХОД НА ЛІЧБАВАЕ ТБ ДАСЦЬ МАГЧЫМАСЦЬ ЭКАНОМІЦЬ
Пераход на лічбавае ТБ дасць магчымасць эканоміць амаль Br29,5 млрд у год. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі галоўны інжынер РУП «Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр» Андрэй Караім.
Да рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па ўкараненні лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання да 2015 года ў сетцы Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтра працавала 147 аналагавых тэлевізійных перадатчыкаў, якія трансліравалі ў агульнай колькасці 6 тэлевізійных праграм. «Для таго каб трансліраваць адну тэлевізійную праграму, прымяняўся адзін перадатчык. Уся сетка ў цэлым спажывала больш за 20 млн. кВт.гадз у год. З пераходам на лічбавы фармат вяшчання, калі адзін лічбавы перадатчык трансліруе ўжо 8 тэлевізійных праграм, энергаёмістасць сеткі знізілася практычна ў 3 разы: у нашай сетцы ў выніку будуць працаваць 93 перадатчыкі, якія будуць спажываць каля 6,5 млн кВт.гадз. У грашовым выражэнні эканомія атрымліваецца амаль Br29,5 млрд. у год», — адзначыў А. Караім.

ДЭКРЭТ НУМАР 3 БУДЗЕ САДЗЕЙНІЧАЦЬ ВЫКАРАНЕННЮ НЕЗАКОННАГА ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА

Дэкрэт нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» будзе садзейнічаць выкараненню незаконнага прадпрымальніцтва. Такое меркаванне выказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алег Леўшуноў.
«Рэалізацыя Дэкрэта будзе садзейнічаць умацаванню падатковай дысцыпліны грамадзян, выкараненню такога негатыўнага фактару, як атрыманне даходаў ад незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці», — сказаў дэпутат. Ён адзначыў, што ў дзяржаве сфарміраваны спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнэсу, таму лагічна легалізаваць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць, чым выплачваць збор на фінансаванне дзяржрасходаў.
Дэкрэт нумар 3 устанаўлівае абавязак грамадзян Беларусі, пастаянна пражываючых у рэспубліцы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, па выплаце збору ў памеры 20 базавых велічынь. Дакументам вызначаны вычарпальны пералік катэгорый грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты збору. Гэта недзеяздольныя грамадзяне, інваліды, асобы маладзейшыя за 18 гадоў, жанчыны, якія дасягнулі ўзросту 55 гадоў, мужчыны, якія дасягнулі ўзросту 60 гадоў, і некаторыя іншыя катэгорыі.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *