Абраны старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў

Падзеі

12 лістапада адбылася ХХІ справаздачна-выбарная канферэнцыя раённага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў. Цягам мерапрыемства прафсаюзныя лідары арганізацый трымалі справаздачу па дзейнасці сваіх прафсаюзаў за пяцігадовы тэрмін, вызначылі далейшыя напрамкі іх дзейнасці, абралі новае раённае кіраўніцтва прафсаюза.
Акрамя 20 дэлегатаў, кіраўнікоў прафсаюзных камітэтаў кожнай з арганізацый-членаў раённага прафсаюза, на канферэнцыі прасутнічалі запрошаныя госці – старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Іосіфавіч Крахмальчык, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Сяргей Фадзеевіч Халява, старшыня Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Валерый Іосіфавіч Саўко, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Валерый Мікалаевіч Мацюкевіч.

Поспехі, набыткі і праблемы прафсаюзнай работы ў арганізацыях прысутным прадставілі ў сваіх дакладах старшыні прафсаюзаў прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Дзятлаўскім раёне, Дзятлаўскага аддзела Дэпадэпартаменда аховы, упраўлення па працы і занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Дзятлаўскага райвыканкама, Казлоўшчынскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых. Асноўнымі акцэнтамі выступленняў сталі культурна-масавая і спартыўная работа арганізацый, выкананне умоваў калектыўных дагавораў, гаспадарчая дзейнасць, шанаванне і заахвочванне работнікаў.

Вынік выступленняў падвёў Валерый Іосіфавіч Саўко, зазначыўшы, што прафсаюзы і іх кіраўнікі, якія вядуць нялёгкую прафсаюзную работу добраахвотна, за апошнія пяць гадоў маюць грунтоўныя набыткі ў прафсаюзнай дзейнасці. Валерый Іосіфавіч канстатаваў, што ёсць яшчэ свае недахопы і недапрацоўкі, аднак у цэлым работу раённага камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў можна прызнаць здавальняючай.

У сваю чаргу, Сяргей Фадзеевіч Халява адзначыў як станоўчы той факт, што ўсе арганізацыі ў складзе раённага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў маюць зацверджаныя калектыўныя дагаворы, усе палажэнні якіх безагаворачна выконваюцца. Аднак ён дадаў, што членам прафсаюза варта помніць, што магчымасці прафсаюзных арганізацый нават на рэспубліканскім узроўні не бязмежныя, а большасць актуальных праблем (перадусім гэта рост заробкаў работнікаў) не можа быць вырашана ў адзін момант, апярэджваючы рост эканомікі ў краіне.

Іван Іосіфавіч Крахмальчык акцэнтаваў увагу прысутных на падтрыманне камфортных, дастойных умоваў працы ва ўсіх арганізацыях раёна і падзяліўся бліжэйнымі планамі па ўзвядзенні новага будынка Дзятлаўскага райвыканкама. Па меркаванні Івана Іосіфавіча, галоўная задача кіраўнікоў усіх арганізацый раёна – навучыцца працаваць з моладдзю і ствараць усе ўмовы для маладых спецыялістаў.

Напрыканцы канферэнцыі яе ўдзельнікі адкрытым галасаваннем абралі старшыню райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў. Ёю трэці раз запар стала начальнік фінансавага аддзела Дзятлаўскага райвыканкама Ірына Дзмітрыеўна Жэгала (яна ж з’яўляецца дзеючым членам рэвізійнай камісіі рэспубліканскага прафсаюза). Акрамя Ірыны Дзмітрыеўны, на ХХІV абласную канферэнцыю, якая адбудзецца ў Гродне ў студзені 2015 года, былі дэлегаваны М. В. Мацюкевіч і А. М. Навічэнкава.

Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *