Опубликовал

Факты. Падзеі. Навіны.

У МІНСКУ ПРЭЗЕНТАВАЛІ КНІГУ ДА 70-ГОДДЗЯ ПЕРАМОГІ
Беларускі літаратар Ізяслаў Катляроў прэзентаваў кнігу дакументальнай паэзіі «Вернасць», якая прысвечана 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Прэзентацыя паэтычнага зборніка адбылася ў Мінскай ратушы. Многія вершы новай кнігі аўтабіяграфічныя, яны расказваюць аб горкім ваенным дзяцінстве аўтара, азмрочаным цяжкасцямі і нягодамі таго часу, аб першых днях пасля перамогі, прасякнутых горыччу страты. Творы аўтара выклікаюць у чытача любога пакалення вострае пачуццё прыналежнасці да вялікага мінулага савецкага народа, якое нельга забыць. У прэзентацыі кнігі прынялі ўдзел калегі па творчым цэху Мікалай Мятліцкі і Навум Гальпяровіч, дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян гістарычнага факультэта БДУ Сяргей Александровіч і памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Якабсон.

ЗАБАРОНА ВЫКЛАДКІ Ў ВІТРЫНАХ ТЫТУНЁВЫХ ВЫРАБАЎ
У гандлёвых аб’ектах з 1 ліпеня 2015 года будзе забаронена выкладка ў вітрынах і на іншым гандлёвым абсталяванні тытунёвых вырабаў (іх узораў). Аб гэтым заявіла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.
«Інфармацыю аб тытунёвых вырабах у гандлёвых аб’ектах і аб’ектах грамадскага харчавання можна будзе размяшчаць толькі ў выглядзе пераліку тытунёвых вырабаў з пазначэннем іх назвы і цэн. Гэта значыць, мы клапоцімся аб здароўі нашых людзей, але пры гэтым не абмяжоўваем правы курца — калі ён вырашыў курыць, ён мае на гэта права», — адзначыла Ірына Наркевіч.
Таксама, паводле яе словаў, будзе забаронена вытворчасць і абарот некурыльных тытунёвых вырабаў, прызначаных для смактання, вырабленых з тытуню і нетытунёвай сыравіны. Акрамя таго, пад забарону трапіць вытворчасць і продаж тавараў, што імітуюць знешні выгляд або маюць у сваіх найменнях назвы тытунёвых вырабаў.
Згодна з законам «Аб рэкламе» ў Беларусі поўнасцю забаронена рэклама тытунёвых вырабаў, вызначаны месцы, дзе нельга рэкламаваць алкагольныя і слабаалкагольныя напіткі, піва, а таксама ўведзены абмежаванні да зместу дазволенай рэкламы такой прадукцыі.

ПРАДАСТАЎЛЕННЕ ІНФАРМАЦЫІ АБ КАЛАРЫЙНАСЦІ СТРАВАЎ
Аб’екты грамадскага харчавання Беларусі абавязаны па патрабаванні кліента прадастаўляць інфармацыю аб каларыйнасці страваў, названых у меню.
Акрамя таго, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам у аб’ектах грамадскага харчавання па патрабаванні кліента павінна прадастаўляцца інфармацыя аб складзе прадуктаў харчавання, страваў, кулінарных вырабаў, названых у меню, а таксама спосабах іх кулінарнай апрацоўкі.

ТВОРЧЫ ВЕЧАР ІГАРА КРУТОГА Ў МІНСКУ
Творчы вечар народнага артыста Расіі і знакамітага кампазітара Ігара Крутога адбудзецца 15 мая ў Мінску.
Маэстра Ігар Крутой не так даўно (7 лістапада мінулага года) выступаў у Беларусі. Як адзначаюць арганізатары шоу, Ігара Крутога настолькі ўразіла атмасфера сардэчнага і цёплага прыёму беларусаў на мінулым творчым вечары, што ён вырашыў вярнуцца, але ўжо з новай канцэртнай праграмай «На біс..!» і іншым складам расійскіх спевакоў.
Паклоннікі і прыхільнікі таленту вядомага кампазітара і спевака змогуць пачуць музычныя кампазіцыі, хіты розных дзесяцігоддзяў, і таксама новыя песні, якія ўжо сталі папулярнымі і любімымі ў слухачоў.
У грандыёзным шоу прымуць удзел Ірына Алеграва, Мікалай Баскаў, Сяргей Лазараў, Ларыса Доліна, Анжаліка Варум і Вольга Кармухіна. На адной сцэне з прадстаўнікамі расійскага шоу-бізнэсу выступіць таксама Лара Фабіян — франкамоўная спявачка бельгійска-італьянскага паходжання. Яна выконвае песні на французскай, англійскай, італьянскай, іспанскай, рускай і іншых мовах.

ОПЕРА «ЦАРСКАЯ НЯВЕСТА» ВЯРТАЕЦЦА НА СЦЭНУ
Прызнаны шэдэўр рускай оперы «Царская нявеста» Мікалая Рымскага-Корсакава вяртаецца на сцэну Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Прэм’ера адбудзецца 25 і 26 сакавіка і будзе выконвацца на рускай мове.
Паводле словаў рэжысёра оперы Міхаіла Панджавідзэ, гэта спектакль-развага аб асаблівасцях узаемаадносін цара і народа, улады і соцыума. Характэрная рыса опернай пастаноўкі заключаецца ў тым, што будуць захаваны важныя гістарычныя асаблівасці таго часу і хранікальнасць бытавых падзеяў.
Чацвёртае прачытанне аднаго з самых папулярных тэкстаў рускай опернай традыцыі прадставяць заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка, хормайстар народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, мастакі Аляксандр Касцючэнка (сцэнаграфія) і Ніна Гурло (касцюмы). У спектаклі будуць заняты вядучыя салісты і артысты Вялікага тэатра Беларусі.

У БЕЛАВЕЖСКУЮ ПУШЧУ БЕЗ ВІЗАЎ
Замежныя грамадзяне, якія жадаюць наведаць нацыянальны парк «Белавежская пушча», змогуць знаходзіцца на тэрыторыі парка без візаў тэрмінам да трох дзён. Адпаведны ўказ нумар 115 ад 9 сакавіка 2015 года апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Указ прыняты ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры нацыянальнага парку «Белавежская пушча» і далейшага развіцця транспамежнага турызму. Скарыстацца бязвізавым рэжымам замежныя грамадзяне змогуць праз пункт пропуску «Перароў — Белавежа».
Падставай для бязвізавага ўезду ў Рэспубліку Беларусь, выезду з Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску і часовага знаходжання на тэрыторыі нацыянальнага парку да трох сутак з’яўляецца дакумент, які дае замежнаму грамадзяніну права на наведванне нацыянальнага парка.
Замежны грамадзянін, які мае намер наведаць нацыянальны парк, пры бязвізавым уездзе ў Рэспубліку Беларусь і выездзе з Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску абавязаны прад’явіць сапраўдны дакумент для выезду за мяжу і дакумент, які дае права на наведванне нацыянальнага парка.

ДЛЯ ЎДЗЕЛУ Ў ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ — КАНДЫДАТУРА НАЗАРБАЕВА
Кандыдатура дзеючага кіраўніка Казахстана Нурсултана Назарбаева для ўдзелу ў пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах ўнесена на разгляд удзельнікаў 16-га чарговага з’езда партыі ўлады «Нур Атан». З адпаведнай ініцыятывай выступіў вядомы ў рэспубліцы грамадскі дзеяч Кенжагалі Сагадыеў.
«Народ давярае свайму «Елбасы», з ім звязвае свой лёс і будучыню. Таму мы з вамі выстаўляем годнага кандыдата», — сказаў у сваю чаргу намеснік старшыні Асамблеі народа Казахстана (АНК) Анатоль Чаравікоў.
З ініцыятывай правядзення пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў, якую падтрымаў парламент і ключавыя палітычныя сілы краіны 14 лютага выступіла АНК.
Пазачарговыя выбары кіраўніка дзяржавы ў Казахстане прызначаныя на 26 красавіка бягучага года. Чарговыя выбары прэзідэнта павінны былі прайсці ў 2016 годзе.

ТРЭЦЯЯ СТАДЫЯ ВЫПРАБАВАННЯ ВАКЦЫНЫ АД ЭБОЛА
Трэцяя стадыя выпрабавання канадскай вакцыны ад ліхаманкі Эбола стартавала 7 сакавіка ў Гвінеі.
Размова ідзе аб вакцыне VSV-ZEBOV, якая была распрацавана пры садзейнічанні Агенцтва грамадскай аховы здароўя Канады. Калі будзе даказана, што вакцына эфектыўная, то ўпершыню ў гісторыі з’явіцца сродак прадухілення Эболы і пачнецца масавая вытворчасць вакцыны.
Мэта цяперашняй стадыі выпрабавання — высветліць, як вакцына можа абараніць тых, хто кантактаваў з хворым, і вызначыць, ці можна з яе дапамогай стварыць своеасаблівую «буферную зону» вакол захварэлага чалавека. За аснову ўзята стратэгія «кальцавое вакцынаванне», якая базіруецца на намаганнях па ліквідацыі воспы ў 1970-х гадах.
Цяпер на людзях правяраюцца дзве вакцыны-кандыдаты. З верасня 2014 года клінічныя выпрабаванні дзвюх вакцын былі праведзены ў 15 краінах Афрыкі, Еўропы і Амерыкі.

СІНГАПУРСКІ АЭРАПОРТ ІЗНОЎ ПРЫЗНАНЫ ЛЕПШЫМ У СВЕЦЕ
Сінгапурскі аэрапорт Чангі трэці год запар прызнаны лепшым у свеце па версіі кампаніі Skytrax.
Прэмія Skytrax лічыцца самай аўтарытэтнай у сферы якасці абслугоўвання ў грамадзянскай авіяцыі. Яна ўручаецца на падставе апытання больш за 13 млн. чалавек, у рэйтынгу прымаюць удзел 550 аэрапортаў па ўсім свеце.
«Галоўныя паветраныя вароты рэспублікі прадаўжаюць выкарыстоўваць розныя інавацыі, удзяляючы асноўную ўвагу абслугоўванню пасажыраў, ствараючы ў аэрапорце самую прыемную атмасферу», — заявіў на цырымоніі ўручэння прэміі World Airport Awards 2015 генеральны кіраўнік брытанскай кампаніі Эдвард Плэйст.
Акрамя таго, сінгапурскі паветраны порт сёмы раз названы лепшым у свеце па ўзроўні камфорту і адпачынку. Гэта адбываецца «ў тым ліку дзякуючы таму, што ў ім знаходзяцца басейн, цудоўны транзітны атэль, музычны бар», адзначылі на цырымоніі.

АСТРАНОМЫ ВЫЯВІЛІ «ХУТКУЮ» ЗОРКУ
Зорку, якая перамяшчаецца па нашай галактыцы з хуткасцю 1200 кіламетраў у секунду, назірала міжнародная група астраномаў Еўрапейскай паўднёвай абсерваторыі ў Чылі. Як паведаміла газета The News York Times, зорка, якая атрымала пазначэнне US 708, лічыцца самым хуткім нябесным целам, перамяшчаецца ў напрамку ад цэнтра галактыкі. Як адзначыў у гэтай сувязі супрацоўнік Інстытута штата Гаваі Юджын Магніт, «пры такой хуткасці адлегласць ад Зямлі да Месяца можна пераадолець за 5 хвілін».
Яшчэ адна асаблівасць «хуткай» зоркі ў тым, што раней яна была часткай бінарнай сістэмы, якая складалася з чырвонага гіганта — зоркі з высокай свяцільнасцю і белага карліка — кампактнай зоркі, параўнальнай па масе з Сонцам. У выніку ўзаемнага прыцягнення гэтых зорак частка гелію з фотасферы чырвонага гіганта захапіў белы карлік, які ператварыўся ў звышновую. А пакінуты ў адзіноце чырвоны гігант набыў такую хуткасць, якая тэарэтычна дазваляе яму пакінуць нашу галактыку.

МЕДЫКІ ЗАБАРАНІЛІ СПАЖЫВАЦЬ БОЛЬШ ЗА 6 ЧАЙНЫХ ЛЫЖАК ЦУКРУ
Сусветная арганізацыя аховы здароўя перагледзела рэкамендацыі адносна таго, колькі цукру варта спажываць даросламу чалавеку з нармальнай масай цела. Такім чынам, штодзённая норма — каля 6 чайных лыжак цукру. Атрымліваецца, што на цукар будзе прыпадаць менш за 5% ад агульнага аб’ёму сутачнага спажывання калорый. Гэта ў два разы менш, чым было ўстаноўлена арганізацыяй у 2002 годзе. Адзначым, што гранічныя ўзроўні спажывання цукру датычацца монасахарыдаў — глюкозы і фруктозы, а таксама дысахарыдаў — сталовага цукру, які дадаюць у прадукты вытворцы або самі спажыўцы. Эксперты прызнаюцца: львіная доля цукру змяшчаецца ў перапрацаваных прадуктах, якія на смак могуць і не быць салодкімі. Напрыклад, у сталовай лыжцы кетчупу змяшчаюцца чатыры грамы цукру, а ў бляшанцы газіроўкі — каля 10 чайных лыжак.

КЛЮЧ ДА РЭАЛЬНАЙ АБАРОНЫ АД ДЫЯБЕТУ
Два даследаванні — японскіх і амерыканскіх навукоўцаў — паказалі: чорны чай зніжае ўзровень цукру (перадае Thе Dаіlу Mаіl). Спецыялісты, праўда, вывучалі не сам напой, а экстракты чорнага чаю.
Аказалася, яны выдатна рэгулююць цукар. Даследчыкі з Універсітэта Фрэмінгама вылучылі з заваркі вялікую колькасць антыаксідантаў. Усе яны блакіравалі энзімы, якія павышаюць цукар пасля ўжывання ў ежу вугляводаў. Японскія навукоўцы замарожвалі пудравы экстракт лісця чорнага чаю. І ён гэтак жа ўплываў на энзімы. Што важна, малако, якое дабаўлялі ў чай, не перашкаджала раслінным рэчывам працаваць — глюкоза не ўтваралася ў целе. Гэта ідэальнае рашэнне пры дыябеце 2-га тыпу. Дарэчы, раней на прыкладзе амаль 300 000 чалавек было даказана: 3-4 кубкі чаю ў дзень давалі 25-працэнтнае зніжэнне рызыкі дыябету 2-га тыпу.

ЯКАЯ ЕЖА ПОСНАЯ?
Да поснай ежы адносяцца збожжавыя (хлеб, крупы), зернебабовыя, агародніна, ягады, садавіна, грыбы, арэхі, спецыі, мёд, алей, кісялі і кампоты. Прамежкавае становішча — у рыбы, ужыванне якой у час посту строга рэгламентуецца. Ужыванне морапрадуктаў — пытанне спрэчнае. Скаромная ежа — гэта ўсе малочныя і мясныя прадукты, яйкі, а таксама прадукты, якія іх змяшчаюць (малочны шакалад, выпечка з малаком і яйкамі і інш.). Пад забаронай можа быць і жуйка, якая змяшчае жэлацін жывёльнага паходжання.
Вялікі пост — вялікае выпрабаванне для арганізма. Ён прыпадае на той час, калі арганізм і без таго аслаблены: яго рэзервы расходуюцца на супрацьстаянне холаду, а запасы вітамінаў у расліннай ежы амаль адсутнічаюць. Таму дыетолагі раяць падыходзіць да посту пасля падрыхтоўкі з вытрымліваннем посных дзён напярэдадні (напрыклад, серады і пятніцы). Навічкам наогул лепш далучацца да посту летам, калі арганізм мае і сілы, і вітаміны. Ідэальна яшчэ трымацца аблегчанай праграмы (напрыклад, з рыбай), паколькі рацыён, бедны на жывёльныя тлушчы і бялкі, можа сур’ёзна нашкодзіць здароўю.
Паступова трэба і выходзіць з посту. Калі адразу даць арганізму шмат тлушчоў, ферментная сістэма не паспее спрацаваць, пачнецца няправільны абмен халестэрыну. Пад ударам акажуцца печань, падстраўнікавая залоза, страўнікава-кішачны тракт. Неабходна паступова далучаць да варанай, тушанай і запечанай агародніны з крупамі малочныя прадукты. Пасля дабаўце рыбу, тыдні праз два — мяса. Не забывайцеся пры гэтым пра вітамінна-мінеральныя комплексы і дабаўкі.
Калі вы раптам вырашылі пасціцца, парайцеся з вашым доктарам.

БелТА

0 0 762 19 Март, 2015 Падзеі Март 19, 2015

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *