Опубликовал

«Сонца, мама і кветкі»

Кветкі. Іх чароўнасць і непаўторнасць усхвалены ў песнях і вершах, а мова кветак пакладзена ў аснову фларыстычнага дызайну. Кампазіцыі, букеты, карзіны з цюльпанамі, ружамі, гіяцынтамі — нават калі яны і дэкаратыўныя— гэта заўжды прыгожа, арыгінальна, вабіць вока.
Пераканаліся ў гэтым і гледачы раённага этапу абласнога фларыстычнага конкурсу «Сонца, мама і кветкі», які днямі прайшоў у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Гэтае мерапрыемства на Дзятлаўшчыне ладзіцца ўжо некалькіх гадоў. У гісторыка-краязнаўчым музеі яно праводзілася ўпершыню. А вось патраніруе конкурс Казлоўшчынскі эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі. Тыя, хто хаця б толькі адзін раз наведаў гэтую ўстанову дадатковай адукацыі, маглі ўпэўніцца ў майстэрстве педагогаў і навучэнцаў ствараць прыгожыя кампазіцыі з кветак, іншага прыроднага матэрыялу.

Удзельнікам выставы-конкурсу «Сонца, мама і кветкі» — вучням школ і педагогам дадатковай адукацыі — на стварэнне кветкавай кампазіцыі была адведзена гадзіна. Дзеці, працуючы ў пары, стваралі святочны букет на тэму «Вясновая фантазія», а педагогі працавалі над «Цудам у карзіне» — упрыгожвалі карзіну, выкарыстоўваючы дэкаратыўныя кветкі. Таксама ўдзельнікі конкурсу прадставілі свае майстэрства ў завочных намінацыях «Ёсць у свеце кветка», «Дыханне вясны», фларыстычны дызайн люстэрка.

Работы ацэньвала журы ў складзе дырэктара Казлоўшчынскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Л. А. Балбуновай, метадыста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. З. Пазняк, намесніка дырэктара Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ж. В. Лукашэні.

Канкурсантам — прадстаўнікам Дварэцкай і Казлоўшчынскай сярэдніх школаў, Круцілавіцкага д/С-СШ, СШ №1 і СШ №3 горада Дзятлава, Таркачоўскага д/с -БШ члены журы пажадалі творчага натхнення, лёгкасці ў рабоце, добрага настрою.

Пакуль педагогі і вучні працавалі над стварэннем кветкавых кампазіцый у рэжыме ан-лайн, журы ацэньвала работы, прадстаўленыя ў завочных намінацыях конкурсу. Гэта і карціны з выкарыстаннем фларыстычнага матэрыялу, і стыльна аформленыя гаршчкі для пакаёвых кветак, і люстэркі, аздобленыя дэкаратыўным арнаментам з прыроднага матэрыялу. Ацэньвалася мастацкая ідэя, майстэрства яе ўвасаблення, эстэтычнасць і арыгінальнасць работы.

Вызначыць лепшую з іх — задача для журы не з лёгкіх, паколькі кожная з работ была непаўторнай. Гэта ж датычыцца і кветкавых кампазіцый, якія стварылі ўдзельнікі конкурсу ўсяго толькі за гадзіну. Аднак конкурс ёсць конкурс. І па яго выніках у намінацыі «Вясновая фантазія» лепшымі журы назвала работы Вольгі Сёмухі і Анастасіі Жых з Круцілавіцкага д/с-СШ. Як прызналіся самі дзяўчаты, на перамогу яны не спадзяваліся, гэта для іх стала прыемным сюрпрызам. Такое ж меркаванне выказала і Кацярына Бялятка — прадстаўніца Казлоўшчынскай СШ. Каця працавала ў пары з Таццянай Аляшкевіч. Іх пяшчотны букет з архідэяў заняў у конкурсе другое месца. На трэцім месцы — букет з ружаў, якія зроблены з арганзы. Букет «нарадзіўся» ў суаўтарстве Дар’і Сіўко і Марыны Лашчэўскай — вучаніц СШ №1 г. Дзятлава.

У намінацыі «Цуд у карзіне» лепшай прызнана работа Святланы Аляксееўны Вінцукевіч — педагога Дварэцкай СШ. Яна таксама не спадзявалася на перамогу, адзначыла, што гэтага дастойныя работы усіх яе калег . Па выніках конкурсу другое месца заняла Марына Уладзіміраўна Семярнік — педагог з Круцілавіцкага д/с-СШ. На трэцім — педагог з СШ №1 г. Дзятлава Марыя Іосіфаўна Цімошка.
Вучні і настаўнікі, якія занялі ў намінацыях «Вясновая фантазія» і «Цуд у карзіне» першыя два месцы, пакажуць сваё фларыстычнае майстэрства на абласным этапе конкурсу «Сонца, мама і кветкі», які пройдзе 5 сакавіка ў Гродзенскім абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі.

А вось работы усіх ўдзельнікаў конкурсу «Сонца, мама і кветкі» будуць на працягу месяца экспанавацца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Пераможцы раённай выставы-конкурсу «Сонца, мама і кветкі» адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі ад Казлоўшчынскага эколага-біялагічнага цэнтра. Падарункам для канкурсантаў і гледачоў таксама стаў добры настрой, які панаваў у час мерапрыемства. Спрыяў яму і невялікі канцэрт, у час якога гучалі песні ў выкананні вучняў школ горада, педагога Дзятлаўскай школы мастацтваў Кацярыны Бальшой. Таксама ўдзельнікі выставы-конкурсу пазнаёміліся з экспазіцыяй работ гуртка «Кветкавы дызайн» Казлоўшчынскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Гэтыя работы можна было не толькі паглядзець, але і купіць.

А. ДУБРОЎСКАЯ

0 0 1197 10 Март, 2015 Сацыяльная сфера Март 10, 2015

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *