Дзень Парэцкага сельсавета

Сацыяльная сфера

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Парэцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў Парэцкім сельсавеце 17 лістапада.
У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў, ідэалагічныя работнікі СВК, кіраўнікі ўстановаў і арганізацый Парэцкага сельсавета.

 

З сацыяльна-эканамічным становішчам Парэцкага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня А. Ядэйка.

У 26 паселішчах сельсавета жывуць 1610 чалавек: 810 – працаздольныя, 627 – пенсіянеры, 173 – непаўналетнія, 1 – інвалід Вялікай Айчыннай вайны, 100 – адзінокіх грамадзян, 446 – жывуць адзінока. У пяці паселішчах – Ганчарах, Вялікай Волі, Латышах, Ліпічанскай Пушчы, Нагорніках – жывуць па 10 і менш чалавек.

Гандлёвым абслугоўваннем мясцовых жыхароў займаюцца 4 магазіны райспажыўтаварыства і 3 магазіны індывідуальных прадпрымальнікаў. Паселішчы, дзе няма стацыянарных магазінаў, па графіку абслугоўваюць аўталаўкі.

Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечвае Парэцкая амбулаторыя, Дзям’янаўскі і Рудаяварскі ФАПы, раённая паліклініка. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскія агляды ветэранаў вайны і працы, адзінокіх састарэлых людзей, аказваюць ім патрэбную медыцынскую дапамогу.

На працягу года працаўнікі СВК “Хвінявічы”, Парэцкага спіртзавода, жыхары сельсавета актыўна ўдзельнічалі ў культурна-масавых мерапрыемствах раёна і сельсавета (святкаванне “Масленіцы”, сельгаскірмаш, святкаванне Дня незалежнасці, іншыя мерапрыемствы).

Шмат увагі выканкам сельсавета надае добраўпарадкаванню паселішчаў, належнаму санітарнаму ўтрыманню тэрыторыі. Штогод работнікі мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў праводзяць суботнікі каля помнікаў воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Рэгулярна на тэрыторыі сельсавета праводзяцца месячнікі з мэтай абмежавання распаўсюджання пустазелля. Сёлета фонд сацыяльнай абароны фінансаваў аплату працы работнікаў, якія выкошвалі расліннасць на могілках, на апусцелых сядзібах, паўз галоўных вуліц паселішчаў, высякалі кустоўе.

Нямала працавала на тэрыторыі сельсавета і ДРБУ №119: дарожныя работнікі асфальтавалі вуліцу Маладзёжную ў Парэччы, падсыпалі лясныя дарогі да маланаселеных паселішчаў.

З пачатку дзеяння Указа №70 на тэрыторыі сельсавета разабраны 83 апусцелыя хаты. Сёлета пры дапамозе мясцовых арганізацый разабраны 6 апусцелых хатаў, ліквідаваны 6 фундаментаў. Пасля выдалення 3 фундаментаў (у Агародніках і Разважжы) зямельныя ўчасткі далучаны да палёў севаабароту мясцовага СВК “Хвінявічы”. Пасля выдалення фундамента у вёсцы Калпінскія зямельны ўчастак перададзены пад новае будаўніцтва.

СВК “Хвінявічы” разабраў будынкі лазні і канюшні ў Раманавічах, праводзіцца рэкультывацыя гэтых зямельных участкаў. Упарадкавана тэрыторыя ўсіх фермаў СВК, землі далучаны да севаабароту.

На тэрыторыі Парэцкага сельсавета размешчаны 17 могілак. Два разы на год – перад “Радуніцай” і “Дзядамі” – могілкі прыбіраюцца. На могілках абсталяваны пляцоўкі для часовага збору смецця, смецце з іх рэгулярна вывозіцца. З могілак вёскі Чырвоны Бор пасля папярэдняга Дня Парэцкага сельсавета былі выдалены 14 аварыйных дрэваў, выкананне работ аплачана СВК “Хвінявічы”. На сёння гэтыя могілкі выглядаюць узорна. Для агароджвання могілак у вёсцы Разважжа мясцовыя жыхары сабралі грошы, куплена металічная сетка і слупкі. На могілках актыўна працавалі ў суботнікі, але работа пакуль не завершана.

Шмат зроблена ў сельсавеце перад раённымі “Дажынкамі”, якія тут адбыліся: капітальна рамантавалі школу, Дом культуры, амбулаторыю.

Актыў сельсавета, мясцовыя дэпутататы, старасты вёсак прыкладваюць сумесныя намаганні для добраўпарадкавання тэрыторыі сельсавета.

Вусную інфармацыю для ўдзельнікаў Дня сельсавета старшыня выканкама А. Ядэйка праілюстраваў паказам слайдаў.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі вёску Раманавічы, новую МТФ “Парэчча”, мехдвор СВК, могілкі, амбулаторыю, магазін, сталовую, Дом культуры ў Хвінявічах.

Выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў агучыў перад удзельнікамі мерапрыемства вынікі сацыялагічнага апытання жыхароў Парэцкага сельсавета.

Найбольш хвалююць апытаных праблемы пасялення для сталага жыхарства ў сельскай мясцовасці моладзі, пасажыра-транспартнага абслугоўвання, стану сельскіх дарог, асвятлення вуліц. Сярод выказаных пажаданняў: рамонт настаўніцкага дома (у тым ліку – замена вокнаў), паляпшэнне якасці вады ў вадаправодзе і ліквідацыя перабояў у падачы вады (асабліва летам), паляпшэнне сельскіх дарог, устаноўка кантэйнера для збору смецця, была названа і праблема прыватызацыі жылля.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі, намеснікі старшыні райвыканкама А. Жыдко, Ю. Залеўскі, М. Мацюкевіч падзяліліся сваімі ўражаннямі ад работ па добраўпарадкаванні паселішчаў у іншых сельсаветах раёна, выказалі свае заўвагі.

А. Жыдко адзначыў, што ў Нагорніках праведзены ямачны рамонт дарогі, размыты з’езд да вёскі Лагуны трэба паправіць.

Ю. Залеўскі паведаміў, што ў Белагурне ў кастрычніку – лістападзе праведзены два суботнікі з мэтай добраўпарадкавання прысядзібных участкаў, тэрыторыі каля адміністрацыйных будынкаў. Працавалі таксама ў Кажухоўцах і Азяранах. У Азяранах і Коцьках ліквідаваны стыхійныя звалкі. У незаселеных хатах трэба забіць вокны і дзверы, калі яны расчынены ці разламаны, увогуле, трэба камісійна абследаваць усе будынкі, каб своечасова папярэдзіць іх магчымае самаразбурэнне. Юрый Пятровіч звярнуў увагу старшыняў сельскіх Саветаў на асвятленне вуліц: самыя небяспечныя месцы, да прыкладу, перакрыжаванні дарог, павінны быць асветлены абавязкова.

М. Мацюкевіч зазначыў, што трэба прыбраць парк у Ахонаве і цэнтральную вуліцу вёскі. У Клішавічах неўпарадкавана перасячэнне цэнтральнай вуліцы з аб’язной дарогай. Выгляд стаянкі аўталаўкі ва Уланаўшчыне псуе хата, што паціху развальваецца.

А. Бараноўскі паведаміў, што летняе абнаўленне інжынерных камунікацый у Гезгалах завяршаецца, там засыпаюць траншэі. Старшыня раённага Савета здавальняюча ацаніў санітарна-бытавы стан Малых Краглёў і нездавальняюча – Вялікіх Краглёў. У Труханавічах неабкошаны аўтобусны прыпынак. Шмат трэба зрабіць для добраўпарадкавання ў Студзераўшчыне, зараслі Амбражылевічы. Аляксандр Станіслававіч запатрабаў ад старшыняў сельвыканкамаў актывізаваць перадзімовае парадкаванне паселішчаў.

Вынікі мерапрыемства падвёў старшыня райвыканкама І. Крахмальчык. Ён адзначыў, што ў раёне ёсць 43 беспрацоўныя працаздольнага ўзросту. Задача мясцовай улады – працаўладкаваць кожнага. У раёне 10 655 хатаў, з гэтай колькасці 3 363 – нежылыя. Яны не павінны зарасці кустоўем і пустазеллем. Паклапаціцца пра гэта павінны і сельвыканкамы, і родзічы колішніх жыхароў сядзібаў.

Старшыня райвыканкама ўхвальна ацаніў падрыхтоўку да Дня Парэцкага сельсавета, падзякаваў за актыўную працу кіраўнікам і работнікам сельвыканкама, мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, старастам вёсак.

Б. ВАРНА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *