У Парэцкай амбулаторыі — новы адрас

Падзеі

Падарункам для жыхароў аграгарадка Хвінявічы і ўсяго насельніцтва Парэцкага сельскага савета напярэдадні Калядаў і Новага года стала адкрыццё абноўленай амбулаторыі доктара агульнай практыкі. Яна размясцілася ў цэнтры аграгарадка, па суседству з дзіцячым садком.

Цяпер Парэцкая амбулаторыя, на абслугоўванні якой знаходзяцца 1234 чалавекі, — гэта ўтульныя кабінеты, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням, новае медыцынскае абсталяванне — для правядзення аналізаў, фізіятэрапеўтычных працэдураў. Ёсць стаматалагічны, аглядавы, педыятрычны, працэдурны кабінеты, лабараторыя, пакой адпачынку для медперсаналу. Калектыў амбулаторыі складаюць 7 чалавек, загадвае ўстановай аховы здароўя Віктар Мікалаевіч Акулевіч.

У час урачыстага адкрыцця амбулаторыі, на якім прысутнічалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Іосіфавіч Крахмальчык, намеснік старшыні Мікалай Валер’евіч Мацюкевіч, галоўны доктар раённай бальніцы Віктар Віктаравіч Кароткі, старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Ядэйка, яе загадчык Віктар Мікалаевіч Акулевіч ад імя ўсяго медперсаналу падзякаваў кіраўніцтву раёна, будаўнікам за рэканструкцыю ўстановы аховы здароўя.

Права перарэзаць чырвоную стужку перад уваходам ў новую амбулаторыю было прадастаўлена старшыні Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчыку і галоўнаму доктару раённай бальніцы В. В. Кароткаму .

Звяртаючыся з прамовай да прысутных на ўрачыстым адкрыцці амбулаторыі, старшыня райвыканкама пажадаў напярэдадні надыходзячых святаў дабрабыту, міру, здароўя. Ну, а наконт дажджу, які суправаджаў мерыпрыемства, пажартаваў : «Гэта — да добрага ўраджаю».

З адкрыццём амбулаторыі жыхароў аграгарадка таксама павіншавалі галоўны доктар раённай бальніцы В. В. Кароткі, старшыня Парэцкага сельвыканкама А. А. Ядэйка.

Асвяціў установу аховы здароўя настаяцель Барысаглебскага храма ў вёсцы Накрышкі іерэй Аляксей Сцепановіч.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *