Праверылі жыллё

Здарэнні і бяспека

Адбыўся сумесны рэйд раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага энерганагляду, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, у час якога работнікі дадзеных службаў наведалі домаўладанні сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, людзей, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі. Рэйд прайшоў у вёсках Навасёлкі, Галаўлі, Малдуці, Пенчыцы, Апаліна-Басіна Дзятлаўскага сельскага савета

КУРЭННЕ Ў ДОМЕ

Гэтая кепская звычка — найбольш распаўсюджана, нягледзячы на актыўную прафілактычную работу. У час мінулай праверкі да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты цяпер ужо беспрацоўны жыхар Галаўлёў. Мінулы раз, калі да яго зайшоў інспектар пажарнага дзяржнагляду, мужчына сядзеў на ложку, курыў і пры гэтым займаўся рамонтам бензапілы. Акрамя гэтых відавочных парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі, былі і іншыя: непабелены дымаход, які ўвогуле патрабуе капітальнага рамонту, паколькі пачаў разбурацца, сыплецца цэгла. Дом належыць СВК «Русь Агра»: гаспадарка і павінна займацца капітальным рамонтам дымахода. Па словах мужчыны, спецыялісты ўжо прыязджалі, глядзелі, што трэба адрамантаваць, але пакуль нічога не зрабілі. Пабяліць жа дымаход — гэта ўжо абавязак самога жыльца дома.

Ён паўторна папярэджаны і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці — у тым ліку і за чарговае курэнне ў доме. Дарэчы, паўторная заўвага вельмі ўсхвалявала яго — ён нават «у сэрцах» паабяцаў, што кіне курыць: будзе больш танна, чым пастаянна плаціць штрафы.

Яшчэ перад пачаткам ацяпляльнага сезона неабходна было пабяціль дымаход і жыхару вёскі Пенчыцы. Увогуле, у хаце гэтага чалавека дымаход старой канструкцыі, яго неабходна абкласці незгараемымі матэрыяламі, а не дошкамі.

Акрамя гэтага, як і ў жыхара Галаўлёў, у доме мужчыны былі заўважаны сляды курэння: ля канапы стаяла попельніца, попел таксама быў і на падлозе.

Усе парады мужчына ўспрымаў «у штыкі»: якраз на момант рэйду яму прыйшло пісьмо з суда, у якім нагадвалі аб неабходнасці заплаціць мінулы штраф за парушэнні пажарнай бяспекі.

З парушальнікам у чарговы раз праведзены інструктаж, указана на неабходнасць устанавіць у жыллі аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які, згодна са статыстыкай пажараў, выраватаў ужо не адно жыццё.

ДАРОСЛЫЯ «ДЗЕЦЮКІ»

Так па-вясковаму называюць тых сыноў, якія нідзе не працуюць, жывуць разам з бацькамі і за іх кошт, нярэдка злоўжываюць алкаголем. І ў такім стане могуць і руку падняць на бацькоў, і закурыць, лежачы на ложку, што заканчваецца пажарам. Разам з імі часта ў агні гінуць і іх састарэлыя бацькі — такія здарэнні нярэдкія ў пажарных зводках. Менавіта таму катэгорыя нідзе не працуючых грамадзян, якія жывуць разам са сваімі бацькамі, — таксама пад пільнай увагай ведамасных службаў.

У час рэйду іх прадстаўнікі наведалі грамадзяніна з катэгорыі непрацуючых ў вёсцы Малдуці. Беспрацоўным ён стаў з-за атрыманай траўмы. У час размовы мужчына адзначыў, што калі поўнасцю выздаравее, абавязкова ўладкуецца на работу. А пакуль ён дапамагае бацькам па гаспадарцы. Аб гэтым сведчылі чысціня і дагледжанасць. Мужчына курыць, аднак, як патлумачылі яго бацькі, ніколі не робіць гэтага ў хаце. Парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі ў доме не было, і таму з жыхарамі быў праведзены толькі прафілактычны інструктаж.

АБМЕЖАВАЛІСЯ ІНСТРУКТАЖОМ

Інструктаж — менавіта ім абмяжоўваюцца ведамасныя службы, калі ў жыллі грамадзян з катэгорыі рызыкі — чысціня і парадак, няма парушэння пажарнай бяспекі, калі яны не злоўжываюць алкаголем.

— Заўжды прыемна бачыць, калі людзі выпраўляюцца, — падводзіць вынікі рэйду інспектар раённага пажарнага нагляду Аляксандр Беленка, — прыводзяць сваё жыллё і сваё жыццё ў належны стан. У час цяперашняга рэйду інструктажом мы абмежаваліся ў размове з сям’ёй з катэгорыі сацыяльна-ненадзейных, якая жыве ў Апаліна-Басіна. У доме — парадак, чысціня, няма парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі. Гэта ж датычыцца і праверанага жылля ў вёсцы Пенчыцы: у доме жыве сям’я, дзе выхоўваюцца малыя дзеці. Ніякіх прэтэнзій да бацькоў не было.

А вось яшчэ адной сям’і, у якой ёсць непаўнагадовы сын, прыйшлося зрабіць заўвагу: электраправодка абклеена шпалерамі, у адным з пакояў адсутнічаў вонкавы корпус выключальніка. Мы абмежаваліся вусным папярэджаннем, тым больш, што гаспадыня патлумачыла, што зламаны ён быў нядаўна, і яна паабяцала тэрмінова выправіць гэты небяспечны недахоп.

Таксама адзначу і тое, што, размаўляючы з грамадзянамі, жыллё якіх мы правяралі і якія дазваляюць сабе курыць у хаце, мы прыводзілі ім прыклад пажараў з-за неасцярожнасці пры курэнні. Дарэчы, сёлета такі пажар адбыўся ў вёсцы Ахонава нашага раёна.
Пачуўшы прыклады з пажарных зводак, людзі рэагуюць па-рознаму. Так, напрыклад, жыхар вёскі Пенчыцы, калі мы наведалі яго, адказаў: «А што тут такога, усе кураць у хаце». Аднак варта памятаць, што нездарма ў народзе кажуць , што беражонага і Бог беражэ. І выкананне правілаў пажарнай бяспекі — залог захавання жыцця.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *