«Новыя імёны Беларусі»

Падзеі

«Адкрываем новыя імёны разам!» — пад такім дэвізам у Год моладзі з 16 лютага па 22 мая будзе праходзіць рэспубліканскі моладзевы вакальны конкурс «Новыя імёны Беларусі».

Яго арганізатарам выступае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

Асноўнымі мэтамі, якія ставяць перад сабой арганізатары, з’яўляюцца выяўленне маладых і таленавітых выканаўцаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, развіццё моладзевай аматарскай мастацкай творчасці, аб’яднанне людзей рознага ўзросту і далучэнне іх да актыўных формаў арганізацыі адпачынку, стварэнне ўмоваў для развіцця творчых здольнасцяў і пачуцця патрыятызму. Прыняць удзел у конкурсе могуць таленавітыя прадстаўнікі моладзі пярвічных арганізацый галіновых прафсаюзаў ва ўзросце ад 16 да 31 года.

Конкурс праходзіць у тры этапы. З 16 лютага па 1 сакавіка па ўсёй краіне адбудуцца раённыя адборачныя туры, пасля якіх кожны з 118 раёнаў Беларусі прадставіць па тры ўдзельнікі для ўдзелу ў абласных этапах конкурсу. Хто прадставіць Дзятлаўшчыну на абласной сцэне, будзе вызначана 25 лютага. Мерапрыемства пачнецца ў 16 гадзін у раённым Доме культуры. Заяўкі на ўдзел у раённым туры конкурсу прымаюцца да 16 лютага. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 2-21-71.

З 19 сакавіка па 15 красавіка пераможцы раённых конкурсаў выступяць у абласных этапах, дзе і вызначацца самыя таленавітыя маладыя людзі рэгіёнаў.

Па выніках абласных фіналаў конкурсу ў Мінск будуць запрошаны 49 маладых выканаўцаў з усёй краіны. Ім неабходна будзе прайсці рэспубліканскі адбор, у выніку якога журы вызначыць да 30 фіналістаў.

З 27 красавіка па 10 мая на працягу двух тыдняў канкурсанты будуць займацца з прафесійнымі вакалістамі, харэографамі і стылістамі ў адукацыйным цэнтры, прымуць удзел у канцэртах да свята Працы і Дня Вялікай Перамогі. У дзень правядзення 7-га з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў канкурсанты прадэманструюць свае таленты ў рамках фінальнага шоу-конкурсу на адной сцэне з народнымі і заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь.

Сапраўды жаданай узнагародай для кожнага пераможцы рэспубліканскага моладзевага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі» стане ўдзел у здымках з далейшай трансляцыяй тэлевізійнай версіі конкурсу на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі, ратацыя песень ў іх выкананні на папулярнай радыёстанцыі «Новае радыё», а таксама каштоўныя падарункі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

118 раёнаў, 6 абласцей, 1 краіна — мы адкрываем новыя імёны!

Дзятлаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *