Якога колеру танец?

Падзеі

Якая музыка на дотык, вершы – на смак або якога колеру танец? На гэтыя дзіцячыя пытанні дарослыя дагэтуль шукаюць адказ. Танец, як дзяцінства, яскравы і рознакаляровы, лічыць харэограф Наталля Смірнова. Гэтаму яна вучыць маленькіх і юных дзятлаўчан у студыі сучаснага танца “Dance colour”. Падрабязнасцямі ў яе пацікавілася карэспандэнтка газеты.

 

— Наталля, чаму менавіта Дзятлава? Адкуль узнікла ідэя заснаваць студыю тут?
— Гады чатыры таму мы з удзельнікамі лідскай студыі танца неднаразова прыязджалі выступаць у Дзялаве. Нас вельмі цёпла прымалі дзятлаўскія гледачы, я пазнаёмілася і пасябравала з работнікамі культуры раёна, падтрымлівала сувязь з імі. А напрыканцы мінулага года ідэя, якая “лётала” ў паветры, нарэшце сфарміравалася: навошта прывозіць артыстаў з Ліды, калі Дзятлаўшчына сама багатая на юныя таленты? Я падкарэктавала свой працоўны графік, вызваліўшы для заняткаў два дні, і правяла набор груп.
— Як даўно існуе студыя, і хто займаецца ў ёй?
— “Dance colour” – студыя сучаснага танца, створаная ў снежні мінулага года для дзятлаўскіх дзяцей. На сёння ў ёй займаюцца тры ўзроставыя групы – самыя маленькія (з 4 да 7 гадоў), сярэдняя група (з 7 да 12) і старэйшая (з 13 да 18).
— Якім танцам вы вучыце дзяцей?
— Калі казаць пра танцавальныя напрамкі, то гэта ўсё, што адносіцца да вулічнага танца (street dance) – хіп-хоп, фанк-джаз, лірыка-джаз, усё, што танцуюць на вуліцы, ад балета да брэйка. З кожнай узроставай групай мы працуем па сваёй праграме. Калі, напрыклад, з малечай мы ставім дзіцячыя танцы, з сярэдняй групай бяром праграму больш складаную, а з падлеткамі працуем па танцавальных напрамках, як яны ёсць насамрэч, не спрашчаючы элементы.

— Кожны маленькі танцор марыць пра вялікую сцэну. Дзе можна будзе пабачыць вынікі працы ў студыі?
— Мяркую, на любых гарадскіх і раённых мерапрыемствах, куды нашых дзяцей будуць запрашаць. Вясной абавязкова пройдуць канцэрты-справаздачы студыі “Dance colour”, гэта будзе ў раённым Доме культуры ці ў адной са школ райцэнтра. Заўважу, што кожны выхаванец студыі, які абавязкова рэгулярна наведвае заняткі, дасягне выніку, кожны будзе выступаць на сцэне.
— Па якім крытэрыі вядзецца набор у студыю?
— Пакуль – толькі ўзроставым. Калі казаць аб прафесійных студыях, дзе ставяць сур’ёзныя задачы і выхаванцы працуюць на пэўны вынік, там і набор вельмі сур’ёзны. На сёння мне больш хочацца на пачатковым этапе бачыць у дзяцей жаданне танцаваць і вучыцца гэтаму. Звяртаючыся да бацькоў, хачу адзначыць: не спяшайцеся навешваць ярлыкі на сваё дзіця – “ён не можа”, “ён зацяты”, “ён не мае здольнасцяў”… Кожны з дзяцей па-свойму таленавіты і неардынарны, а бацькам трэба гэта разумець і як мага часцей хваліць сваіх дзяцей.
— Ваш слоган “Чакаем усіх!” – не жарты? У якім узросце яшчэ не позна пачаць танцаваць?
— Калі студыя стала працаваць, мне тэлефанавалі не толькі, каб запісаць сваіх дзяцей на танцы. Актыўнае жаданне займацца ў студыі выказвалі жанчыны сярэдняга веку, нават пенсійнага ўзросту. Таму цалкам верагодна, што ў будучыні, праўда, не самай бліжэйшай, у нас з’явіцца танцавальная група для дарослых.
— Наталля, з чаго пачыналіся танцы для вас?
— Танцую я вельмі даўно, гадоў з трох-чатырох. Аднойчы папрасіла маму мяне навучыць, “як тая цёця танчыць”, і мама адвяла мяне ў танцавальную студыю. З таго часу не расстаюся з танцам. Пачынала з народных танцаў, якія былі на той час вельмі папулярныя, пасля школы паступіла ў Міжнародны інстытут харэаграфіі ў Польшчу на спецыяльнасць “народныя танцы”. Сучасныя, бальныя і фізкультурныя танцы вывучала ўжо на дадатковых курсах і праграмах.
— Наколькі мне вядома, у вас ёсць дзве дачкі – шасці і васьмі гадоў. Яны таксама танцуюць?
— Так, яны займаюцца танцамі, але не ў мяне. Яны ўспрымаюць мяне найперш як маму, а не як настаўніка, таму ў нечым нават саромеюцца. Дзяўчынкі займаюцца бальнымі і сучаснымі танцамі. У гімназіі №1, дзе я працую, танцы выкладаюцца з 1 да 11 класа.
— Ці не стамляе жыццё паміж Лідай і Дзятлавам і што чакае студыю “Dance colour” у будучым?
— Адзінае, да чаго было цяжкавата прывыкнуць, – гэта дарога. Але вялізная яскравая дзіцячая энергетыка на нашых занятках кампенсуе гэтыя нязручнасці. Заўжды вяртаюся з Дзятлава дадому ў пазітыўным настроі. Дакладна магу сказаць, што мы будзем плённа працаваць увесь гэты навучальны год, а як будзе далей – залежыць ад колькасці наведнікаў у час летніх канікулаў.
— Каго яшчэ чакаеце ў студыі?
— Найперш тых, хто цікавіцца танцамі, але пакуль не верыць у сябе. Часцяком бачу ў час заняткаў, як школьнікі ціхенька стаяць за дзвярыма і назіраюць за тым, што мы робім. Не бойцеся, заходзьце. Думаю, усё атрымаецца.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *