КОМПЛЕКСНЫ ПАДЫХОД

Падзеі

Гродзенская вобласць мае намер у 2015 годзе аднавіць вытворчасць свініны да 112,5 тысячы тон. У вобласці распрацавана і скарэкціравана з улікам рэалій 2014 года Праграма па нарошчванні аб’ектаў вытворчасці свініны на 2015 год, якая зацверджана старшынёй Гродзенскага аблвыканкама 26 студзеня.

Праграма прадугледжвае павелічэнне пагалоўя свіней да 663,5 тысячы галоў і атрыманне сярэднясутачных прывагаў па выніках года 639 грамаў, што на 44 грамы вышэй за ўзровень 2014 года. Гэта дазволіць галіне атрымаць у 2015 годзе 112,5 тысячы тон свініны, гэта значыць вярнуцца на ўзровень 2012 года.

— Свініна цяпер вельмі запатрабавана, мы не павінны ўпускаць момант і сваю выгаду. Трэба вельмі хутка вырашыць пытанне будаўніцтва і рэканструкцыі неабходных плошчаў. Асаблівая ўвага з боку спецыялістаў павінна быць нададзена выкананню патрабаванняў ветэрынарна-санітарнага кантролю, строгаму выкананню тэхналогій утрымання і кармлення жывёлін, — адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Пытанне выканання праграмы пастаўлена на асаблівы кантроль, аналізаваць стан справаў у свінагадоўлі будуць штомесяц.

Як растлумачыў начальнік упраўлення жывёлагадоўлі і племянной справы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Ігар Сарокін, у галіне арыентыровачна ў маі 2015 года плануюць увесці ў эксплуатацыю племянную ферму і рэпрадуктар у СВК імя Чарняхоўскага Карэліцкага раёна. Рэпрадуктар мяркуецца абсталяваць сучаснымі імпартнымі станкамі, сістэмамі кармлення і водапаення, іншымі неабходнымі прыладамі. У гэтым жа раёне вядзецца рэканструкцыя комплексу па адкорме свіней у СВК «Маяк-Заполле». У Карэліцкім раёне таксама пачата камплектацыя раней закрытага свінагадоўчага комплексу ў СВК «Лукі-Агра», туды ж пастаўлены 500 свінаматак. Праекты фінансаваліся праз крэдытныя лініі Банка развіцця.

У Зэльвенскім, Шчучынскім, Смаргонскім раёнах будуць аднаўляць пагалоўе на 4 дзеючых свінакомплексах. Акрамя таго, прынята рашэнне аб дакамплектаванні пагалоўем свабодных месцаў на дзеючых свінакомплексах, будаўніцтве дадатковых і рэканструкцыі пустых памяшканняў пад часовы адкорм свіней. Для гэтых мэтаў гаспадаркам выдзелена бюджэтная пазыка ў аб’ёме 35,6 мільярда рублёў.

За мінулы год вобласць выпусціла свініны 98,1 тысячы тон.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *