Дзень Дзятлаўскага сельсавета

Падзеі

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Дзятлаўскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў   Дзятлаўскім сельсавеце 27 кастрычніка.
У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў,  ідэалагічныя работнікі СВК.
З сацыяльна-эканамічным становішчам Дзятлаўскага сельскага Савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня А. Маркушэўскі.

Плошча Дзятлаўскага сельскага савета складае 239 квадратных кіламетраў. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 32 паселішчы, 1113 гасападарак. Колькасць жыхароў – 2125 чалавек: 1170 (55 працэнтаў) – працаздольныя, 730 (35 працэнтаў) – пенсіянеры, не дасягнулі працаздольнага ўзросту – 225 (10 працэнтаў), 62 – адзінокія жыхары, 426 – жывуць адзінока.

Сельскі Савет створаны ў 1940 годзе. У 1949 годзе сельсавет узбуйнены праз далучэнне Засецкага, Малдуцкага, Муляроўскага сельсаветаў. Наступнае змяненне межаў Дзятлаўскага сельсавета адбылося ў 2007 годзе, у яго склад з 1 кастрычніка ўключаны 10 паселішчаў (землі колішняга калгаса “Зара”).У ліку паселішчаў цяперашняга сельсавета тры буйныя: аграгарадок Раклевічы (480 жыхароў), вёска Апаліна-Басіна (239 жыхароў), вёска Засецце (250 жыхароў). У пяці паселішчах жывуць менш за 10 чалавек: Запашка (6 чалавек), Каменка (5), Муляры (4), Рэпішча (2), Тарасавічы (2). У Сіратаўшчыне ніхто не жыве.

Самае аддаленае паселішча – вёска Рэпішча – знаходзіцца за 30 кідаметраў ад цэнтра сельсавета. Самыя блізкія паселішчы – вёскі Каменка, Плябанавічы, Савічы – на адлегласці 2 кіламетры.

У сельсавеце газіфікаваны 10 паселішчаў. Сёлета прыродны газ пададзены ў вёску Курпешы. Плануецца газіфікацыя вёсак Плябанавічы і Хадзяўляны.

Пад’язныя дарогі да ўсіх паселішчаў сельсавета, за выключэннем вёсак Селівонкі, Тарасавічы, Пацаўшчына, Нарбутавічы, асфальтаваны.

Вытворчай асновай сельсавета з’яўляецца СВК “Русь-Агра”. У сельгаспрадпрыемстве працуюць 545 чалавек, з гэтай колькасці 100 – сезонныя работнікі. Плошча сельгасугоддзяў СВК – 8167 гектараў, з гэтай колькасці 4680 гектараў – ворыва, 3487 гектараў – лугі.
Сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць аддзяленне паштовай сувязі, 7 магазінаў райспажыўтаварыства, комплексны прыёмны пункт службы быту, дзіцячы сад – базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, 2 фельчарска-акушэрскія пункты, Нарбутавіцкі дом сацыяльных паслугаў.

Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць Раклевіцкі ФАП (у зоне яго абслугоўвання жывуць 549 чалавек) і Норцавіцкі ФАП (470 чалавек), а таксама Дзятлаўская раённая, Наваельнянская паліклінікі, Міроўшчынскі ФАП. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскае абслугоўванне адзінокіх грамадзян і людзей, якія жывуць адзінока, аказваюць ім патрэбную медыцынскую дапамогу. Нараканняў ад жыхароў сельсавета на работу ФАПаў няма.

Гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва ў сельсавеце займаюцца 7 стацыянарных магазінаў райспажыўтаварыства. Сёлета закрыт магазін у Хадзяўлянах, у Ятвезі і Апаліне-Басіне магазіны не працуюць з-за нястачы прадаўцоў. Паселішчы, дзе няма стацыянарных магазінаў, абслугоўваюць аўталаўкі. Жыхары Ятвезі не супраць закрыцця магазіна, бо абслугоўванне праз аўталаўку іх задавальняе лепш – машына спыняецца напачатку і ў канцы вёскі. А ў магазін Апаліна-Басіна, якое насяляюць 249 чалавек, трэба шукаць прадаўца.

Аддзяленне паштовай сувязі ў аграгарадку Раклевічы, акрамя традыцыйных паслуг, аказвае дадатковыя. Праз паштальёна можна набыць і заказаць амаль любы тавар. Сёлета дадатковых паслуг аказана на 56 мільёнаў рублёў, з гэтай колькасці пажылым людзям – на 48 мільёнаў.

Ва ўстановах культуры сельсавета створана 12 клубных фарміраванняў. Работнікі культуры рэгулярна ладзяць мерапрыемствы для рознаўзроставых катэгорый насельніцтва: тэматычныя вечарыны, “агеньчыкі”, абрадавыя святы, святы вёсак (сёлета яны адбыліся ў Норцавічах і Пенчыцах).

У Раклевіцкай школе-садку выхоўваюцца і навучаюцца 69 дзяцей.

Шмат увагі сельвыканкам надае добраўпарадкаванню паселішчаў. Пазалетась вялікі аб’ём работ выкананы ў аграгарадку Раклевічы да раённых “Дажынак”: адрамантаваны Дом культуры, ФАП, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт службы быту, абноўлены фасады будынкаў, добраўпарадкаваны парк, выкапана возера.

Сёлета прыродная стыхія два разы прайшлася па тэрыторыі Дзятлаўскага сельсавета. Шмат пашкоджанняў было ў Раклевічах, Гірыках, Заполлі, Норцавічах, Пенчыцах. На перакрыццё дахаў будынкаў пасля першай стыхіі давялося выдаткаваць 400 лістоў шыферу, пасля другой – 520 лістоў. Будынкі былі адноўлены, зламаныя і паваленыя дрэвы – выдалены. На ліквідацыі паследкаў стыхіі многа працавалі мясцовае СВК, лясгас, дарожная служба.

Сёлета ва ўсіх паселішчах сельсавета высечаны адрослае кустоўе і абкошаны нежылыя хаты. Штомесяц сельвыканкам больш актыўна парадкаваў 5 паселішчаў і могілкі, што знаходзяцца паблізу.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 7 помнікаў воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 1 воінскае пахаванне, 11 грамадзянскіх могілак, падтрымліваць парадак на якіх абавязаны арганізацыі, што месцяцца на тэрыторыі сельсавета і раёна. Пры звароце сельвыканкама гэтыя арганізацыі аказваюць дапамогу. З 11 могілак 5 агароджаны, 8 знаходзяцца ў лесе. На ўсіх могілках і каля помнікаў зроблена прыборка, вывезена смецце. На 6 могілках (у Баравіках, Галаўлях, Раклевічах, Труханавічах, Вянсках, Пацаўшчыне) праведзены суботнікі. З гэтых могілак выдалены ўсе аварыйныя дрэвы, высечана кустоўе. Дапамаглі выканаць названыя работы СВК і лясгас (работнікі Ахонаўскага, Наваельнянскага і Вензавецкага лясніцтваў).

Жыхары 19 паселішчаў заключылі дагаворы на вываз цвёрдых бытавых адходаў. У наступным годзе сельвыканкам будзе імкнуцца да таго, каб дагаворы заключылі жыхары астатніх паселішчаў, за выключэннем тых, дзе жывуць менш за 10 чалавек.

28 кіламетраў вуліц паселішчаў сельсавета знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ. Сёлета падсыпаны вуліцы ў Плябанавічах, Савічах, Малдуцях, асфальтаваны 600 метраў дарогі на ўчастку Засецце – Норцавічы. Пасля перадачы вуліц на абслугоўванне ДРБУ зімою праблемаў з расчысткай і падсыпкай практычна не было, але летам узбочыны падкошваліся кепска.

У сельсавеце налічваецца 175 нежылых хат, пададзена 155 паведамленняў пра намер выкарыстоўваць гэтыя хаты летам. 2 хаты пустуюць. Са статусам яшчэ 18 пакуль не разабраліся, сельвыканкам шукае нашчадкаў.

Усяго знесена 80 струхлелых і нежылых хат, сёлета – 6. Зносіць хаты дапамагае СВК “Русь-Агра”, ён жа нават заплаціў нашчадкам за хату, што знаходзілася ў палях севаабароту на хутары Ятвезь, і разабраў яе на дровы. Частка фундаментаў засталася не выдаленаю, складзены графік іх выдалення. Сёлета СВК “Русь-Агра” і ПМС дапамаглі знесці 7 фундаментаў у палях севаабароту і 1 фундамент ад колішняй бібліятэкі ў Ятвезі. Пасля зносу фундаментаў да палёў севаабароту дабаўлены 5,9 гектара зямлі, у тым ліку 2,5 – у 2014 годзе.
У вёсцы Хадзяўляны ўпарадкавана тэрыторыя вакол фермы, рэкультываваны кар’ер, ліквідаваны 2 фундаменты пасля зносу апусцелых дамоў.

З кіраўніцтвам СВК “Русь-Агра”, кіраўнікамі ўстановаў і арганізацый сельскага Савета ў сельвыканкама наладжана разуменне і ўзаемадзеянне. Выканкаму дапамагаюць старасты вёсак, дэпутаты, сельскі актыў.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі Раклевіцкую базавую школу-дзіцячы сад, МТФ у Хадзяўлянах, збожжасушыльны комплекс у Апаліне-Басіне, ФАП, магазін, сталовую, СДК у Раклевічах, азнаёміліся з работай па вяртанню зямлі ў палі севаабароту пасля зносу апусцелых сядзібаў.

Выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў агучыў перад удзельнікамі мерапрыемства вынікі сацыялагічнага апытання жыхароў Дзятлаўскага сельсавета і параўнаў іх з вынікамі аналагічнага апытання летась. Практычна па ўсіх пунктах апытальнага ліста адзначаны пазітыў у рабоце сельвыканкама і мясцовых арганізацый, змяншэнне ўзроўню сацыяльных і бытавых праблемаў жыхароў сельсавета. У ліку зафіксаваных анкетаю пажаданяў рэспандэнтаў: палепшыць якасць і падачу вады ў Раклевічах (“ржавая” вада, у выхадныя дні здараецца недастатковы напор вады для ўключэння вадагрэйнай калонкі); часцей прысылаць у Раклевічы парыкмахера; стабілізаваць электрападачу ў Апаліне-Басіне (здараюцца перапады напружання).

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі агучыў колькасць беспрацоўных па кожным сельсавеце раёна і задачу сельвыканкамаў – паспрыяць працаўладкаванню кожнага чалавека.

Вынікі мерапрыемства падвёў старшыня райвыканкама І. Крахмальчык. Ён ухвальна ацаніў работу выканкама Дзятлаўскага сельсавета, яго старшыні А. Маркушэўскага, падзякаваў старшыні СВК “Русь-Агра” А. Каралю за выніковае супрацоўніцтва з сельвыканкамам, адзначыў пазітыўны ўклад у добраўпарадкаванне сельсавета яшчэ шэрагу раённых арганізацый і службаў. Актуальнай задачай бягучых дзён старшыня райвыканкама назваў завяршэнне ўборкі сельгаскультур, падрыхтоўку да зімы і прырост выпуску прадукцыі да канца года ў межах 5 працэнтаў. Не трэба заспакойвацца сельвыканкамам і ў дачыненні небяспекі АЧС. Заражэння свіней і стратаў у падсобных гаспадарках можна пазбегнуць, калі дакладна выконваць патрабаванні прафілактыкі заражэння: старанна абгарадзіць свінарнік з ізаляцыяй яго ад пранікнення птушак, грызуноў, іншых жывёлін, карыстацца спецвопраткай і спецабуткам у час работы ў свінарніку, рэгулярна рабіць дэзінфекцыю памяшканняў, вопраткі і абутку, карміць свіней тэрмічна апрацаванымі прадуктамі. Даходліва растлумачыць прафілактычныя патрабаванні гаспадарам прясядзібных гаспадарак са свінагадоўляй павінны менавіта сельвыканкамы.

Б. ВАРНЫ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *