Факты. Падзеі. Навіны.

Падзеі

ПЕНСІЙНЫЯ ПАГАДНЕННІ З ЭСТОНІЯЙ, МАЛДОВАЙ, ЧЭХІЯЙ І ПОЛЬШЧАЙ

Праводзіцца работа па заключэнні міжнародных пагадненняў, заснаваных на прынцыпе прапарцыянальнасці (калі кожная дзяржава плаціць пенсію за стаж на сваёй тэрыторыі), з Эстоніяй, Малдовай, Чэхіяй і Польшчай. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валерый Кавалькоў.
У Беларусі рэалізуецца сем пагадненняў (дагавораў) у галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння, з іх 6 — двухбаковых і 1 — шматбаковае. У ліпені 2014 года ўступіла ў сілу пагадненне з Азербайджанам, якое прадугледжвае забеспячэнне рэалізацыі пенсійных правоў, набытых на тэрыторыі Азербайджана або Беларусі, ідзе работа над адміністрацыйным пагадненнем аб прымяненні гэтага пагаднення.
У снежні 2014 года з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Расіі падпісаны пратакол аб унясенні змяненняў у адміністрацыйнае пагадненне аб прымяненні Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння. Яго рэалізацыя дасць магчымасць аптымізаваць адміністраванне працэсу выплаты пенсій, назначаных па дагаворы, растлумачыў Валерый Кавалькоў.
З 1 студзеня 2015 года пачало дзейнічаць новае інтэграцыйнае аб’яднанне — Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС). У мэтах забеспячэння магчымасці для рэалізацыі пенсійных правоў, сфарміраваных на тэрыторыі дзяржаў — членаў гэтага саюза, сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй пачалася работа над праектам міжнароднага дагавора ў галіне пенсійнага забеспячэння.

ПАСТАЎКІ МАЛОЧНАЙ ПРАДУКЦЫІ І ГРЭЧКІ

У Японіі прапрацоўваюць магчымасць паставак з Беларусі малочнай прадукцыі і грэчкі. Аб гэтым паведамілі ў беларускім урадзе, дзе адбылася сустрэча першага намесніка прэм’ер-міністра Васіля Мацюшэўскага з саветнікам прэзідэнта карпарацыі «Марубені» Ватару Ёсіда.
«З улікам лідзіруючых пазіцый «Марубені» на сусветным рынку сельгаспрадукцыі прапрацоўваюцца магчымасці паставак у Японію па каналах карпарацыі беларускай малочнай прадукцыі і грэчкі», — удакладнілі спецыялісты. Яны звярнулі ўвагу, што карпарацыя займае першае месца ў свеце па аб’ёме здзелак з зернем.
Ва ўрадзе таксама паведамілі, што па выніках кансультацый з пасольствам Беларусі ў Японіі «Марубені» вывучае мэтазгоднасць рэгістрацыі на Беларускай універсальнай таварнай біржы.
На сустрэчы першы віцэ-прэм’ер заявіў: «На нашу думку, істотную выгаду для абодвух бакоў можа прынесці стварэнне ў Беларусі прадпрыемстваў па вытворчасці сельскагаспадарчых і харчовых тавараў». Ён таксама выказаў надзею, што візіт прадстаўнікоў кампаніі «Марубені» будзе садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва бакоў.

ВЫСТАЎКА ЎЗБРАЕННЯЎ IDEX-2015 У АБУ-ДАБІ

Прадпрыемствы беларускага абароннага сектара прымаюць удзел у міжнароднай выстаўцы ўзбраенняў і тэхналогій бяспекі IDEX-2015, якая праходзіць у Абу-Дабі пад патранажам прэзідэнта ААЭ шэйха Халіфа бен Заіда аль-Нахаяна.
На выстаўцы будуць прадэманстраваны найноўшыя дасягненні ў вытворчасці ўзбраенняў. На плошчы 133 тыс. кв.м размесцяцца 12 павільёнаў зброі, боепрыпасаў і ваеннай тэхнікі. Плануецца ўдзел больш за 1 тысячу кампаній з 52 краін. Гэта практычна ўсе кампаніі, якія займаюцца выпускам зброі ў свеце.
Беларуская дэлегацыя мае намер выкарыстаць магчымасці выстаўкі для правядзення сустрэч і перагавораў, а таксама вырашэння пытанняў па самых розных напрамках ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, развіцця кааперацыйных сувязей паміж арганізацыямі Беларусі і ААЭ.

ЛАТВІЯ АРГАНІЗУЕ КУЛЬТУРНЫЯ ПРАЕКТЫ

Латвія ў 2015 годзе мае намер арганізаваць у Беларусі значныя культурныя праекты.
У Беларусі на працягу першага паўгоддзя — а гэта важны для Латвіі перыяд старшынства ў Савеце Еўрасаюза — будзе рэалізаваны шэраг значных культурных праектаў, у тым ліку арганізаваны канцэрт аднаго з самых вядомых у Латвіі аркестраў Sinfonietta Riga і хору Латвійскага радыё. Мерапрыемства плануецца правесці ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі.
Пасол Латвіі расказаў аб планах па арганізацыі некалькіх выставак, у тым ліку прысвечанай паэту Янісу Райнісу і паэтэсе Аспазіі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.
Акрамя таго, у другой палавіне чэрвеня ў Мінску плануецца вялікі фальклорны фестываль на свежым паветры. Ён будзе прымеркаваны да свята Ліга, што шырока адзначаецца ў Латвіі.
У культурную праграму супрацоўніцтва паміж Латвіяй і Беларуссю на бягучы год уваходзіць правядзенне тыдня латвійскага кіно ў адным з кінатэатраў Мінска. Там жа пройдзе выстаўка, наведвальнікі якой змогуць пазнаёміцца з гісторыяй апрацоўкі янтару — нацыянальнага багацця Латвіі.

РЭКТАР БДУ ВЫБРАНЫ ЗАМЕЖНЫМ ЧЛЕНАМ РАСІЙСКАЙ АКАДЭМІІ ПРЫРОДАЗНАЎЧЫХ НАВУК

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта акадэмік НАН Беларусі Сяргей Абламейка выбраны замежным членам (акадэмікам) Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук (РАПН) па аддзяленні «Матэматыка і матэматычная фізіка».
Гэтага звання рэктар БДУ ўдастоены за шматгадовы і важкі ўклад у навуковыя даследаванні ў галіне інфарматыкі, апрацоўкі выяваў і распазнавання вобразаў.
Замежнымі членамі акадэміі могуць быць выбраны замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць значныя дасягненні ў развіцці навукі, адукацыі і культуры, палітычныя і грамадскія дзеячы. Званне замежны член РАПН па шматлікіх навуковых напрамках маюць больш за 50 вучоных розных краінаў з сусветнымі імёнамі ў навуковым свеце.
Выбары членаў у акадэмію праводзяцца не радзей за адзін раз у год. Такое выбранне з’яўляецца прызнаннем навуковых, творчых і арганізацыйных дасягненняў пэўнай асобы.

ГРОДНА СТАЎ ПАБРАЦІМАМ РАСІЙСКАГА ТАМБОВА

Дагавор аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей падпісаны ў час візіту ў Тамбоў дэлегацыі кіраўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Мэр Гродна Мечыслаў Гой і кіраўнік горада Тамбова Аляксей Кандрацьеў падпісалі таксама пратакол рэалізацыі дагавора на працягу 2015-2016 гадоў.
Устанаўленне пабрацімскіх адносінаў абодва бакі разглядаюць як аснову для плённага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай сферах. Дакумент прадугледжвае развіццё гандлёвага і эканамічнага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў сферы камунальнай гаспадаркі, узаемадзеяння па пытаннях навукова-тэхнічнага характару, а таксама ў галіне турызму, фізічнай культуры, адукацыі, аховы здароўя і культуры.
У Тамбове адбылася сустрэча гродзенскай дэлегацыі з кіраўніцтвам мясцовай адміністрацыі. Гродзенцы азнаёміліся з патэнцыялам расійскага абласнога цэнтра, правялі прэзентацыю свайго бізнэс-патэнцыялу ў Тамбоўскай абласной гандлёва-прамысловай палаце.
Запланаваны візіт у адказ дэлегацыі Тамбова ў Гродна (у першай палове мая бягучага года), да якога бакі падрыхтуюць канкрэтныя прапановы па супрацоўніцтве.

НА ГАІЦІ ЗАГІНУЛА АМАЛЬ 20 ЧАЛАВЕК

У сталіцы Гаіці Порт-о-Прэнс у другі дзень традыцыйнага штогадовага карнавалу Мардзі-Гра ў час праходжання святочнага парада па вуліцах горада на адну з платформаў зваліўся аголены провад з абарваных ліній электраперадач.
У выніку ўзгарання платформы 18 чалавек загінулі, 60 атрымалі пашкоджанні рознай ступені цяжару.
22-гадовая Наташа Сэнт-Флёр стала міжвольнай сведкай таго, што адбылося. Паводле яе словаў, толькі цуд дапамог ёй выжыць. Паводле інфармацыі крыніцы, з 18 загінулых сямёра знаходзіліся на платформе, астатнія ж сталі ахвярамі панікі і цісканіны, якая ўзнікла пасля ўзгарання. Паводле папярэдняй інфармацыі, трагедыю справакавалі дзеянні аднаго з удзельнікаў фестывалю, які паспрабаваў прыўзняць кабель, каб пад ім магла прайсці платформа.

БАЕВІКІ ІД СПАЛІЛІ ЗАЖЫВА 45 ЧАЛАВЕК У ІРАКУ

Баевікі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІД) пакаралі смерцю 45 чалавек у заходняй іракскай правінцыі Анбар.
Баевікі напалі на горад Аль-Багдадзі і захапілі ў заложнікі 45 чалавек з суніцкага племя, а потым зажыва іх спалілі.
Начальнік мясцовай паліцыі палкоўнік Касім аль-Абейдзі заявіў: пакуль няясна, што стала прычынай забойства. Сярод загінуўшых былі супрацоўнікі іракскіх сіл бяспекі.
Раней баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава» размясцілі ў інтэрнэце відэа, у якім паказана пакаранне смерцю 21 узятага імі ў палон у Лівіі егіпецкага хрысціяніна-копта.

СТВАРЭННЕ ФОНДУ ДАПАМОГІ ДЗЕЦЯМ

Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) і зорка сусветнага футбола Дэвід Бэкхэм аб’явілі аб стварэнні «7» — фонду дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад гвалту, жорсткага абыходжання або хваробаў.
Фонд «7» названы ў гонар сёмага гульнёвага нумара Дэвіда Бэкхэма ў зборнай Англіі і «Манчэстэр Юнайтэд».
Аб’яўленне аб гэтай ініцыятыве Дэвід Бэкхэм прымеркаваў да 10-й гадавіны сваёй дзейнасці ў ролі Пасла добрай волі ЮНІСЕФ. Ён плануе і на працягу наступных 10 гадоў выкарыстоўваць сваю рэпутацыю, уплыў і сувязі, каб дапамагаць самым неабароненым дзецям, прыцягваючы дадатковае фінансаванне, а таксама пабуджаючы кіраўнікоў краінаў свету прымаць меры ў інтарэсах дзяцей.
«Сёння дзеці маюць патрэбу ў дапамозе як ніколі раней. З таго часу, як я завяршыў кар’еру, у мяне з’явілася больш вольнага часу, і я хачу займацца значнымі, важнымі справамі, — сказаў Бэкхэм. — Менавіта таму разам з ЮНІСЕФ засноўваю гэты фонд.»

УРАЧЫСТАЯ ЦЫРЫМОНІЯ ПРЫНЯЦЦЯ ПРЫСЯГІ

Суддзі суда Еўразійскага эканамічнага саюза ўрачыста прынеслі прысягу.
З пачаткам работы суддзяў павіншаваў старшыня Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі, першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі. На цырымоніі таксама прысутнічалі паслы Арменіі, Казахстана і Расіі ў Беларусі, намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў.
Прадстаўляць інтарэсы Рэспублікі Беларусь у судзе ЕАЭС будзе Міністэрства юстыцыі. Адна з функцый суда — разглядаць спрэчкі наконт правамернасці таго ці іншага рашэння Еўразійскай эканамічнай камісіі. Таксама суд можа разглядаць пытанні адпаведнасці розных міжнародных дагавораў у рамках ЕАЭС або іх асобных палажэнняў Дагавору аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Падаваць іск у гэты суд таксама можна будзе наконт якіх-небудзь дзеянняў або бяздзейнасці ЕЭК. Суд размяшчаецца ў Мінску ў тым жа будынку, дзе раней дзейнічаў суд ЕўрАзЭС.

НАВУКОЎЦЫ ПАЧЫНАЮЦЬ ПОШУК ПАЗАЗЯМНЫХ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙ

Новую спробу ўсталяваць сувязь з пазаземнымі цывілізацыямі распачнуць спецыялісты Даследчага цэнтра SETI пры Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі. Праграма, якая павінна быць канчаткова зацверджана ў бліжэйшы час, мяркуе адпраўку спецыяльнага электроннага паслання да тых касмічных аб’ектаў, дзе могуць знаходзіцца параўнальныя з чалавечай формы жыцця. Зона пошукаў вызначана на адлегласці да 20 светлавых гадоў ад Зямлі.
“Я не выключаю, што ў космасе ёсць шматлікія цывілізацыі, аднак калі ні адна з іх не падае знешняму свету сігнал аб сваім існаванні, то ніхто нічога ніколі не пачуе”, — заявіў адзін з кіраўнікоў Даследчага цэнтра Дэвід Блэк. Ён паведаміў, што пакуль яшчэ ідзе выбар зместу паслання, якое будзе накіравана з Зямлі ў спробе ўсталяваць кантакт з братамі па розуму.
“Мы пакуль не вырашылі, ці будзе пасланне вынікам работы невялікага навуковага калектыву, або мы запросім праз інтэрнэт ўсё чалавецтва для яго напісання”, — заўважыў навуковец.

АТРЫМАННЕ ГЕНОМНАГА ПАРТРЭТА РУСКАГА ЧАЛАВЕКА

Навукоўцы Цэнтра геномнай біяінфарматыкі імя Дабржанскага Пецярбургскага дзяржуніверсітэта ўзяліся выявіць асаблівасці геному чалавека, уласцівыя рускім. Пра гэта распавяла навуковы супрацоўнік цэнтра Ганна Гарбунова. “Мы разлічваем, што праз тры гады даследаванняў, да 2018 года, мы атрымаем геномны партрэт рускага чалавека”, — сказала Гарбунова. На яе думку, адсутнасць такога партрэта тармозіць развіццё расійскай генетыкі і фарміндустрыі, бо адны і тыя ж лекавыя формы дзейнічаюць па-рознаму на прадстаўнікоў розных народаў. З яго з’яўленнем будзе зададзена сістэма каардынатаў, ад якой залежыць эфектыўнасць лячэння многіх захворванняў і, як следства, працягласць жыцця ў этнічнай групе.

БУДАЎНІЦТВА НОВАГА КАСМІЧНАГА АПАРАТА

Брытанскі мільярдэр Рычард Брэнсан заявіў аб пачатку будаўніцтва новага касмічнага карабля для палётаў турыстаў наўзамен папярэдняга такога апарата, які разбіўся пры выпрабаваннях у мінулым годзе.
Брэнсан заявіў, што яго фірма The Spaceship Company пачала ў ЗША будаўніцтва другога карабля SpaceShip Two. Па словах Брэнсана, яго кампанія мае намер пачаць будаўніцтва трэцяга апарата таго ж тыпу ўжо ў 2015 годзе.
Другі SpaceShip Two, па планах, прыступіць да выпрабавальных палётаў ўжо ў гэтым годзе. Аб гэтым раней заявіла кампанія Брэнсана Virgin Galactic, якая будзе займацца камерцыйнай эксплуатацыяй карабля.
Virgin Galactic заяўляе, што па-ранейшаму мае намер запусціць у калязямную прастору першую групу касмічных турыстаў ў 2016 годзе.
SpaceShip Two распрацоўваецца выключна для палётаў касмічных турыстаў. Мяркуецца, што ён будзе здзяйсняць палёты на вышыні 100 км па субарбітальнай траекторыі. Хуткасць такога палёту не дазваляе апарату стаць штучным спадарожнікам Зямлі, але дае магчымасць пасажырам выпрабаваць стан бязважкасці.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *