«Kids’ Atletics» у Дзятлаве

Падзеі

У Дзятлаве 10 сакавіка стартаваў сусветны навучальны праект ІААФ “Дзіцячая лёгкая атлетыка”

З даўніх часоў дзеці заўсёды выяўлялі інтарэс да спаборніцтваў адзін з другім і шукалі параўнання аднаго з другім, адзначае ва ўводзінах да тэксту сваёй праграмы “Kids’ Atletics” (“Дзіцячая лёгкая атлетыка”) Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ). Лёгкая атлетыка з яе разнастайнасцю відаў дае выдатную магчымасць для такіх стасункаў з равеснікамі. Такім чынам, лёгкая атлетыка – прывабны від спорту для дзяцей, і настаўнікі ў гэтым відзе спорту павінны ствараць праграмы, якія поўнасцю прыдатны для дзяцей.

IMG_4046s

IMG_4033sIMG_4054s

Але да нашага часу большасць лёгкаатлетычных дзіцячых спаборніцтваў нагадвала мініяцюрныя версіі спартыўных праграмаў для дарослых. Неадэкватная стандартызацыя часта вядзе да ранняй спецыялізацыі ў відзе спорту, што супярэчыць патрабаванню да гарманічнага развіцця дзяцей. А яшчэ ўзнікае ранняя элітарнасць, якая шкодная для большасці дзяцей.

Пасля шматлікіх даследаванняў, ініцыятываў, вывучэння становішча стала відавочна, што наспела вострая патрэба ў новай канцэпцыі лёгкай атлетыкі, якая будзе поўнасцю прыдатная для развіцця дзяцей.

Любая прапанова ў межах гэтай канцэпцыі павінна была браць пад увагу тры галоўныя патрабаванні:
— прапанаваць дзецям прывабную лёгкую атлетыку;
— прапанаваць дзецям даступную лёгкую атлетыку;
— прапанаваць дзецям павучальную лёгкую атлетыку.

І, вядома, праект павінен забяспечыць сістэматычнае ажыццяўленне прапанаваных формаў спаборніцтваў.
Вясною 2001 года рабочая група ІААФ распрацавала канцэпцыю лёгкай атлетыкі для дзяцей, якая заснавана на рашучым адыходзе ад дарослай мадэлі атлетыкі. Гэта канцэпцыя атрымала назву – “Дзіцячая лёгкая атлетыка ІААФ”

У 2005 годзе ІААФ распрацавала сусветную палітыку для дзяцей ад 7 да 15 гадоў. Гэта палітыка вызначыла дзве мэты:
— зрабіць лёгкую атлетыку самым практыкуемым індывідуальным відам спорту ў школах ва ўсім свеце;
— даць магчымасць дзецям, незалежна ад таго, ці займаюцца яны спортам пад апекаю лёгкаатлетычных федэрацый, ці іншым спосабам, рыхтавацца да сваёй будучыні ў лёгкай атлетыцы найбольш эфектыўна.
Такім чынам праграма “Дзіцячая лёгкая атлетыка ІААФ” скіравана на тое, каб залучыць азарт у “гульнёвую” лёгкую атлетыку. Новыя віды і наватарская арганізацыя дазволяць дзецям, на думку ІААФ, выявіць новыя для сябе віды дзейнасці – спрынтарскі бег, бег на вынослівасць, скачкі, кідкі, іншыя фізічныя практыкаванні – практычна ў адным месцы: ці на стадыёне, ці на гульнявой пляцоўцы, ці ў спартыўнай зале, ці на любой іншай спартыўнай пляцоўцы.

Міжнароднаму праекту “Дзіцячая лёгкая атлетыка ІААФ” ужо, між іншым, 10 гадоў. Удзельнікамі праекта з’яўляюцца больш за 100 краін. 10 сакавіка 2015 года да рэалізацыі міжнароднага праекта далучылася Дзятлава.

Шэсць дзіцячых камандаў хлопцаў і дзяўчынак 9 — 10-гадовага ўзросту з Казлоўшчынскай, Гезгалаўскай, Наваельнянскай, першай і трэцяй дзятлаўскіх школ, гімназіі спаборнічалі ў спартыўнай зале Дзятлаўскай гімназіі. Каардынатар праекта ІААФ па Гродзенскай вобласці В. Сідорчык прапанаваў камандам шэсць намінацый спаборніцтва: бар’ерны спрынт, кіданне мяккага кап’я, кіданне мяча, эстафетны скачок у даўжыню, бегавую лесвіцу, скрыжаваны скачок. На кожнай “станцыі” спаборніцтваў арбітры налічвалі камандам балы, якія неадкладна з’яўляліся на табло.

IMG_4123sIMG_4062sIMG_4093s

Дзеці даволі хутка асвоіліся ў раней незнаёмых для іх фізічных практыкаваннях, з дапамогай школьных настаўнікаў фізкультуры наладзілі камандныя ўзаемадзеянні, спаборнічалі ахвотна і, сапраўды, азартна. Лідарамі з першых “станцый” вызначыліся дзве каманды — “Маланкі” з трэцяй школы і Гезгалаў. На фінішы іх раздзялілі ўсяго два балы: дзятлаўчане набралі 28 ачкоў, гезгалаўцы – 26. Трэцімі фінішавалі казлоўшчынскія “Здаравячкі” (22 балы). Медалі ІААФ і граматы атрымалі, аднак, не толькі пераможца і прызёры, але ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў. Мяркуючы з эмоцый, спаборніцтвы юным лёгкаатлетам спадабаліся. І, магчыма, хтосьці з хлопцаў і дзяўчынак упэўніўся, што занятак лёгкай атлетыкай не толькі карысны, але і цікавы, захапляльны. На што і спадзяюцца ініцыятары міжнароднага праекта і мясцовыя арганізатары спаборніцтваў.

IMG_4174s IMG_4181s

Тэкст Б. ВАРНЫ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *