Што ўбачыць прырода Дзятлаўшчыны пасля зімовага сну?

Спорт і турызм

А вы ўжо заўважылі, як прачынаецца прырода пасля зімы? Дрэвы, нібы скінуўшы рэшткі зімовага сну, цягнуць свае галінкі да ласкавага сонейка.
Сонечныя прамяні замест таго, каб праграваць зямлю ад снежнай коўдры, грэюць рэшткі адпачынку чалавека: бляшанкі з-пад тушонкі, піўны пластык ды шкляныя бутэлькі, рознакаляровы цэлафан і кавалкі паперы.
Рэдакцыя газеты “Перамога” сумесна з начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрыем Балькоўскім і галоўным спецыялістам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Лявончыкам накіраваліся ў экалагічны рэйд па Дзятлаўскім раёне для таго, каб праверыць санітарны стан прыдарожных палосаў.

“ЗЯЛЁНАЯ ЗОНА” ЗЯЛЁНЫХ ЛЮДЗЕЙ

IMG_1562

Першы прыпынак – уезд у горад, каля архітэктурнага збудавання “зялёная зона”. Звычайна пра нявопытных або пра тых, хто нешта не ведае, гавораць – зялёны. Менавіта так “мякка” можна назваць тых, хто пакінуў кучу смецця гніць у лясным масіве адразу каля дарогі. З першага позірку здаецца, што ўсё пакінутае ў лесе было спецыяльна вывезена з хаты і кінута каля дарогі: пакет ад пральнага парашку, бутэлькі з-пад піва, яечныя шалупайкі, упакоўка ад батарэек і пачкі ад цыгарэт. Даволі пакапаўшыся ў чужым смецці, можна адзначыць, што маркі пакінутых прадуктаў дзейнасці чалавека не самыя танныя, а адныя з дарагіх. Усплываюць пытанні: няўжо забяспечанаму чалавеку так цяжка выкінуць смецце ў машыну па зборы смецця.

IMG_1559

“НАКУРПЯШЫЛІ”

Едзем далей. З’езд управа, адкрываецца прыгожы краявід на палянку з драўлянымі альтанкамі – гэта месца адпачынку “Курпяшы” ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Замест хвойных іголак і шышак пад нагамі – акуркі, рознакаляровыя сурвэткі. Ідзём па палянцы асцярожна, баючыся ўступіць у бруд, пакінуты чалавекам. Тут – рэшткі любоўных уцех і пачкі з-пад іх. Адметна тое, што на палянцы стаіць вялікая сметніца, а пры ёй таблічка “Месца для смецця”. Здаецца, што хіба сляпыя адпачывалі і не бачылі напісанага. Таксама месца адпачынку абсталявана і драўляным туалетам, але адпачываючыя аддаюць перавагу “зліццю з прыродай” за яго межамі.
Стаіць вялікая драўляная альтанка, спецыяльна пабудаваная для камфортнага адпачынку людзей. Але стаіць амаль без падлогі, бо яе драўляная аснова стала падручным матэрыялам для раскладвання агню. Дык давайце ж усе разам знімем з падлогі свае дарагія ламінаты і весела пойдзем з іх паліць вогнішча. Але не, ламаць дзяржаўнае – не тое, што сваё. Акрамя смецця і пластыкавых бутэлек, “курпяшуючыя” яшчэ пакінулі выставу з-пад шкляных бутэлек, хіба жадалі паганарыцца выпітым перад ляснымі насельнікамі. Навучыліся трымаць чарку, навучыцеся яшчэ і прыбіраць пасля сябе.

IMG_1563 _MG_1568

АДПАЧЫВАЮЧЫЯ АЛЬТРУІСТЫ

З’езд з дзятлаўскай трасы ў 96-ы квартал Ахонаўскага лясніцтва. Тут справы з акуратнасцю куды лепш за папярэднія месцы. Але адпачываючыя хіба па дабрыні душэўнай пакінулі лусту хлеба на цэлафанавым пакеце, нават птушак пакарміць. Калі на фотаздымку вы пазналі рэшткі свайго адпачынку, прыедзьце і прыбярыце. Або папярэдзьце землеўладальнікаў пра сваю кароткую памяць, яны адразу ж пасля вашага адпачынку прыбяруць. Для даведкі адпачывальнікаў – землеўладальнікі пастаянна здзяйсняюць экалагічны патруль па сваіх тэрыторыях і “ўзнагароджваюць” гора-адпачывальнікаў важкімі штрафамі.

_MG_1570

РУКІ НЕ ДАЙШЛІ

_MG_1580

Апошні пункт – Навагрудская ДУ-56, Вензавецкае лясніцтва – месца адпачынку з вялікай стаянкай. Пра адпачывальнікаў тут можна сказаць так: калі п’еш, то не тое, што рукі, ногі не ходзяць. Некалькі сметніц ярка-жоўтага колеру для таго, каб бачылі, куды выкідваць смецце, усталяваны па ўсім перыметры стаянкі. Але, нягледзячы на гэта, рэшткі адпачынку валяюцца каля іх, а цэлафанавыя пакеты, як расліны перакаці-поле, ад лёгкага ветрыка кружаць у цэлафанавым вальсе па стаянцы. Вядома, за бруднасць аб’екта прыдарожнага адпачынку прыйдзецца адказваць землеўладальніку, але ж калі ўжо мы станем сумленнымі і зразумеем, што адказваць трэба не толькі за сваё, але і за дзяржаўнае. Месцы адпачынку спецыяльна абсталяваны каля лесу. Дыхайце, людзі, атрымлівайце асалоду ад чыстага паветра і чыстаты вакол. Але дармовы адпычанак дазваляе сумленню спакойна спаць, а калі б заплацілі раз-другі важкі штраф, можа, прачнулася б гэта ваша сумленне?!

Л. СУР’ЯНІНАВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *