Опубликовал

Двайное шчасце

“Бедная ты наша, як ты спраўляешся?..” – часам чуе ад знаёмых пры сустрэчы мама двайнятак Паліна Назарава і заўжды адказвае на гэта: “Не трэба мяне шкадаваць, бо я – удвая шчаслівейшая”. Нарадзіць двайнят – гэта найвялікшае шчасце для матулі, не кожнай жанчыне яно дадзена. А для сям’і Назаравых першынцы Ілья і Стэфанія сталі працягам іх сямейнага цуда.

Пра сваю незвычайную рамантычную гісторыю кахання Паліна распавяла ў лісце, які даслала ў рэдакцыю газеты “Перамога”:
“Два адзінокія сэрцы знайшлі адзін аднаго ў інтэрнэце. Мы некаторы час размаўлялі па тэлефоне, Саша мяне адзін раз праводзіў дахаты. Потым на некаторы час ён знік. Я памірылася са сваім былым маладым чалавекам і, каб не тлуміць дарэмна Сашы галаву, вырашыла на гэтым спыніць наша з ім знаёмства. Саша прысвяціў мне адну песню, якая потым стала пастаяннай застаўкай на маім тэлефоне. І калі мае родныя чулі гэту песню, казалі: «Прывітанне Сашу Назараву». Пазней да Дня святога Валянціна ў раённай газеце «Перамога» быў артыкул, дзе маладыя людзі прызнаваліся ў каханні сваім другім палавінкам. Там было прызнанне Аляксандра Паліне. Усе вакол казалі, што гэта прызнанне мне, але я ў гэта не верыла: мінула ўжо больш за паўгода, ды і блізкіх адносінаў у нас не было, так, проста знаёмства. А праз некалькі месяцаў мне прыйшоў ліст, у якім была выразка з гэтай газеты, і прызнанне было вылучана колерам.

У мяне з’явілася адчуванне што я штосьці ўпусціла, і я вырашылася сама напісаць Сашу ліст. Праз два гады расстання з гэтага ліста ў нас усё пачалося зноў. Ён і цяпер захоўваецца побач з той самай газетай «Перамога». А песня, якую ён мне прысвяціў, стала песняй нашай сям’і”.

Закаханыя Паліна і Аляксандр, нібы ў працяг сваёй рамантычнай гісторыі і дзень для рэгістрацыі шлюбу выбралі асаблівы – 11.11.2011. Стаўшы разам на ручнік новага сямейнага жыцця, яны шчыра верылі, што ўсё ў іх будзе па-асабліваму, і цуды не прымусілі сябе чакаць. Праз два гады Паліна і Аляксандр ужо чакалі нараджэння такога жаданага першынца.

— Я вельмі хацела, каб у нас з мужам нарадзіліся двайняты, – згадвае Паліна. – Мама Сашы сама з двойні, таму верагоднасць была. Хоць я і чула, што такая спадчыннасць ёсць толькі па жаночай лініі, але ў душы спадзявалася.

Першае ультрагукавое даследаванне было для будучых бацькоў вельмі хвалюючым. Паліна, якая працавала дзіцячым псіхолагам, разумела: вельмі важна, каб усе паказчыкі былі ў норме. А калі доктар проста і коратка сказаў “У вас будзе двойня”, адчула, як міжвольная сляза радасці пакацілася па шчацэ, а рука мужа крыху мацней сціснула яе руку.

Добрыя навіны будучая мама першай паведаміла сваёй матулі, якая шчыра парадавалася за маладую сям’ю. Як згадвае сама Паліна, увесь перыяд цяжарнасці праходзіў на такой жа ноце ўзнёсласці, бясконцага шчасця і добрага настрою. Знаёмыя, якія бачылі жанчыну ў гэты перыяд, аўтарытэтна зазначалі:
— Добра выглядаеш. Пэўна, у цябе будзе хлопчык.
— У мяне будуць двайняты! – радасна адказвала на гэта Паліна.

Нараджэнне здаровых дзетак стала для Паліны і Аляксандра самым вялікім святочным падарункам: новы 2014 год Назаравы сустрэлі разам у сваім доме ў Засецці. Маладыя доўга і старанна выбіралі ў прылеглых да Дзятлава населеных пунктах той самы, менавіта іх дом, які стане сапраўдным сямейным гняздом. Тут з бацькоўскай любоўю і апекай падрастаюць брацік і сястрычка, Сцешка і Ільюшка Назаравы, лепшыя сябры адзін для аднаго.

— Яшчэ сама будучы маленькай, я пачула па тэлебачанні імя Стэфанія, – расказвае Паліна Назарава. – І вырашыла, што як падрасту і ў мяне народзіцца дачушка, яе абавязкова так назаву. Імя сына Ілья мы абралі за яго мілагучнасць.
Галоўным членам сям’і Назаравых, Сцешцы і Ільюшцы ўжо цэлы год і два месяцы. Гэта вельмі рухавыя і вельмі розныя па характары дзеткі. Усмешлівая і прыветлівая Стэфанія, як сапраўдная супермадэль, умее сябе паказаць, смела знаёміцца з людзьмі і дорыць усім шчырую дзіцячую ўсмешку. Ілья наадварот – сур’ёзна і ўважліва вывучае навакольны свет, новых людзей, быццам дае ўсяму сваю дзіцячую ацэнку.
— Адразу відаць – будучы прэзідэнт, – жартуе пра малога тата Аляксандр.
Паліну Назараву знаёмыя часта пытаюць, ці складана выхоўваць адразу дваіх дзяцей. “Не ведаю, мне няма з чым параўноўваць”, – толькі ўсміхаецца шчаслівая матуля. Усе бяссонныя гадзіны, якіх было ўдвая больш, чым звычайна, кампенсаваліся радасцю назіраць за тым, як дзеткі разам растуць, сябруюць адно з адным, падтрымліваюць і дапамагаюць. Свае першыя крокі дзеці зрабілі ў адну пару, а нядаўна Ілья навучыў Стэфанію катацца на машыне. Нават свавольнічаюць яны разам: там, дзе хтосьці нешта не дастане – другі падсадзіць і дапаможа. Ды і муж Паліны Аляксандр заўсёды побач: працуючы пазменна, вольны ад работы час ён прысвячае дзецям.
Ужо на развітанне, пакідаючы сям’ю Назаравых з іх штодзённымі прыемнымі клопатамі, я запыталася ў Паліны:
— Ці хочацца ў будучым яшчэ дзетак?
— Так, асабліва калі гэта будуць двайняты.

Н. АВЯРЧУК

0 0 1093 10 Март, 2015 Інтэрв'ю Март 10, 2015

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *