Майстар лесу і будучы эканаміст

Падзеі

Свой прафесійны шлях Аляксандра Мыслівец звязала з лясной гаспадаркай. Цяпер дзяўчына працуе дыспетчарам у Дзятлаўскім лясгасе, да гэтага была майстрам лесу ў Лявонавіцкім лясніцтве. Асвойвала асаблівасці дадзенай галіны ў Полацкім лясным каледжы.

Чаму паступіла менавіта туды? Разважаючы над гэтым, Аляксандра адзначае, што абраная прафесія дазваляе як мага больш знаходзіцца на свежым паветры, у цесным кантакце з прыродай, што ў першую чаргу карысна для здароўя.

Па сумяшчальніцтве Аляксандра з’яўляецца яшчэ і сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» Дзятлаўскага лясгаса. На гэтай пасадзе яна толькі год, аднак за плячыма дзяўчыны — багаты вопыт удзелу ў акцыях і праектах ГА «БРСМ» у студэнцкія гады.

— Мы арганізоўвалі прафілактычныя акцыі па прапагандзе здаровага ладу жыцця, — узгадвае Аляксандра. — Гэта і флэш-мобы «Мяняем цыгарэту на цукерку», і мерапрыемствы накшталт «Не — нікаціну», «Стоп СНІД».

Шэраг мерапрыемстваў нашай студэнцкай пярвічкі ГА «БРСМ» былі прысвечаны ўшанаванню памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, у ліку якіх Аляксандр Гаравец — ваенны лётчык. Яго імя прысвоена Полацкаму лясному каледжу, на тэрыторыі навучальнай установы знаходзіцца і помнік А. Гараўцу.

З Полацкам звязаны і цяперашні жыццёвы этап Аляксандры: яна атрымлівае вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэце гэтага горада, рыхтуецца стаць эканамістам-менеджарам.

Менавіта таму ў асноўным вучобай цяпер заняты вольны час Аляксандры. Таксама яна любіць бавіць вольную хвілінку з сябрамі, якіх дзяўчына, сама ўраджэнка Віцебшчыны, шмат знайшла і ў Дзятлаўскім раёне.

Дарэчы, тут Аляксандра ўпершыню паспрабавала паўдзельнічаць у пейнтболе, спаборніцтвы па якім прайшлі з ініцыятывы раённага камітэта ГА «БРСМ» умінулым годзе. Першая спроба атрымалася паспяховай: каманда лясгаса заняла другое месца.

На будучыню Аляксандра разам са сваімі калегамі мяркуе паўдзельнічаць яшчэ раз у пейнтболе, у іншых праектах раённага камітэта ГА «БРСМ». Як сакратар пярвічкі гэтага грамадскага моладзевага аб’яднання — хоча актывізаваць работу з моладдзю. А яе прадстаўнікам Аляксандра перш за ўсё пажадала не ляніцца, імкнуцца праяўляць сябе, свае таленты ў конкурсах і праектах, паколькі, на думку дзяўчыны, марнае баўленне часу яшчэ нікога не прывяло да чагосьці добрага.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *