Гуляем. Ствараем. Развіваемся

Сацыяльная сфера

На Дзятлаўшчыне прайшоў абласны семінар работнікаў адукацыі па актуальнай тэме: «Развіццё інтэлектуальна-творчых здольнасцяў дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай правядзення конкурсаў і гульнёвых праграм». Мерапрыемства праходзіла на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава ў форме творчай справаздачы.

Удзельнікі семінара сустрэліся ў фае ўстановы, дзе праходзіла выстава-прэзентацыя арганізацыйна-кіраўнічых матэрыялаў аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама «Гуляем. Ствараем. Развіваемся» і выстава сумеснай творчасці дзяцей, іх бацькоў і педагогаў установаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны.

У актавай зале першым гасцей павітаў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч. Ён расказаў, чым багата Дзятлаўшчына, узгадаў знакамітых землякоў.

Праблемы, якія павінны быць абмеркаваны ў час семінара, пералічыла галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А. Л. Кухта. Яна зазначыла, што вопыт работы дзятлаўскіх педагогаў-дашкольнай адукацыі заслугоўвае ўвагі і можа стаць прыкладам для пераймання, паколькі работа дала станоўчыя вынікі.

Як з дапамогай гульні, творчых конкурсаў, інтэлектуальных турніраў усебакова развіваць дзяцей дашкольнага ўзросту, фарміраваць у іх такія інтэлектуальныя якасці, як успрыманне, увага, памяць, прасторавыя ўяўленні, фантазія і іншыя, паказалі педагогі яслі-сада №1 горада Дзятлава і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава. Разам са сваімі выхаванцамі яны падрыхтавалі прэзентацыю дасягненняў «Вясёлка талентаў», у час якой гучалі песні і вершы, дэманстраваліся складаныя танцавальныя праграмы, ладзіўся парад казачных герояў.

Аб развіцці сістэмы адукацыі Дзятлаўскага раёна на рэгіянальным узроўні расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама І. С. Кухарэвіч. Ён падкрэсліў, што развіццю інтэлектуальна-творчых здольнасцяў дзяцей спрыяе не толькі работа педагогаў і паспяховае выкананне дзяржстандартаў, але і матэрыяльная забяспечанасць установаў адукацыі сродкамі навучання, умовы, у якіх вучацца і выхоўваюцца дзеці. На ўсё гэта на Дзятлаўшчыне скіравана асаблівая ўвага, а таму ёсць пэўныя вынікі: на працягу апошніх гадоў аддзел адукацыі, спорту і турызму займае высокія пазіцыі ў абласным рэйтынгу, а летась стаў другім у сваёй падгрупе.

З асноўным дакладам выступіла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама К. А. Гайдук. Яна зазначыла, што навучанне дзяцей-дашкольнікаў скіравана на фарміраванне інтэлектуальна-творчых, рухальных навыкаў, моўнае развіццё. Усё новае дзеці найлепш засвойваюць у час гульні, таму педагогі ў сваёй практыцы выкарыстоўваюць разнастайныя гульнёвыя методыкі. Гэта і лягло ў аснову раённых конкурсаў і фестываляў для дзяцей дашкольнага ўзросту, на якія былі багатыя і мінулыя, і 2014 год. Сёлета на Дзятлаўшчыне праходзілі конкурс даследчых работ «Мае першыя адкрыцці», педагагічны марафон тэатральных пастановак з удзелам выхавальнікаў, дзяцей, іх бацькоў «І завітала ў госці беларуская казка», інтэлектуальна-творчы турнір сярод выхаванцаў установаў дашкольнай адукацыі старэйшага дашкольнага ўзросту, які складаўся з першынства раёна па шашках «Шашачная шкатулка» і інтэлектуальнага конкурсу «Любознайка», раённы завочны фестываль-конкурс сюжэтных гульнёвых праграмаў спартыўна-аздараўленчай накіраванасці з элементамі беларускіх народных гульняў «Забава».

Вопытам работы з калегамі з рэгіёнаў падзяліліся і кіраўнікі ўстановаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны С. В. Ус, загадчыца ДЦРД №2 горада Дзятлава, А. І. Лазоўская, загадчыца яслі-сада №1 горада Дзятлава, С. Р. Гурская, загадчыца Гезгалаўскага яслі-сада. Самапрэзентацыя выхавальнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў раённых конкурсаў для дзяцей дашкольнага ўзросту, паказала, з дапамогай якіх метадаў і формаў работы можна дасягнуць высокіх вынікаў.

Завяршыўся семінар «Адкрытым марафонам», у час якога госці і гаспадары абмеркавалі пачутае, падвялі вынікі сустрэчы.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *