У чым сэрцы гучыць песня пра Беларусь

Падзеі

У актавай зале Дзятлаўскага раённага дома культуры прайшоў фінал раённага адборачнага этапу абласнога моладзевага фестывалю патрыятычнай песні «Сэрца зямлі маёй», прысвечанага Году моладзі і 70-годдзю Вялікай Перамогі. На Дзятлаўшчыне адборачныя конкурсы праходзілі з ініцыятывы раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» пры падтрымцы сектара па рабоце з моладдзю Дзятлаўскага раённага дома культуры.

На раённай сцэне сустрэліся лепшыя выканаўцы, якія перамаглі ў папярэдніх адборачных турах у Наваельні і Дзятлаве. Гэта навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы: вакальная група, дуэт Вікторыі Анушкевіч і Дар’і Глушкевіч, салісткі Анастасія Гузоўская, Лізавета Кякшук. Мікалай Райко (СВК «Граніт-Агра»), Алеся Чурай (СВК «Белагурна»), трыа Гезгалаўскай сярэдняй школы (Валерыя Міхалойць, Ксенія Юргілевіч, Алеся Кастусік). Салісты Яўгенія Кетка, Яўген Калодка, Дар’я Вабішчэвіч і трыа (Яўгенія Кетка, Кацярына Есялевіч, Дар’я Вабішчэвіч), гімназія №1 горада Дзятлава. Яна Мармыш з Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Вікторыя Дубовік з Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Саліст Максім Юганаў, трыа (Караліна Капковіч, Вікторыя Трайнель, Ганна Дудкіна) і квартэт (Максім Юганаў, Аляксей Ламака, Вераніка Бортка, Ульяна Гушча) школы №3 горада Дзятлава. Салістка Дзіяна Шапель з Казлоўшчынскага дома культуры.

Удзельнікаў раённага фінала павітаў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч. Ён зазначыў, што сёлетні фестываль патрыятычнай песні «Сэрца зямлі маёй» прысвечаны Году моладзі і 70-годдзю Вялікай Перамогі. Менавіта патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення спрыяе станаўленню маладых людзей як гарманічных асобаў і актыўных грамадзян сваёй дзяржавы. Радуе, што ў нашым раёне шмат юных талентаў, а таму фестываль патрыятычнай песні стаў традыцыйным штогадовым мерапрыемствам.

Журы, у склад якога ўваходзілі намеснік старшыні райвыканкама М. В. Мацюкевіч, начальнік аддзела ідэалагінай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. У. Камароў, намеснікі начальніка аддзела ідэалагінай работы, культуры і па справавах моладзі Н. Я. Калодка, В. В. Шыцько, педагог Дзятлаўскай школы мастацтваў Л. К. Раманава, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. І. Жадзейка, рэдактар Дзятлаўскай раённай газеты «Перамога» Кудзінаў, вызначала пераможцаў адразу ў некалькіх намінацыях.

У намінацыі «Вакальная група, трыа, дуэт» лепшым стаў квартэт сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, а трыа вучняў гэтай жа школы аказалася на трэцяй пазіцыі. Другое месца заняло трыа Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Лепшай «Салісткай-вакалісткай» была прызнана Яна Мармыш (Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа), крыху саступіла ёй Дар’я Вабішчэвіч (гімназія №1 горада Дзятлава), трэцяй стала Вераніка Бортка (школа №3 горада Дзятлава).

Спадабалася членам журы аўтарская песня Алесі Чурай з СВК «Белагурна».

У асобнай намінацыі, прымеркаванай да Года моладзі, «Маладосць мая – Беларусія», другое месца падзялілі Яўген Калодка (гімназія №1 горада Дзятлава) і Максім Юганаў (сярэдняя школа №3 горада Дзятлава).

Спецыяльны прыз сімпатый гледачоў дастаўся Анастасіі Гузоўскай, навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы.

Усе ўдзельнікі фіналу ад першага сакратара А. С. Чурай атрымалі граматы раённага камітэта ГА «БРСМ», кветкі ад Дзятлаўскага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў уручыў моладзі старшыня арганізацыі Л. Ю. Кашко, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» А. М. Кудзінаў уручыў памятныя падарункі пераможцам.

Журы вырашыла, што Дзятлаўшчыну на абласным этапе моладзевага фестывалю патрыятычнай песні «Сэрца зямлі маёй», які пройдзе ў Гродне на пачатку сакавіка, прадставіць Яна Мармыш.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *