Крыж-абаронца

Падзеі

Здаўна склалася традыцыя ставіць манументальныя крыжы па-за храмам на зямлі. Яны вырабляюцца з каменя ці дрэва і маюць вышыню да некалькіх метраў. Такія крыжы заклікаюць да малітвы і глыбокай пашаны Богу, таму і называюцца паклоннымі. На Дзятлаўшчыне традыцыя ўсталёўваць паклонныя крыжы жыве і сёння.

КРЫЖ ПРЫ ДАРОЗЕ

Сям’я Цімафейчыкаў – адзіная праваслаўная ў вёсцы Колкі. Хоць у невялікім драўляным доме гаспадыня Любоў Валянцінаўна жыве адна, але дзеці і ўнукі бываюць тут часта, ды не гасцямі, а памочнікамі. Нядаўна іх сіламі і зберажэннямі ў Колках быў узведзены металічны паклонны крыж, які асвяціў настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына протаіерэй Георгій Ярмоліч, ён падзякаваў сям’і за богаўгодную справу. Любы, хто едзе або ідзе з Казлоўшчыны ў напрамку Раклевічаў, можа спыніцца ў Колках, памаліцца і папрасіць вышэйшага заступніцтва і дапамогі ў справах.
— Я апошнім часам спаць не магла спакойна, кожную ноч сніла, што шукаю жалеза, каб крыж паставіць, – пачынае свой расповед Любоў Цімафейчык. – Расказала пра гэта дзецям папрасіла іх, а яны самі і заказалі новы крыж, і паставілі.
Раней пры галоўнай дарозе ў Колках, акурат насупраць дома Цімафейчыкаў, стаяў драўляны паклонны крыж. Яго ўсталяваў муж Любові Валянцінаўны, калі яны пасяліліся ў вёсцы. Некалькі гадоў таму гаспадара хаты не стала, а пасля і крыж ад часу пахіліўся набок. Новы паклонны крыж, выраблены па заказе, акурат на тым самым месцы усталяваў унук Дзмітрый Томчык. Дзеці і ўнукі паклапаціліся пра яго аздобу і агароджу.

— Як паставілі крыж, я такая радая была, быццам гаспадара вярнула, – са слязамі на вачах кажа жанчына. – Колькі будзе стаяць святыня, столькі будуць людзі яго згадваць добрым словам. Дзякуй Богу міламу, што даў сілы маім блізкім на гэту добрую справу.
Апошнім часам Любоў Валянцінаўна хварэе на ногі, таму ёй цяжка дайсці на службу ў Казлоўшчыну, аднак настаяцель храма абяцаў наведваць вёску часцей. Жанчына расказвае, што сястра раіла заснаваць паклонны крыж пры хаце, у агародчыку. Але яна не пагадзілася: месца святыні – пры дарозе, побач з людзьмі. А як паставілі і асвяцілі крыж, не разумела, чаму па першым часе аднавяскоўцы праходзілі міма, нават не перахрысціўшыся.
— Ранейшы драўляны крыж, які мы ўзвялі разам, вяскоўцы шанавалі, а гэты – зусім ніяк. Казалі, што, аддаючы павагу праваслаўнай святыні, католікі, быццам бы, здраджваюць сваёй веры, – здзіўлена разводзіць рукамі жанчына. – А па-мойму, нельга дзяліць на “сваё” і “чужое”, калі вера ў Бога адна, а крыж ахоўны пастаўлены дзеля ўсіх людзей.

ГЯРБЕЛЕЎСКІЯ ЗАСТУПНІКІ

Адзін з самых яскравых успамінаў майго дзяцінства, якое прайшло не ў дзіцячым садку, а дома, пад наглядам бабулі Алены, – гэта рознакаляровыя кветкі, якія я малая дапамагала ёй рабіць з гафрыраванай паперы. Калі кветак было дастаткова, іх перадавалі суседзям, а тыя ўжо збіралі ў вянкі і ўпрыгожвалі драўляны крыж, што размяшчаўся праз некалькі двароў ад нас. Сіламі жыхароў вёскі ён “апранаўся” штогод, зазвычай перад Новым годам, у краскі, вянкі і новы саматканы ручнік.
Колькі я сябе помню, у вёсцы Гярбелевічы стаялі тры паклонныя крыжы – па абодвух канцах вёскі і ў цэнтры, усе – на скрыжаванні дарог. Раней нейк не задумвалася пра іх значэнне, шануючы як любы іншы сімвал хрысціянскай веры. А нядаўна пачула ад бабулі Алены гісторыю з’яўлення паклонных крыжоў у нашай роднай вёсцы.
Дзесьці ў 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Гярбелевічах лютавала хвароба, якую вяскоўцы называлі іспанкай. Юнакі і дзяўчаты паміралі, не дасягнуўшы нават дваццаці гадоў, асабліва шмат гэта навала выкасіла маладых мужчын. Тады жыхары вёскі агульнымі сіламі ўзвялі паклонны крыж, і гэта, быццам бы, спыніла хваробу.
У цяжкія часы пераменаў і войнаў першай паловы ХХ стагоддзя людзі ў вёсцы жылі з верай у сэрцы, маліліся Богу і, не ведаючы, ад каго больш чакаць дапамогі ці спагады, спадзяваліся на нябеснае заступніцтва, якое для іх увасаблялася ў крыжах-абаронцах. Таму другі крыж тут з’явіўся ў час Вялікай Айчыннай вайны, каб аберагаць яе жыхароў ад бедаў і злых людзей. Трэці сімвал веры на зямлі ўзвялі ўжо пасля вайны, пад Новы год, як знак пераменаў да лепшага.
Аднак пасля вайны, яшчэ пры сталінскім рэжыме, па загадзе ўладаў усе паклонныя крыжы былі знішчаны. Іх знялі і звалілі разам на ўскрайку вёскі, каб спаліць. Гярбелеўскія жанчыны паспелі пазнімаць і схаваць праваслаўныя іконкі з крыжоў. Бабуля згадвае, што акурат у тыя змрочныя гады Яварская царква была часткова разбурана, прыстасавана пад збожжасховішча, не пашкадавалі і касцёл у вёсцы Рандзілаўшчына.
І толькі праз гады, пасля “пацяплення” рэлігійнай сітуацыі, у Гярбелевічах зноў з’явіліся паклонныя крыжы. Ставілі іх таксама ўсёй вёскай, выконваючы спрадвечныя абрады і традыцыі. Для ўпрыгажэння крыжоў рыхтавалі вянкі з ядлоўцу, штучныя кветкі і даматканыя ручнікі, вырабленыя за адну ноч. Для гэтага ў хаце гаспадыні збіраліся жанчыны і дзяўчаты, разам пралі ніткі і ткалі ручнік. Калі справа была зроблена, нітку, што заставалася рэштай, брала ў рукі незамужняя дзяўчына – першанароджаная, або наадварот – самая малодшая ў бацькоў. З ніткай у руках яна абыходзіла вакол вёскі, заключаючы яе нібы ў нябачнае ахоўнае кола, а ўслед ішлі жанчыны, размотваючы клубок.
На наступны вечар, калі ўся вёска ўпрыгожвала крыжы, проста на вуліцы ставіліся доўгія сталы, людзі прыносілі хатнія стравы – самапечаны хлеб, абавязкова – квас і, памаліўшыся, разам ладзілі вячэру. Такі абрад адбываўся кожную гадавіну з часу заснавання драўляных абярэгаў.
З таго часу мінуў не адзін дзясятак гадоў, і калісьці шматлікая, узорная вёска Гярбелевічы сёння выглядае панурай, сіратлівай. Толькі па-ранейшаму прыбраныя, хоць і пацямнелыя ад часу паклонныя крыжы нагадваюць, што вёска яшчэ жыве.
— Гады не шкадуюць драўляных крыжоў, старыя яны, хутка ўжо паваляцца. А новыя паставіць мо і не будзе каму… – уздыхае бабуля Алена, і становіцца зразумела, што для яе паклонныя крыжы больш, чым сімвал праваслаўя ці абярэгі вёскі, яны – згасаючы пульс сыходзячай у нябыт радзімы.

ДУХОЎНЫ ШЧЫТ

Звычай усталёўваць паклонныя крыжы на славянскіх землях бярэ пачатак здаўна. Нашы праваслаўныя продкі, маючы моцную веру, ведалі пра значэнне і важнасць паклонных крыжоў, таму ставілі іх на памятных месцах, на скрыжаваннях дарог, непадалёк ад вёсак, каб, адпраўляючыся ў шлях ці ўваходзячы ў населены пункт, чалавек папрасіў дапамогі ці падзякаваў Богу і нябесным заступнікам. Такія крыжы зваліся прыдарожныя, межавыя, усталёўваліся ля дарог.
Часам ставілі крыж па зароку, напрыклад, пры нараджэнні спадчынніка ці па выпадку важнай падзеі ў жыцці сям’і, і такія крыжы зваліся зарочнымі. Зарок паставіць паклонны крыж маглі даць усёй вёскай дзеля нябеснага заступніцтва пры эпідэміях, падзяжы жывёлы, надыходзе засухі і іншых бедах. Крыжы ставілі таксама ў гонар святых, якіх шанавалі ў дадзенай мясцовасці, царкоўных святаў, знамянальных падзей у жыцці краіны. Крыжы, пастаўленыя ў памяць якіх-небудзь знамянальных падзей, завуцца памятнымі.
Існуе звычай таксама ставіць памінальныя крыжы, якія не заўсёды супадаюць з месцам пахавання хрысціяніна, а ўказваюць на месца яго раптоўнай гібелі, часта ў наш час іх можна бачыць уздоўж дарог.
Сёння адраджаецца традыцыя ўсталявання паклонных крыжоў. Іх ставяць пры ўездзе ў гарады, на месцах разбураных храмаў, на ўзвышшах, у памяць ахвяр рэпрэсій, уздоўж аўтатрас у месцах аварый.
Паклонны крыж – гэта духоўны шчыт ад усіх ворагаў бачных і нябачных. Усе паклонныя крыжы, маючы розныя памятныя і знамянальныя значэнні, перш за ўсё служаць вернікам месцам для малітвы.
Іерэй Аляксей Сцепановіч, настаяцель храма Святых Барыса і Глеба вёскі Накрышкі:
“Адзін з сімвалаў хрысціянства – крыж жыватворны – першапачаткова быў прыладай смерці, пакарання для найгоршых злачынцаў. Аднак на ім быў укрыжаваны сын Божы і пралітая кроў яго, асвяціўшы крыж і надзяліўшы яго сілай супрацьстаяць сіле бесаў. Паклонныя крыжы, як і нацельныя, дапамагаюць вернікам тварыць малітву і прасіць Божага блаславення. Традыцыйна ў населеных пунктах ставяць чатыры крыжы: у пачатку, у канцы і па абодвух баках, сімвалізуючы імі хрэсны знак”.
Вадзім Бялятка, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама:
“Пытанне рэлігіі актуальнае для жыхароў Казлоўшчынскага сельскага савета, бо рэлігія дысцыплінуе людзей. У нашай мясцовасці жыве і падтрымліваецца з пакалення ў пакаленне традыцыя ставіць паклонныя крыжы, як праваслаўныя, так і каталіцкія. Гэтым летам жыхары ўжо напаўпустуючай вёскі Драбавічы ўзвялі там вельмі прыгожы паклонны крыж, днямі завяршылася ўстаноўка каталіцкага паклоннага крыжа ў самім гарпасёлку. Усё гэта робіцца на сродкі вернікаў пры ўдзеле мясцовых святароў, і я вітаю такія пачынанні. Вельмі прыемна, што мясцовыя жыхары, у тым ліку і моладзь, вяртаюцца да веры, наведваюць храм”.

Н. СТУПЧЫК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *