Зрабіць лес чыстым можа кожны

Падзеі

11 кастрычніка з ініцыятывы Міністэрства лясной гаспадаркі была праведзена агульнарэспубліканская добраахвотная акцыя “Чысты лес”. Актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі таксама і дзятлаўчане. Пра сэнс мерапрыемства і яго ход на Дзятлаўшчыне карэспандэнтка гутарыла з дырэктарам ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Аляксандрам Ківулем.

— Аляксандр Міхайлавіч, па-вашаму, акцыя “Чысты лес” стала ўжо традыцыйнай у Беларусі?
— Безумоўна, так. Добраахвотная акцыя “Чысты лес” праводзіцца ўжо шосты год запар і за гэты час набыла сваіх пастаянных удзельнікаў. Асноўная яе мэта – прыцягнуць увагу грамадства да неабходнасці ашчадна ставіцца да лесу, не засмечваць яго. Колькасць валанцёраў акцыі “Чысты лес” штогод расце: сёлета па рэспубліцы на працу па ачыстцы лесу выйшлі каля 30 тысяч чалавек, а за мінулыя гады – паўдзельнічалі больш за 60 тысяч добраахвотнікаў.

— Чаму праблема чыстага лесу настолькі актуальная сёння?
— Дзятлаўскі лясгас, вырашаючы важныя дзяржаўныя задачы па аднаўленні, ахове і абароне лесу, штогод накіроўвае значныя сродкі і сілы на навядзенне парадку ў лясах. Аднак праблема несанкцыянаванага размяшчэння звалак будаўнічых і бытавых адходаў, іншых пабочных прадметаў у лесе, асабліва на ўчастках ля аўтадарог, чыгункі, населеных пунктаў садаводчых таварыстваў, дачных кааператываў, на пляцоўках для адпачынку і аўтастаянках, застаецца па-ранейшаму вельмі вострай. Акрамя штогадовых акцый, мы праводзім пастаянную работу па добраўпарадкаванні месцаў адпачынку, забяспечваем іх кантэйнерамі для збору смецця; праводзім гутаркі, у якіх заклікаем грамадзян берагчы лес і не засмечваць яго.

— Як прайшла акцыя “Чысты лес” у Дзятлаўскім раёне?
— У Дзятлаўскім лясгасе, як і ва ўсіх астатніх па краіне, была створана рабочая група па правядзенні акцыі на чале з галоўным ляснічым. Усе жадаючыя паўдзельнічаць у акцыі загадзя звярнуліся ў лясніцтвы нашага раёна або ў адміністрацыю. Дзятлаўскі лясгас забяспечыў усіх удзельнікаў акцыі неабходнымі прыладамі працы, арганізаваў вываз смецця ў месцы яго захавання. За час правядзення акцыі на Дзятлаўшчыне была праведзена ачыстка лясных масіваў ля аўтамабільных дарог працягласцю 53 кіламетры; сабрана і дастаўлена ў месцы санкцыянаванага складзіравання 12,5 кубічных метраў смецця.

— Назавіце найбольш актыўных удзельнікаў акцыі.
— Усяго ў добраахвотнай акцыі “Чысты лес” сярод Дзятлаўчан прынялі ўдзел 194 чалавекі. Акрамя работнікаў дзяржаўнай лясной аховы, гэта школьнікі Таркачоўскай, Рудаяварскай, Гезгалаўскай, Дварэцкай сельскіх школаў, сярэдняй школы №1 горада Дзятлава і іншых школ раёна. Увогуле ў акцыі паўдзельнічалі больш за 80 школьнікаў.

— Аляксандр Міхайлавіч, у чым для вас сэнс акцыі “Чысты лес”?
— Акцыя “Чысты лес” заклікана аб’яднаць усе намаганні нераўнадушных да навакольнага асяроддзя людзей, гатовых зрабіць свой уклад у навядзенне парадку ў лесе, паказаць іншым прыклад адносінаў да галоўнага прыроднага багацця краіны. Чысціня і парадак у лесе залежаць ад кожнага з нас, ад нашай культуры, ад нашага стаўлення як да самой прыроды, так і да працы тых людзей, якія ствараюць, вырошчваюць, ахоўваюць лясы

Гутарыла Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *