У студыі акрабатыкі і цыркавога майстэрства

Падзеі

Размінка, мосцік, шпагат, пераварот — усю гэтую спартыўную тэрміналогію цяпер можна пачуць, наведаўшы Дзятлаўскі раённы дом культуры: з верасня мінулага года тут пачала дзейнічаць студыя акрабатыкі і цыркавога майстэрства. Ёсь и харэаграфічная група.

Яе кіраўнік — Валерый Анатольевіч Герасіменка. На Дзятлаўшчыну ён пераехаў з Ліды, дзе 19 гадоў вёў студыю «Міксі». Сам жа Валерый Анатольевіч асвойваў акрабатычнае майстэрства ў Ленінградзе, у студыі, якая працавала пры Доме культуры Ленсавета. Сюды ён прыйшоў займацца ў 21-гадовым узросце. Па мерках акрабатыкі і мастацкай гімнастыкі гэта было ўжо позна. Тым не менш, цярпенне і настойлівасць маладога чалавека далі свае станоўчыя вынікі.

Назапасіць цярпення неабходна і цяперашнім наведвальнікам студыі Дзятлаўскага раённага дома культуры. Паколькі толькі цярплівыя, зазначае Валерый Анатольевіч, могуць дасягнуць неабходнага ўзроўню для таго, каб паказаць акрабатычныя нумары і кампазіцыі на кальцы, з дапамогай палатна, бамбука. Пагадзіцеся, такія выступленні заўжды глядзяцца прыгожа. Толькі каб падырхтаваць такі нумар, гімнасту спатрэбяцца сіла волі, настойлівасць, шматгадзінныя трэніроўкі.

У студыі акрабатыкі Дзятлаўскага раённага дома культуры трэніроўкі праходзяць з аўторка па суботу. Доўжацца на працягу паўтары гадзіны. І пачынаецца ўрок з размінкі, у час якой наведвальнікі студыі распрацоўваюць мышцы, каб пасля стаць на мосцік, зрабіць пераварот, паспрабаваць сябе на паветраным палатне. Трэніроўка за трэніроўкай — і вось ужо некаторыя юныя гімнасты садзяцца на шпагат. Колькі дакладна на гэта спатрэбіцца часу? Пэўнага адказу на пытанне няма, паколькі ўсё залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў гімнаста.

Займаюцца ў студыі як дзеці, так і падлеткі.

— Прымаем у студыю дзяцей ва ўзросце 7-8 гадоў, — расказвае Валерый Анатольевіч. — З маленькімі займацца складана, яны ўспрымаюць гэта як гульню. А тут трэба ўсвядомлена працаваць.

Большасць з наведвальнікаў студыі спрабуюць сябе ў мастацкай гімнастыцы і акрабатыцы, восем чалавек асвойваюць цыркавы жанр. Перш за ўсё,вучацца жангліраваць. І каб зрабіць гэта, патрэбна выдатная каардынацыя.

— Вельмі добра, — дзеліцца Валерый Анатольевіч, — калі той, хто вучыцца жангліраваць, умее іграць на музычным інструменце: у яго ўжо развіта каардынацыя рук. А вось у нумары з клаўнадай абавязкова павінен выступаць не сарамлівы чалавек, упэўнены ў сабе, які зможа імправізаваць на сцэне. Увогуле, цыркавы жанр, а таксама акрабатыка і гімнастыка — гэта шоу, якое павінна падабацца гледачу. І гімнаст павінен на сцэне не толькі добра адпрацаваць нумар, але і яшчэ прыгожа выйсці на сцэну, у прыгожым касцюме, з усмешкай на твары. І я абавязкова тлумачу гэта дзяўчынкам, калі яны рыхтуюцца да выхаду на сцэну.

Выступаюць наведвальнікі студыі пакуль не так часта: патрэбна яшчэ шмат працаваць. Тым не менш, ужо на адкрыццё абласнога семінару кіраўнікоў аматарскіх тэатральных калектываў студыя падрыхтавала харэаграфічную кампазіцыю з элементамі акрабатыкі. А ў час каляднага канцэрту гледачы ўбачылі выступленне Анастасіі Вакуліч. Дзяўчына таксама займаецца ў тэатральнай студыі «Мелодыя душы». Як і яшчэ адна наведвальніца студыі акрабатыкі Кацярына Губко. Дарэчы, гледачы таксама змаглі пабачыць яе выступленне ў час святочнага канцэрту з нагоды праваслаўных калядаў. Разам з Таццянай Сівай Каця паказала акрабатычную кампазіцыю на століку.

Анастасія Вакуліч прадэманстравала акрабатычнынумар на палотнах, у яе гэта някепска атрымалася.

— Я з дзяцінства марыла займацца гімнастыкай, — расказвае Насця. — Мне заўжды падабалася глядзець выступленні гімнастак па тэлебачанні. Вельмі прыгожыя нумары. Вядома, я разумела, што займацца гімнастыкай вельмі складана, але не ўяўляла наколькі. Цяпер, калі займаюся сама, разумею, што гэта вельмі цяжкая праца.

Таксама я спрабую сябе і ў цыркавым жанры, вучуся жангліраваць булавамі. Пакуль, на жаль, не ўсё атрымліваецца.

Дар’я Ёдчык працуе над акрабатычным нумарам на паветраным кальцы.

— Вядома, — гаворыць Даша, — спачатку было страшна. Аднак я паўтараю для сябе, што ў мяне ўсё атрымаецца, я змагу. Таксама асвойваю і цыркавое майстэрства. Вучуся жангліраваць кольцамі. Рабіць гэта даволі складана. Патрэбна шмат цярпення. Займаюся шмат дома, у тым ліку і гімнастыкай, распрацоўваю мышцы.

Ксенія Кароль прыйшла ў студыю акрабатыкі па парадзе сяброўкі. Пакуль не пашкадавала аб гэтым.

— Я ўжо ўмею станавіцца «на мосцік, выконваць такія акрабатычныя нумары як перавароты, кола. У марах — навучыцца выконваць акрабатычныя нумары на палотнах.

Вядома, здараецца, што ў час трэніровак у мяне не ўсё атрымліваецца. Аднак я не засмучаюся, разумею, што трэба настойліва працаваць далей.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *