Прафілактыка бытавых парушэнняў

Здарэнні і бяспека

У Беларусі ахоўнікі праварадку праводзілі спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Быт». Асноўная яго мэта — прафілактыка асацыяльных паводзінаў грамадзян у сферы сямейна-бытавых адносінаў, папярэджанне п’янства. Вартаўнікі парадку таксама актывізавалі работу па накіраванні хранічных алкаголікаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

У рамках мерапрыемства «Быт» адбылося пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры Казлоўшчынскім сельскім савеце. Удзел у прафілактычным мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі адміністрацыі сельвыканкама, АУС Дзятлаўскага райвыканкама, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, школы, СВК «Слава працы».

На пасяджэнні былі разгледжаны паведамленні, якія паступілі ў Казлоўшчынскі сельвыканкам ад раённых правахоўнікаў і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Віноўныя ў парушэннях былі выкліканы на пасяджэнне савета аховы правапарадку. На прафілактычную гутарку былі запрошаны і некаторыя грамадзяне з катэгорыі рызыкі.

Людзей, якія былі выкліканы на пасяджэнне савета аховы правапарадку, яднае адно — алкаголь. Адзін з грамадзян гнаў самагон: праваахоўнікі знайшлі ў яго самагонны апарат, 80 літраў брагі.На мужчыну складзены два адміністрацыйныя пратаколы. Двух мужчын на савет прафілактыкі прывяло ўжыванне алкаголю: выпівалі яны ў час работы, пасля чаго пасварыліся. Вінаватыя павінны будуць заплаціць штраф. Трэцяя гісторыя — гэта рукапрыкладства мужа ў адносінах да жонкі. Праўда, яна таксама злоўжывае алкаголем. Як кажуць, п’юць сям’ёй. Пасля застолля — бойка. Хаця мужчына сваёй віны не прызнае. За ім ужо не першае парушэнне, паводзіны пакуль не змяняюцца. З-за гэтага ў перспектыве мужчыне «свеціць» ўзбуджэнне крымінальнай справы і накіраванне ў ЛПП.

Чацвёртая гісторыя таксама звязана з бытавымі скандаламі ў сям’і. Агрэсарам тут выступае жонка. А вось на яе мужа на гэты раз складзены адміністрацыйны пратакол за распіццё алкаголю ў грамадскім месцы. Справа разглядалася ў час пасяджэння выязнога суда. Яно адбылося пасля пасяджэння савета грамадскага пункта аховы правапарадку. Па рашэнні суда мужчына павінен адбыць пакаранне — пяць сутак зняволення. Перад гэтым ён пагадзіўся прайсці кадзіроўку ад сваёй згубы, ад якой ужо лячыўся.

У час выязнога пасяджэння суда разглядалася і справа аб накіраванні ў ЛПП грамадзяніна З. Ён адбывае адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе арэсту. У час пасяджэння суда мужчына запатрабаваў адваката, маўляў, нязгодны ён рашэннем аб накіраванні ў ЛПП. Пасяджэнне суда было спынена і перанесена на наступны дзень. Тым не менш мужчына быў асуджаны, суд прыняў рашэнне аб накіраванні яго ў ЛПП.

На выязным пасяджэнні суда прысутнічалі грамадзяне з групы «рызыкі», якія злоўжываюць алкаголем. Для іх гэта як наглядны ўрок нарэшце пазбавіцца ад сваёй згубы, інакш яна вядзе да накіравання ў ЛПП. Сёлета такі лёс напаткаў 16 жыхароў Дзятлаўшчыны.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *