Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І.Крахмальчык расказвае,што зроблена ў 2014 годзе, што трэба зрабіць у наступным, 2015-ым

Падзеі

— На рубяжы гадоў мы традыцыйна рахункуем здабыткі, акрэсліваем задачы на бліжэйшую будучыню. Што скажаце, Іван Іосіфавіч, пра год, які ўжо мінае, і пра планы на будучы?
— Сёлета нашы сельгаспрадпрыемствы атрымалі валавой продукцыі на суму больш за 515 мільярдаў рублёў. Сабрана 68 тысяч тон зерня, ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур з улікам кукурузы склала 38,3 цэнтнера з гектара. Самую высокую ўраджайнасць збожжа і зернебабовых атрымаў СВК “Жукоўшчына” – 52,5 цэнтнера з гектара. У тройцы лідараў – СВК “Русь-Агра” (49,9 цэнтнера) і СВК “Граніт-Агра” (46,9 цэнтнера).
Вырашчаны і сабраны неблагі ўраджай бульбы – 9200 тон пры ўраджайнасці 170 цэнтнераў з гектара. Накапана 90800 тон цукровых буракоў, ураджайнасць склала 404 цэнтнеры з гектара. У бягучым годзе вырошчваннем гэтай культуры займаліся ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна. Нарыхтавана 58,1 тысячы кармавых адзінак травяных кармоў – па 21,9 цэнтнера кармавых адзінак з разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы.
Атрымана 4600 тон алейнага насення рапсу, што склала 130 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Ураджайнасць рапсу – 17 цэнтнераў на круг. Самай высокай ўраджайнасцю рапсу адзначыўся СВК “Граніт-Агра” – 34,1 цэнтнера з гектара.
Вытворчасць малака павялічылася на 1,3 працэнта і склала амаль 51 000 тон. Сярод гаспадарак самы высокі надой малака ад каровы, які пераўзышоў шасцітысячны рубеж, атрыманы ў СВК “Жукоўшчына” – 6150 кілаграмаў. Больш за пяць тысяч кілаграмаў малака ад каровы (5380) атрымана ў СВК “Граніт-Агра”.
— Чаго ўдалося дасягнуць за год на шляху мадэрнізацыі сельгасвытворчасці, укаранення новых тэхналогій?
— Працягваецца работа па канцэнтрацыі вытворчасці і ўкараненні новых тэхналогій. У раёне ўжо працуюць 11 малочнатаварных фермаў новага пакалення з даільнымі заламі, на якіх утрымліваецца амаль 60 працэнтаў пагалоўя дойнага статку.
У 2014 годзе ў СВК “Хвінявічы” ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга новай малочнатаварнай фермы на 777 галоў паблізу вёскі Парэчча. У СВК “Дварэц-Агра” вядзецца будаўніцтва бульбасховішча на 2000 тон.
За кошт уласных сродкаў правялі рэканструкцыю жывёлаводчых памяшканняў для вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы СВК “Войневічы” (ферма “Лядзіны”), СВК “Слава працы” (ферма “Лявонавічы”), СВК “Дварэц-Агра” (ферма “Івязь”).
Гаспадарчым спосабам рабілася рэканструкцыя малочнатаварных фермаў у СВК “Жукоўшчына” (ферма “Краглі”), СВК “Белагурна” (ферма “Белагурна”), СВК “Слава працы” (ферма “Падвялікае”).
Асноўнай задачай на 2015 год з’яўляецца павышэнен эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу. Інтэнсіўны шлях развіцця і ўкаранення перадавых тэхналогій – вось наша галоўная мэта. Важнейшымі задачамі галіны на бліжэйшую перспектыву стануць фарміраванне канкурэнтаздольнай вытворчасці сельгаспрадукцыі і павелічэнне рэнтабельнасці продажу. Яшчэ адной важнай задачай у жывёлагадоўлі для нас з’яўляецца далейшая мадэрнізацыя малочнай вытворчасці, у земляробстве – пашырэнне плошчаў кармавых культур для поўнага забеспячэння травянымі кармамі пагалоўя жывёлы.
— Як ацэніце работу прамысловых прадпрыемстваў раёна?
— У бягучым годзе былі захаваны і прымножаны станоўчыя тэндэнцыі ў развіцці прамысловага комплксу раёна, які налічвае 12 прамысловых прадпрыемстваў. За 2014 год вытворчасць прамысловай прадукцыі дасягне 1 трыльёна рублёў.
Павялічылі аб’ёмы вытворчасці сырзавод, ільнозавод, спіртзавод, вінна-гарэлачны завод, райбыткамбінат. Удзельная вага новай прадукцыі нашых прадпрыемстваў штогод складае 15-18 працэнтаў. Для перапрацоўкі ў 2015 годзе нарыхтавана на 8,6 працэнта больш ільнотрасты, у 2 разы больш – бульбы, павялічылася нарыхтоўка зерня і рапсу.
Значная работа была праведзена для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы і мадэрнізацыі прадпрыемстваў. За 2014 год арганізацыямі раёна прыцягнута інвестыцый на 350 мільярдаў рублёў. Аб’ём інвестыцый у развіццё прамысловых прадпрыемстваў павялічыўся ў 2,5 раза. Вялікі аб’ём інвестыцый штогод накіроўваюцца на мадэрнізацыю вытворчасці сырзавода. Сёлетняя рэалізацыя інвестыцыйнага праекта “Рэканструкцыя наяўнага вытворчага памяшкання пад цэх для вытворчасці сыру “Рыкота” дазволіць павялічыць выпуск сыру на 1 тону за змену ці на 700 тон за год. Акрамя таго, выкарыстанне сыроваткі падсырнай павялічыць глыбіню перапрацоўкі малака.
Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Изоком-Пласт” рэалізавала інвестпраект “Устаноўка лініі па вытворчасці полівінілхларыдных трубаў для вонкавай каналізацыі”.
Сёлета падыходзіць да завяршэння інвестыцыйны праект “Будаўніцтва санаторыя “Радон”-Альфа” на 250 месцаў з поўным комплексам абслугоўвання”. Значныя аб’ёмы інвестыцый у мадэрнізацыю вытворчасці накіроўвалі іншыя прамысловыя прадпрыемствы.
Сёлета доўжылася работа па расшырэнні экспарту, аптымізацыі аб’ёму і структуры імпарту для захавання ўстойлівага станоўчага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Па выніках 2014 года чакаецца аб’ём экспарту з раёна на 32,1 мільёна долараў ЗША. Найбольш буйнымі экспарцёрамі прадукцыі з’яўляюцца сырзавод (удзельная вага экспарту якога складае 71,9 працэнта), алейна-тлушчавы камбінат (13,9 працэнта), экспартна-сартавальная база (6,4 працэнта), крухмальны завод (3,1 працэнта).
Экспарт паслуг складзе за год 3,8 мільёна долараў ЗША. Самым буйным экспарцёрам паслуг з’яўляецца санаторый “Радон” (94,4 працэнта).
Аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю па раёне за 2014 год складзе 465 мільярдаў рублёў (104,5 працэнта да ўзроўню 2013 года ў супастаўных цэнах). Самым буйным суб’ектам гандлю з’яўляецца Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства (яго ўдзельная вага ў агульным аб’ёме тавараабароту раёна складае 37,7 працэнта).
Сёлета завершана рэканструкцыя другога паверху “Дома гнадлю” з устаноўкаю аўтаматызаванай сістэмы разлікаў.
Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Евроторг” будуе супермаркет у Дзятлаве, завяршэнне будаўніцтва запланавана на 2015 год.
— Будаўнічы комплекс раёна прадвызначае вытворчую і сацыяльную перспектыву раёна. Што на рахунку будаўнікоў за 2014 год?
— За 10 месяцаў 2014 года ў раёне ўведзены ў эксплуатацыю 6 291 квадратны метр жылля (92,9 працэнта да гадавога задання). Здадзены 72-кватэрны дом ЖБСК №17 “Фаварыт Дзятлава” агульнаю плошчаю 4114 квадратных метраў, група жылых дамоў на 4 кватэры ў аграгарадку Круцілавічы, 8-кватэрны дом у аграгарадку Дварэц. На рахунку індывідуальных забудоўшчыкаў 1402 квадратныя метры жылля.
Аб’ём падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі будаўнічых арганізацый раёна за 11 месяцаў, склаў 60,79 мільярда рублёў (80 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2013 года ў супастаўных цэнах). У тым ліку: ПМС – 20,87 мільярдаў (тэмп росту – 96,3 працэнта), МПМК №147 – 12,74 мільярда (тэмп росту – 73,3 працэнта), ДРБУ №119 – 14,7 мільярда (тэмп росту – 90,7 працэнта), “Будкомплекс” – 9,79 мільярда ( тэмп росту – 71,4 працэнта), “Дзятлаварамбуд” – 2,67 мільярда (тэмп росту – 38,2 працэнта).
Па аб’ектах, дзе заказчыкам выступала ўпраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама, асвоена 16,17 мільярда рублёў і выкананы наступныя работы: мадэрнізацыя даху і фасадаў адміністрацыйнага будынку па вуліцы Кастрычніцкай, 56 у Дзятлаве (1 331 мільён рублёў); размеркавальныя сеткі і добраўпарадкаванне да групы дамоў на 4 кватэры ў Круцілавічах (342 мільёны)???; падвод інжынерных сетак да 8-кватэрнага дому ў Дварцы (1 962 мільёны рублёў); размеркавальныя сеткі і добраўпарадкаванне да 72-кватэрнага дома ЖБСК “Фаварыт Дзятлава” ў Дзятлаве (833 мільёны рублёў)???; сеткі каналізацыі ў мікрараёне вуліцы Біцько (2 820 мільёнаў рублёў); праезд ад мікрараёна шматпавярховай забудовы па вуліцы Навагрудскай да вуліцы Кірава (2 784 мільёны рублёў); добраўпарадкаванне мікрараёна па вуліцах Леніна і Кабяка ў Дзятлаве (133 мільёны рублёў); мадэрнізацыя харчблока Хвінявіцкай школы-саду (927 мільёнаў рублёў); рэканструкцыя інтэрната пад шматкватэрны дом па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве (1 096 мільёна рублёў); дом для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў у Дзятлаве (3 943 мільёны рублёў).
У аграгарадку Хвінявічы будынак дзіцячага саду рэканструяваны пад амбулаторыю (244,3 мільёны рублёў).
У 2014 годзе доўжылася будаўніцтва і рэканструкцыя сельгасаб’ектаў. На будаўніцтве МТФ у СВК “Хвінявічы” асвоена 67, 2 мільярда рублёў, у тым ліку ў 2014 годзе – 5,26 мільярда. Гаспадарчым спосабам выканана рэканструкцыя малочнатаварных фермаў СВК “Жукоўшчына”, “Белагурна”, “Вензавец”, “Слава працы”, “Войневічы”.
— У фарміраванні сацыяльнага мікраклімату грамадства актыўна ўдзельнічаюць установы сацыяльнай сферы. Чым яны вызначыліся за год?
— Сістэма адукацыі раёна налічвае 34 установы: у гэтай колькасці — гімназія, 6 сярэдніх школ, базавая школа, 9 школ-дзіцячых садоў, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, 8 дзіцячых садоў, 3 установы дадатковай адукацыі, ДЮСШ, сацыяльна-педагагічны цэнтр з сацыяльным прытулкам, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
З улікам дэмаграфічнай сітуацыі і перспектываў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2014 годзе выканана рацыяналізацыя сеткі ўстановаў адукацыі: 2 установы закрыты і 3 установы рэарганізаваны. Для падвозу вучняў набыты яшчэ адзін аўтобус, цяпер іх усяго 9.
Бюджэтныя выдаткі ўстановаў адукацыі за 11 месяцаў 2014 года з улікам сродкаў, што выдаткаваны на рэалізацыю дзяржаўных праграмаў, прафінансаваны ў памеры 80,3 мільярда рублёў. На рамонтныя работы накіраваны 3,9 мільярда рублёў. Найбольш значны рамонт зроблены ў Хвінявіцкай школе-садзе. На мацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы паводле праграмы развіцця сістэмаў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі накіраваны 700 мільёнаў рублёў, 200 мільёнаў рублёў – пазабюджэтных сродкаў. Для патрэбаў установаў адукацыі куплены персанальныя камп’ютары, абсталяванне рабочых месцаў вучня і настаўніка, праекцыйная тэхніка, школьныя дошкі, мэбля лінгафонных кабінетаў і кабінетаў інфарматыкі, вучнёўская мэбля.
Адпаведна праграмы пераабсталявання харчблокаў штогод выконваецца іх мадэрнізацыя. Каб зрабіць харчаванне школьнікаў больш танным, у сельгаспрадпрыемствах раёна нарыхтоўваюцца бульба і агародніна. З 1 верасня 2013 года харчаванне ў гарадскіх установах арганізавана аддзелам адукацыі, што дазволіла забяспечыць гарачым харчаваннем 98 працэнтаў вучняў.
Педкалектыў нашага раёна складаюць 633 педагагічныя работнікі. Замацаванне маладых спецыялістаў склала 58 працэнтаў. У рамках інавацыйнага развіцця працуюць 6 установаў: гімназія, СШ №3, Наваельнянская, Гезгалаўская сярэднія школы, Вензавецкая школа-сад, СШ №1.
Ва ўстановах дашкольнай адукацыі выхоўваюцца 930 дзяцей. Ахоп дашкольнаю адукацыяй стабільна высокі і складае 88 працэнтаў (па вобласці – 80,7 працэнта). Усе дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы. Паказчык здароўя выхаванцаў дашкольных установаў застаецца адзін з лепшых у вобласці.
У 2014 годзе ў вышэйшыя навучальныя ўстановы паступілі 50,3 працэнта выпускнікоў (у 2013 годзе – 59 працэнтаў), з гэтай колькасці 81,1 працэнта – на бюджэтную форму навучання (у 2013 годзе – 74 працэнты). Кожны пяты (21 працэнт) выпускнік 11-х класаў выбраў педагагічную спецыяльнасць, палавіна з іх навучаюцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Палепшылася выніковасць удзелу школьнікаў у рэспубліканскіх і абласных конкурсах. У 2014 годзе вучні раёна здабылі 5 дыпломаў рэспубліканскіх творчых конкурсаў і 30 дыпломаў – абласных.
Зменшылася колькасць непаўналетніх, якія стаяць на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх – з 17 у 2013 годзе да 12 у 2014 годзе.
— Над чым кіраўніцтву сістэмы адукацыі і педкалектывам раёна давядзецца працаваць у 2015 годзе?
— Пакуль ніжэй абласнога ўзроўню застаецца ў раёне забеспячэнне сучаснымі сродкамі навучання – 80 працэнтаў супраць 84 абласных. Пажадана павысіць выніковасць цэнтралізаванага тэсціравання: толькі па трох прадметах раённы вынік вышэйшы за абласны. Трэба набыць два новыя аўтобусы для падвозу школьнікаў замест старых, у якіх закончыўся тэрмін эксплуатацыі. Патрэбна адрамантаваць тры харчовыя блокі і набыць для іх тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне. У трох установах адукацыі патрэбны рамонт фасадаў з цеплавой рэабілітацыяй, заменай аконных і дзвярных блокаў.
— Дзейнасць установаў аховы здароўя не абыходзіцца без нараканняў, асабліва датычных прыёму у паліклініцы і нястачы профільных дактароў. Што зроблена для павышэння ўзроўню нашай медыцыны?
— Медыцынскую дапамогу жыхарам раёна аказваюць цэнтральная раённая бальніца, 2 гарадскія бальніцы, бальніца сястрынскага догляду, 4 амбулаторыі, 20 ФАПаў. Ва ўсіх амбулаторыях ёсць ложкі для дзённага лячэння.
У ЦРБ працуюць 716 чалавек, з іх 83 – дактары, 306 – сярэднія медыцынскія работнікі, 193 – малодшыя медыцынскія работнікі. У 2014 годзе пасля праходжання інтэрнатуры прыбылі на першае месца працы 12 дактароў (7 з іх нарадзіліся на Дзятлаўшчыне) і 17 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Усе забяспечаны жыллём: дактары паселены ў кватэры, сярэднія медыцынскія работнікі – у інтэрнат.
У 2014 годзе завершаны рамонт прыёмнага аддзялення ЦРБ, добраўпарадкавана тэрыторыя каля раённай паліклінікі, Парэцкая амбулаторыя пераселена ў абноўлены будынак. Завяршаецца рамонт памяшкання аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі. Усяго выдаткавана на рамонты 2,3 мільярда рублёў. Набыты 19 адзінак медыцынскага абсталявання на суму 361 мільён рублёў, атрыманы аўтамабіль хуткай дапамогі “Любава”.
Варта адзначыць станоўчыя зрухі ў ахове здароўя насельніцтва: змяншэнне агульнай смяротнасці (за 11 месяцаў 2014 года – на 3,4 працэнта), змяншэнне смяротнасці ў працаздольным узросце (яна склала 6,3 працэнта), змяншэнне лятальнасці ад вострага інфаркта міякарда, змяншэнне смяротнасці ад хваробаў сардэчна-сасудзістай сістэмы ў працаздольным узросце, змяншэнне ўзроўню пярвічнай інваліднасці.
Нараджальнасць у 2014 годзе вырасла да 11,1 працэнта.
Асноўнымі задачамі аховы здароўя на 2015 год з’яўляюцца змяншэнне ўзроўню смяротнасці ў працаздольным узросце, змяншэнне цяжкасці інваліднасці, выяўленне анкалагічных хваробаў на ранніх стадыях захворвання.
— Сярод нас жывуць людзі, якія не могуць абысціся без сацыяльнай дапамогі дзяржавы, грамадства. Што для іх зроблена?
— У раёне жывуць 9954 пенсіянеры, 1118 чалавек ва ўзросце 80-89 гадоў, 76 чалавек ва ўзросце 90-99 гадоў і 5 чалавек, якія дасягнулі 100-гадовага ўзросту.
На ўліку ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання знаходзяцца 720 адзінокіх; 4 625 чалавек, якія жывуць адзінока; 214 шматдзетных сем’яў; 640 няпоўных сем’яў; 98 сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда.
Штогод у раёне павялічваюцца выдаткі на выплату пенсій: у 2010 годзе – 59,9 мільярда рублёў, у 2011 годзе – 88 мільярдаў рублёў, у 2012 годзе – 172,3 мільярда рублёў, у 2013 годзе – 233,3 мільярда рублёў, у 2014 годзе – 251,2 мільярда рублёў. На 1 снежня 2014 года сярэдні памер працоўнай пенсіі па ўзросце склаў 2471,2 тысячы рублёў.
Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў 2014 годзе выдана 466 грамадзянам на суму, якая большая за 1 мільярд рублёў.
Штогод праводзіцца абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і адзінокіх пажылых грамадзян. Па выніках абследавання райвыканкам зацвярджае мерапрыемствы для аказання ім дапамогі бытавога характару. У 2014 годзе 28 чалавекам адрамантаваны пячны абагрэў, 42 – электраправодка, 10 – устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Плануецца накіраваць на гэтыя мэты ў 2015 годзе 80 мільёнаў рублёў.
Аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ў 2014 годзе аказала больш за 1 600 сацыяльна-бытавых паслуг на даму адзінокім непрацаздольным грамадзянам па сацыяльна нізкіх цэнах.
У бясплатны пракат выдаюцца тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі.
Актыўна працуе аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму, якое абслугоўвае 556 адзінокіх і людзей, якія жывуць адзінока. Надомнае абслугоўванне практыкуецца ў 165 паселішчах. На бясплатным абслугоўванні – 20 чалавек, на абслугоўванні з частковай аплатай – 126, на платным – 410.
Планамі на 2015 год прадугледжана адкрыццё “крызіснага пакою” для асобаў, якія пацярпелі ад дамашняга гвалту, укараненне інавацыйных формаў сацыяльнага абслугоўвання найменш сацыяльна абароненых людзей – арганізацыя дамоў зімоўкі, прыёмных і апякунскіх сем’яў, укараненне дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў сацыяльным абслугоўванні насельніцтва.
— Якія будуць вашы, Іван Іосіфавіч, пажаданні да святаў?
— Дзякую ўсім старанным работнікам сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, сувязі, сацыяльнай сферы за працу. Выказваю павагу і ўдзячнасць ветэранам вайны і працы, якія ў папярэднія гады ўнеслі вялікі ўклад ў развіццё раёна.
Шаноўныя дзятлаўчане! Ад імя раённага выканаўчага камітэта і асабіста віншую вас з Новым годам, з Калядамі! Жадаю здароўя, прафесійнага поспеху, сямейнага ладу, удачы і радасці.
З новымы 2015 годам!



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *