«Усе грані творчасці» школьнікаў на выставе ў Дзятлаве

Падзеі

У адной з залаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея адкрылася выстава творчых праектаў школьнікаў Дзятлаўшчыны «Усе грані творчасці». Яна будзе дзейнічаць на працягу месяца. За гэты час наведаць выставу змогуць не толькі самі навучэнцы, але і іх бацькі. Наогул, работнікі музея і педагогі раяць прыходзіць сюды сем’ямі, каб пабачыць, якія цудоўныя рэчы можна ствараць сваімі рукамі.

IMG_3758

У дзень адкрыцця выставы першымі яе наведалі навучэнцы і педагогі сярэдніх школ №3 і №1 горада Дзятлава. Гасцей вітала Ірына Станіславаўна Якаўчык, галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Яна зазначыла, што раённая выстава творчых праектаў школьнікаў «Усе грані творчасці» праходзіць на Дзятлаўшчыне ўпершыню. Гэта своеасаблівая справаздача аб тым, што ствараюць дзеці на ўроках працоўнага навучання. Тут школьнікі могуць раскрыцца, паказаць свае таленты, атрымаць карысныя навыкі. Звычайна людзі выкідваюць пластыкавыя бутэлькі, кавалкі кардону, рэшткі тканіны, нават не задумваючыся, што ўсё гэта можа стаць асновай цікавых вырабаў. На выставе прадстаўлены розныя тэхнікі: аплікацыя, разьба па дрэве, вышыўка стужкамі і крыжыкам, роспіс па тканіне, ёсць новыя тэхнікі — тапіарый, пэчворк, інтарсія. Уражвае, якая багатая фантазія ў школьнікаў і іх педагогаў. Ручная работа заўжды цанілася, бо кожны такі твор — эксклюзіў. На яго затрачаны час і энергія аўтара, у яго ўкладзены часцінака душы і любоў да рамяства.

Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета, куратар выставы «Усе грані творчасці» Ніна Рыгораўна Буйко патлумачыла, як узнікла ідэя арганізаваць выставу. Некалькі гадоў таму курс «працоўнае навучанне» быў уключаны ў праграму рэспубліканскай алімпіяды. Цяпер навучэнцы, якія ўдзельнічаюць у алімпіядзе па гэтым прадмеце, павінны абараняць свой творчы праект. А для таго, каб прадставіць і абараніць цікавую работу на алімпіядзе наступнага навучальнага года, брацца за яе варта ўжо цяпер. Дарэчы, на выставе прысутнічаюць работы былых алімпіяднікаў, навучэнцаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы: «Збан для квасу» Івана Кедука, праекты Ільі Вакуленкі (сёлета на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды ён заняў трэцяе месца).

Праграма па працоўным навучанні прадугледжвае розныя віды дзейнасці: апрацоўку драўніны, работу з тканінай, вышыўку, аплікацыю, роспіс па тканіне. Прыемна, калі дзеці займаюцца дадаткова, удзельнічаюць у конкурсах. Гэта важна не толькі для вучняў і настаўнікаў, але і для раёна. Хочацца, каб школьнікі мэтанакіравана наведалі выставу, каб яна стала для іх штуршком да далейшага самаўдасканалення, а іх работы маглі канкурыраваць у вобласці і рэспубліцы.

Дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Ала Мікалаеўна Барысенка пажадала ўдзельнікам і гасцям выставы быць уважлівымі, каб, пабачыўшы чужыя работы, яны змаглі што-небудзь узяць для сябе, расці творча, удасканальваць свае навыкі.
Наталля Яўгенаўна Калодка, намеснік начльніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, зазначыла, што бачыць вынікі дзіцячай працы заўжды прыемна. Кожная такая работа — гэта асаблівы погляд на свет. А любы дзіцячы поспех — гэта яшчэ і поспех педагогаў, бацькоў. Выстава «Усе грані творчасці» асабліва актуальная ў багаты на падзеі 2015 год — Год моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі. Наталля Яўгенаўна прапанавала арганізаваць выставу творчых праектаў школьнікаў і да Дня Перамогі, толькі патрыятычнай тэматыкі. Убачыць, якім маладое пакаленне дзятлаўчан бачыць свет, мірнае неба над галавой, Дзень Перамогі.

Прапанова спадабалася навучэнцам і педагогам. Куратар выставы Ніна Рыгораўна Буйко дадала, што трэба наладжваць цесныя сувязі і з бацькамі школьнікаў, многія з якіх таксама займаюцца якім-небудзь рамяством. У далейшым варта запрасіць іх прыняць удзел у выставе, каб паказаць творчую пераемнасць пакаленняў (дзяцей, бацькоў, бабуляў, дзядуляў), расказаць пра сямейныя традыцыі. Гэта будзе цікава і карысна для нашага раёна і горада.

Пасля афіцыйнай часткі госці выставы змаглі паглядзець работы, затрымацца каля тых, якія ім найбольш спадабаліся, пакінуць запісы ў кнізе наведвальнікаў.

IMG_3767

Прыцягвалі да сябе позіркі работы навучэнцаў Казлоўшчынскай СШ. Выхаванцы Івана Яўгенавіча Лішыка, настаўніка гэтай школы, неаднаразова былі ўдзельнікамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Іх работы арыгінальныя, якасныя, маюць практычную накіраванасць: ні адна маленькая дзяўчынка не адмовіцца пагуляць з лялечнай хаткай Ільі Вакуленкі, так і хочацца пакатацца на драўляных санках Івана Якаўлева, а дбайныя гаспадары зацікавяцца яго наборам садавода. Дзяўчынкі і жанчыны часта спыняюцца каля алімпіяднай работы ў стылі пэчворк навучэнкі Гезгалаўскай СШ Ксеніі Юргілевіч (кіраўнік Ларыса Васільеўна Ненартовіч). Гэта блакітна-шэрае ільняное пакрывала са шматкоў тканіны, выраблена без адзінага шыўка іголкі, з дапамогай вузельчыкаў. Погляды наведвальнікаў прыцягвае і маляўнічае пано, выкананае ў тэхніцы роспісу па тканіне, таксама работа гезгалаўскіх школьнікаў.

Майстэрства педагога Наваельнянскай сярэдняй школы Галіны Арсеньеўны Сянатар адсочваецца ў работах яе вучняў. Гэта вясёлыя лялькі, дамавічкі, прыгожыя шкатулкі з лёну ў папулярнай сёння тэхніцы тапіарый.

Калі казаць пра актуальныя накірункі ў мастацтве, то нельга не ўзгадаць інтарсію — складанне малюнкаў з кавалачкаў дрэва. На выставе прадстаўлены некалькі работ у гэтым стылі: «Дракон» Ільі Вайтушкі, «Мой сябар» Кірыла Грыба, «Пелікан» Яраслава Шаўчэнкі — выхаванцаў Аляксандра Вацлававіча Грыба, настаўніка сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.

Але, як кажуць мудрыя людзі: «Лепш адзін раз пабачыць, чым дзесяць разоў пачуць». Таму прыходзьце на выставу самі і любуйцеся.

IMG_3770

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *