Аб чым мараць работнікі банка

Падзеі

Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт газеты сустрэлася з работнікамі РКЦ №3 горада Дзятлава ААТ “Белаграпрамбанка”. Як прайшоў год мінулы, што адбылося ў асабістым жыцці і аб чым марыць банкаўскі работнік, чытайце ў артыкуле.

ПАЧАЛА ПРАЦАВАЦЬ У БАНКУ ЯШЧЭ ПРЫ ЛІЧЫЛЬНІКАХ

Святлана Вітольдаўна Жых – адзін з самых вопытных работнікаў “Белаграпрамбанка”. У маі споўніцца 30 год, як яна прыйшла працаваць у банк на пасаду бухгалтара. Святлана Вітольдаўна прайшла няпросты працоўны шлях: з агранома – у банкаўскія работнікі, прыйшлося многаму вучыцца. Выхоўваючы дваіх дзяцей, працуючы на новай пасадзе, яна завочна скончыла Мінскі фінансавы каледж па спецыяльнасці “Фінансы і крэдыт”, а ў Гродзенскім аграрным універсітэце адвучылася па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”. Зараз яна вядучы спецыяліст аддзела разлікаў. Жанчына ўзгадвае: “З моманту, калі я прышла працаваць у банк, змянілася многае: камп’ютараў не было, а пра калькулятары мы і не ведалі, усе разлікі рабілі на драўляных лічыльніках”.

— Святлана Вітольдаўна, што вам, як працаўніку “Белаграпрамбанка”, прынёс 2014 год?
— Наш банк перайшоў пад абслугоўванне Гродзенскага філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”. У сувязі з рэарганізацыяй банкаўскай філіяльнай сістэмы прыйшлося засвойваць новыя праграмы для таго, каб хутка і якасна абслугоўваць нашых кліентаў. Таксама засвоіла веды па рабоце ўсіх банкаўскіх аперацый і ўжо сёння магу выканаць работу за любога супрацоўніка.
— А ў асабістым жыцці чым быў адметны мінулы год?
— Год быў вельмі багаты на радасныя падзеі: аддала дачку замуж, нарадзіўся ўнук, малодшая дачка скончыла 11 класаў і паступіла ў Мінскі каледж бізнэсу і права. Увогуле, старэйшая дачка прыйшла працаваць у банк па маіх слядах на пасаду кансультанта, а малодшая таксама вырашыла працягнуць сямейную дынастыю банкаўскіх работнікаў.
— А пра што марыць банкаўскі работнік?
— Пра адпачынак, вельмі хачу з’ездзіць за мяжу, бо ніколі нідзе не была. У бліжэйшай будучыні запланавала наведаць санаторый.
— Што жадаеце сваім калегам у прафесійнае свята?
— Моцнага здароўя, міру ў сям’і і ўдзячных кліентаў.

ВАЛЯНЦІНА ЛЯШЧУН: “НЯМА НІЧОГА НЕМАГЧЫМАГА”

 

Валянціна Уладзіміраўна Ляшчун працуе ў “Белаграпрамбанку” ўсяго 2 гады. Але нягледзячы на гэта, жанчына ўжо дасягнула добрых працоўных вынікаў. Прыйшла ў банк з Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па запрашэнні Святланы Антонаўны Шафарэвіч. Спачатку працавала на пасадзе спецыяліста па аперацыйна-касавай рабоце, а ўжо праз год, дзякуючы стараннасці і хуткаму навучанню, стала спецыялістам па рабоце з банкаўскімі плацежнымі карткамі.

— Валянціна Уладзіміраўна, што вам, як працаўніку “Белаграпрамбанка”, прынёс 2014 год?
— Гэты год быў надзывачай цяжкі для мяне, таму што прыйшлося працаваць адной на двух участках. Выконваць працу за дваіх заўсёды цяжка, асабліва ў банкаўскай сферы. Прыходзілася шмат працаваць, ахвяруючы часам, які магла правесці з сям’ёй. Але няма нічога немагчымага, галоўнае – жаданне.
— А ў асабістым жыцці, чым быў адметны мінулы год?
— Упершыню ў жыцці выехала за мяжу і наведала Санк-Пецярбург. Мяне ўразілі прагулкі па Няве, вельмі спадабаўся Пецяргоф.
— А пра што марыць банкаўскі работнік?
— Вельмі хачу, каб мая дачка паступіла ва ўніверсітэт.
— Што жадаеце сваім калегам у прафесійнае свята?
— Стабільнасці ў рабоце, шчасця, здароўя і ўдачы калегам і былым работнікам у новым годзе.

НАТАЛЛЯ ЖУКОЎСКАЯ: “ЗАЎСЁДЫ ДАСЯГАЙЦЕ ПАСТАЎЛЕНЫХ МЭТАЎ”

Наталля Вячаславаўна Жукоўская прыйшла ў “Белаграпрамбанк” па матуліных слядах у 1998 годзе. Прыйшла з сярэнеспецыяльнай юрыдычнай адукацыёй, а затым атрымала вышэшую – па спецыяльнасці эканаміст. Спачатку працавала ў касе пераразліку, потым – спецыялістам па аперацыйна-касавай рабоце, а ўжо сёння жанчына займае пасаду загадчыцы аперацыйнай касы.

— Наталля Вячаславаўна, што вам, як працаўніку “Белаграпрамбанка”, прынёс 2014 год?
— Гэты год “правяраў мяне на вытрымку”. Скараціўся штат, і адпаведна трэба было шмат працаваць, асвойваць новыя абавязкі. Калі іх палічыць, то каля 6 новых функцый прыйшлося вывучыць, а гэта амаль 30% звышнагрузкі. Але я не скарджуся, што так атрымалася, бо ўсё, што ні здараецца, робіць нас мацнейшымі.
— А ў асабістым жыцці, чым быў адметны мінулы год?
— Малодшы сын пайшоў у першы клас, а старэйшы – заканчвае 11 клас і марыць паступіць у Ваенную акадэмію.
— А пра што марыць банкаўскі работнік?
— Вядома, мае мары супадаюць з марамі сына – каб ён паспяхова паступіў у Ваенную акадэмію і быў рады абранай спецыяльнасці. Таксама ўжо даўно мару аб вандроўцы ў Індыю і абавязкова ў бліжэйшай будучыні ажыццяўлю сваю мару, бо чалавек заўсёды павінен дасягаць пастаўленых мэтаў.
— Што зычыце сваім калегам у прафесійнае свята?
— Жадаю, каб іх бацькі і яны самі заўсёды былі здаровыя, а на рабоце і ў жыцці была стабільнасць.

Л. СУР’ЯНІНАВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *