Жывая памяць пакаленняў

Падзеі

Канферэнцыя кіраўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ “Патрыятызм: гісторыя і сучаснасць, адбылася 2 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.Удзельнікаў канферэнцыі пазнаёмілі з выставачнымі заламі музея, правялі дарогамі вайны, экспазіцыі абноўлены новымі тэхнічнымі сродкамі, аўдыёвізуальнымі эфектамі і прыёмамі, якія рэалістычна адлюстроўвалі ўвесь цяжар той вайны, усю гістарычную праўду.

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў адзначыў:

— Мы цяпер асабліва адчулі, наколькі важна быць адзінымі, разумець сваю Радзіму, гістарычнае мінулае, берагчы гэта, падтрымліваць і ўмацоўваць сваё адзінства. Важна разумець, што пры раз’яднанасці адразу пачынаюцца праблемы, прычым, не толькі эканамічныя і палітычныя, але і ваенныя, падобных прыкладаў цяпер шмат.

Гістарычнае мінулае і традыцыі – гэта і тое, што здольна і павінна аб’ядноўваць людзей. Сведчыць пра гэта і той факт, што музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стаў важным месцам для нашых людзей. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь неаднойчы гаварыў пра тое, каб гэты музей стаў лепшым у свеце помнікам пакутам і гераізму, які праявілі людзі, у тым ліку беларусы. З першага дня працы ў музей прыходзіць шмат людзей розных узростаў, яны разумеюць, што гісторыя нас аб’ядноўвае. Беларусам складана знайсці аб’яднальныя сілы, паколькі гісторыя краіны няпростая: было Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Масковія, але беларусы выпакутавалі сваё адзінства. Праз прэсу, тэлебачанне і радыё мы будзем пераконваць людзей, што не дапусцім супярэчнасцяў і ваенных канфліктаў унутры краіны.

І гэта асабліва важна цяпер, калі ў свеце перакрэслівюць межы і сутыкаюць народы, спекулюючы фактамі мінулага, упэўнены першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Беларусі Станіслаў Зась звярнуў увагу кіраўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ на супрацьстаянне ў сферы сэнсаў. “Гэта супрацьстаянне розных ідэалогій, маральных каштоўнасцяў, культур і рэлігій. Гэтую тэму я падняў таму, што больш за ўсё яе фарміруюць сродкі масавай інфармацыі, якія працуюць з людзьмі і ствараюць сэнсавы кантэкст падзеяў. Зараз мы бачым шмат прыкладаў, калі спрабуюць пераасэнсаваць некаторыя гістарычныя падзеі, а такія гістарычныя ідэалагічныя «вычварэнствы» вельмі небяспечныя.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч мяркуе, што сёння Беларусь з’яўляецца прыкладам маральных адносін грамадства і дзяржавы да праблем сучаснасці. Інфармацыйнае поле павінна заставацца лідарам фарміравання грамадскага меркавання ў краіне, павінна ўмацоўваць нашы маральныя прыярытэты і арыенціры, выхоўваць грамадзянскую адказнасць, патрыятызм, гістарычную і сучасную перспектыву. Сродкі масавай інфармацыі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій уплываюць не толькі на розумы і сэрцы людзей, але і на дзейнасць краін. Але мы бачым, што інфармацыйныя гульні не заўсёды фарміруюцца ў інтарэсах краіны і народа. Неабходна сур’ёзна і асцярожна ставіцца да слова і да таго, што дэманструецца на тэлебачанні і гучыць па радыё.

Міністр інфармацыі таксама падкрэсліла, што на развіццё складаных працэсаў фарміравання інфармацыйных плыняў значную ролю аказвае інтэрнэт, аднак інфармацыйная прастора павінна заставацца лідарам фарміравання грамадскай думкі ў краіне. Інтэрнэт – гэта і поле для негатыўных поглядаў для перабольшвання рэчаіснасці і нават для мэтанакіраванага падману. І ў гэтай сувязі добра было б удасканаліць заканаўчую базу, якая, у першую чаргу, рэгулявала б адказнасць за кожнае слова, выказанае ў сеціве.

На канферэнцыі гучала шмат прапановаў, як палепшыць работу сродкаў масавай інфармацыі. Былі заслуханы творчыя праэкты аб стварэнні інтэрнэт-партала “СМІ Беларусі”, ВаенТБ. У сваю чаргу, ад удзельнікаў канферэнцыі былі падрыхтаваны альбомы ад кожнай вобласці аб надрукаваных матэрыялах, прысвечаных 70-годдзю Перамогі, якія назаўжды застануцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

А. КУДЗІНАЎ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *