Новы год на тэлеканале «Гімназія TV»

Падзеі

У гімназіі №1 горада Дзятлава ў рамках акцыі «Нашы дзеці» прайшоў раённы навагодні ранішнік для адораных дзяцей.

У імправізаваным кафэ, за столікамі з пачастункамі, сабраліся юныя інтэлектуалы, спартсмены, крэатыўныя хлопцы і дзяўчаты, дасягненні якіх вядомы як на Дзятлаўшчыне, так і на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Прадстаўнікі моладзі размаўлялі, жартавалі, знаёміліся, а таксама глядзелі праграмы, якія прапанавала ім навагодняе тэлебачанне «Гімназія TV». За эфірам таксама сачылі госці навагодняга ранішніка — старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчык, намеснік старшыні М. В. Мацюкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І. С. Кухарэвіч, начальнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны М.В. Жыдко, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Т. П. Ваніслаўчык.

Звяртаючыся ў «прамым эфіры» да таленавітай і здольнай моладзі раёна, старшыня райвыканкама І. І. Крахмальчык пажадаў хлопцам і дзяўчатам здзяйснення іх запаветных мараў, добрых адзнак і чарговых дасягненняў у новым годзе, выдатнага зімовага адпачынку на канікулах.

Святочную трансляцыю тэлеканал «Гімназія TV» распачаў з праграмы «Вакол свету». Яе вядучая пазнаёміла гледачоў з навагоднімі традыцыямі шэрагу еўрапейскіх краінаў, запрасіла паўдзельнічаць у інтэлектуальнай гульні, даведацца прагноз на новы год.

Як сустрэць яго крэатыўна і ў трэндзе — расказала праграма «Модны прыгавор». Яго вядучая пранавала хлопцам і дзяўчатам паспрабаваць і сябе на ніве моды, паўдзельнічаць у конкурсе мадэльераў і мадэляў. Лепшых з іх вызначылі апладысменты гледачоў.

Яны актыўна падтрымалі і ўдзельнікаў праграмы «Ранішняя пошта». Напярэдадні Новага года яна прайшла ў фармаце «Старыя песні пра галоўнае» на новы лад. Хлопцы і дзяўчаты пад музыку выконвалі адзін з вядомых навагодніх хітоў голасам герояў мультфільмаў, як народны хор, у модным сёння стылі рэп.

Новы год — гэта не толькі песні і музыка, але і жарты. Імі парадавалі ўдзельнікаў ранішніка сапраўдныя «Красавчики» — хлопцы з каманды КВЗ гімназіі №1.

Добры і бадзёры настрой дапоўніла з’яўленне на свяце Дзеда Мароза і Снягуркі. Яны агучылі астралагічны прагноз на наступны год, правялі навагодні аўкцыён. Яго пераможца атрымала дэкаратыўную козачку — згодна з кітайскім календаром менавіта пад яе патранажам будзе праходзіць 2015 год. Каб ён быў паспяховым, прынёс пабольш радасных дзён, здзейсніў мары — усяго гэтага ў сваім віншаванні пажадаў юнакам і дзяўчатам Дзед Мароз.

Завяршылася навагодняя трансляцыя тэлеканала «Гімназія TV» спецыяльным музычным праектам «Праспяваем разам», у час якога моладзь выканала вядомы гімн новага года — «Happy New Year». Пад яго гукі хлопцы і дзяўчаты атрымалі і салодкія навагоднія падарункі ад Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта і раённага аддзялення Фонду міру.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *