А. Карповіч: «Дзякуй богу, што дажыла да такіх гадоў пры памяці»

Падзеі

“Сто гадоў жыцця табе”, – зычым мы, выказваючы чалавеку найлепшыя пажаданні з прыемнай нагоды. Для Анастасіі Сцяпанаўны Карповіч, доўгажыхаркі з аграгарадка Дварэц, якая нядаўна перайшла стогадовы рубеж, яе гады сталі не толькі багаццем і скарбонкай вопыту. Жыццё жанчыны – як цікавая кніга, ад якой не адарвацца, поўная захапляльных гісторый, на жаль, не заўсёды такіх шчаслівых, як хацелася б.

Анастасія Сцяпанаўна з’явілася на свет у 1914-м, калі ўжо ішла Першая сусветная вайна. Сям’я жыла ў вёсцы Сямёнавічы – бацькі, старэйшы брат і яна. Сялянскай дзяўчыне давялося расці ў нялёгкія для народа часы, на сваёй біяграфіі адчуць усе павароты тагачаснай ліхой і непрадказальнай гісторыі народа.

— Помню ў нашай вёсцы рускіх гаспадароў, затым – палякаў, – згадвае жанчына. – Жыць лягчэй не станавілася.

Бедная сям’я не магла пракарміць нават дваіх дзяцей. Анастасія Сцяпанаўна згадвае час, калі былі яны пры дзеду Яне, затым пры айчыме, ад рукі якога загінуў брат. Сама дзяўчына рана “пайшла ў людзі”: працавала найміткай у чужых дамах, часта галадала. Пасля ўтварэння першага мясцовага калгаса жанчына доўгія гады цяжка працавала там.

Не шанцавала Анастасіі Сцяпанаўне і ў асабістым жыцці: тры разы бралася шлюбам, і штораз – здаралася трагедыя. Першы яе муж, з якім пяць гадоў яны жылі ў Палонцы, загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны: немцы расстралялі ва ўласным двары. З другім, яго братам, дваццаць чатыры гады яны былі ў шлюбе, пакуль таго не забіла дрэвам. Ужо з трэцім мужам яны пасяліліся ў Дварцы, ды праз дзесяць год сумеснага жыцця і ён, чалавек сталага ўзросту, памёр.

Не шкадавала жыццё Анастасію Сцяпанаўну Карповіч. Прайшоўшы клопатны і неспакойны жыццёвы шлях, яна і сёння не можа прымусіць сваё сэрца біцца спакойна: няма ўжо на гэтым свеце аднаго з яе сыноў, крыху менш за год загінуў на ўкраінскай зямлі ўнук, дагэтуль няма звестак ад дачкі, якая цяпер жыве ў Макееўцы ва Украіне… На шчасце, ёсць родныя, якія падтрымліваюць жанчыну, не пакідаючы яе сам-насам з трывожнымі думкамі. Сын, які жыве ў Дзятлаве, і яго сям’я бываюць у яе штотыдзень. Яны першыя павіншавалі яе з урачыстай датай. Нягледзячы на перажытае і пабачанае, стогадовая Анастасія Сцяпанаўна Карповіч поўная аптымізму і веры ў лепшае:

— Дзякуй Богу, што дажыла да такіх гадоў пры памяці, – кажа яна.

Стогадовы юбілей Анастасія Сцяпанаўна сустрэла ў сваім доме, прымаючы гасцей. Акрамя родных і блізкіх людзей, яе наведала неабыякавая да лёсу бабулі старшыня Дварэцкага сельвыканкама Тамара Мікалаеўна Перапечына.

— Анастасія Сцяпанаўна сваёй жыццёвай энергіяй і актыўнасцю паказвае нам, малодшаму пакаленню, як трэба жыць, – кажа жанчына. – У свае сто гадоў бабуля жыве адна, ёй дапамагае ўпраўляцца па гаспадарцы работнік сацыяльнай службы.

Шчырыя словы віншавання юбілярцы адрасаваў намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Дварэц-Агра” Аляксандр Сачык, да іх далучыліся дварэцкія школьнікі разам з настаўнікам Віталем Іванашкам. Яны пажадалі Анастасіі Сцяпанаўне Карповіч моцнага здароўя і сілаў яшчэ на доўгія гады жыцця.

Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *