Такога вы яшчэ не бачылі: пейнтбол па-Дзятлаўску

Падзеі

З ініцыятывы раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» ля вёскі Лапушна прайшоў першы адкрыты раённы турнір па пейнтболе сярод камандаў арганізацый і ўстановаў Дзятлаўшчыны.
Пейнтбол — гэта ваенна-спартыўная гульня, якая прыйшла да нас з Захаду і заваявала асаблівую папулярнасць у беларусаў у апошнія 10-15 гадоў. Сёння ў буйных гарадах нашай рэспублікі, здаецца, няма ніводнага студэнта, які хоць раз не паспрабаваў бы сябе на пейнтбольнай пляцоўцы. Класічны «сцэнарый» гульні, які выкарыстоўваўся і на раённым турніры ля Лапушна, калі ўдзельнікі дзеляцца на каманды па некалькі чалавек. Дзве каманды выходзяць змагацца на загадзя падрыхтаваную пляцоўку. Паядынак доўжыцца некалькі хвілін (час устанаўліваюць арганізатары). Перамагае каманда, якой удаецца зняць сцяг з базы саперніка або тая, у якой «жывымі» застаюцца большасць ігракоў. Здараецца, што адна з каманд паспявае страціць усіх ігракоў яшчэ да канца раўнда і прайграе.

Удзельнікі, гуляючы ў пейнтбол, апранаюцца ў ахоўныя касцюмы і шлемы, каб пазбегнуць траўмавання, атрымліваюць спецыяльную пнеўматычную зброю, якая страляе шарыкамі з фарбай. Дарэчы, «патроны» абсалютна бясшкодныя: рознакаляровыя шарыкі — гэта харчовы фарбавальнік, змешчаны ў жэлатынавую абалонку. Пры кантакце з любой паверхняй шарык лопаецца і пакідае каляровую пляму, якая лёгка выдаляецца з касцюма іграка сурвэткай. Удзельнік, у якога трапна выстралілі, падымае руку і выходзіць з пляцоўкі. У гэтым раўндзе ён лічыцца «забітым».

Магчымасць арганізаваць першы адкрыты раённы турнір у моладзі Дзятлаўшчыны з’явілася дзякуючы пейнтбольнаму клубу «Stalker», галоўным суддзёй якога з’яўляецца Яўген Дворык. Менавіта ён прадаставіў моладзі гульнёвую пляцоўку, касцюмы і зброю. І пры падтрымцы старшыні СВК «Граніт-Агра» Станіслава Мазура.

Паспрабаваць свае сілы сабраліся 10 каманд з арганізацый і ўстановаў Дзятлаўшчыны. Гэта былі каманда СВК «Граніт-Агра», каманда Наваельнянскага КХП «Спартанцы», дзве каманды ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас», зборная каманда школьнікаў «МЭБ», каманды АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод» — «Алгонь», «Экстра», «Тытаны», каманда аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, каманда Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства «Рабяты».

Гульня вялася па кругавой алімпійскай сістэме. Каманды-сапернікі знаходзіліся на пляцоўцы па два раўнды (раўнд доўжыўся тры хвіліны), калі суддзя канстатаваў «нічыю» для высвятлення мацнейшага даваўся дадатковы раўнд.

Пасля паспяховага асноўнага туру гульні ў першую групу паўфіналу выйшлі гранітаўцы, школьнікі, праваахоўнікі, каманда ВГЗ «Экстра», каманда лясгаса «3+2». Прайграўшыя ў першым туры спаборніцтваў увайшлі ў другую групу паўфіналу. Гэта былі «Спартанцы» Наваельнянскага КХП, каманда ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас», дзве каманды ВГЗ «Алгонь» і «Тытаны», каманда аблспажыўтаварыства «Рабяты». Паспрабаваўшы сябе на «баявых пазіцыях», сапернікі з абедзвюх групаў паўфіналу сталі гуляць больш упэўнена і зладжана.

У выніку ў фінале аказаліся каманда «3+2», якая вылучалася ваяўнічымі дзяўчатамі, каманда РАУС і каманда «Экстра». Нечакана для балельшчыкаў у паўфінале выбылі МЭБаўцы, якім многія прадказвалі перамогу (забягаючы наперад зазначу, што яны аказаліся на 4 месцы ў турнірнай табліцы).

Фінал гулялі па кругавой сістэме: кожны з кожным. Ужо ў першай гульні каманда лясгаса «3+2» аказалася мацнейшай за каманду праваахоўнікаў, але саступіла вінаробам з «Экстры». Апошняя гульня камандаў РАУС і «Экстра» скончылася нічыёй. Тады суддзя Яўген Дворык запрасіў на пляцоўку капітанаў. Ужо на першай хвіліне баталіі не пашанцавала праваахоўніку Андрэю Юшкевічу: быў «выбіты» трапным выстралам.

У час падрыхтоўкі да адкрытага раённага турніру па пейнтболе арганізатары ўстанавілі шэраг бонусаў, якія і атрымалі найбольш актыўныя ўдзельнікі на агульным пастраенні пасля гульні. Кубак, грамата за першае месца і падарунак дасталіся непераможнай камандзе «Экстра» вінна-гарэлачнага завода. Падарункі і граматы за другое і трэцяе месцы адпаведна атрымалі каманда лясгаса «3+2» і каманда аддзела ўнутраных спраў. Прызы і граматы пераможцам уручыў намеснік стршыні райвыканкама Мікалай Мацюкевіч. Каманду школьнікаў «МЭБ» назвалі «самай зладжанай» і ўручылі ёй грамату. Падарачныя сертыфікаты на 30% скідку ў пейнтбольным клубе «Stalker» дасталіся камандам «Экстра», РАУС, «3+2», «МЭБ», СВК «Граніт-Агра», «Рабяты».

Граматы за актыўны ўдзел у першым адкрытым раённым турніры па пейнтболе сярод камандаў арганізацый і ўстановаў Дзятлаўшчыны з прысваеннем ганаровага звання «Рэмба» былі ўручаны Аляксандры Мыслявец, Антону Тарасевічу, Яўгену Орсіку, Яўгену Паўлоўскаму, Сяргею Міхалю, Андрэю Шмыку, Аляксандру Гліністаму, Сяргею Сіняку, Наталлі Шмык, Віктару Грыцуку.

Перад ад’ездам арганізатары, удзельнікі і госці турніру сфатаграфаваліся на памяць, а таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі пра мерапрыемства з карэспандэнткай газеты.

Яўген Дворык, галоўны суддзя турніру і заснавальнік пейнтбольнага клуба «Stalker»:

— У свой час я пачаў захапляцца пейнтболам як актыўным відам адпачынку. Спачатку гуляў у яго як аматар разам з сябрамі ў вольны ад работы час. Пазней падумаў, што на Дзятлаўшчыне ў моладзі няма асаблівай альтэрнатывы, як цікава правесці выхадныя і святы. Так узнікла задумка стаць ІП, стварыць свой клуб, тым больш, што гэты від спорту я паспеў вывучыць дасканала. Пляцоўку арганізаваў на ўчастку, які дастаўся ад бабулі ў спадчыну. Касцюмы і зброю набыў у Гродне і Навагрудку. Цяпер прымаю заказы на правядзенне гульняў ад усіх жадаючых. У кошт для аднаго чалавека ўваходзяць удзел у гульні, 200 шароў, пракат камплекта адзення, маскі, ахоўнага жылета.

Такіх масавых спаборніцтваў, як сённяшнія раней праводзіць не даводзілася. Але, як вы ўжо паспелі ўпэўніцца, раённы турнір прайшоў без замінак. Многія канкурсанты ўжо цікавіліся, як зрабіць заказ на гульню для сваёй кампаніі. Я расказаў, што ў любы час аматарам пейнтболу клуб «Stalker» гарантуе цікавы адпачынак і якасную гульню. Цяпер мы якраз пашыраемся, збіраемся пабудаваць на ўчастку альтанку для гледачоў. Таму чакаем вас у нас.

Мікалай Райко, інжынер-энергетык СВК «Граніт-Агра»:

— Сёння не перамаглі, але настрой і ўражанні ад гульні выдатныя, бо на пляцоўцы зараджаешся энергіяй, а ў перапынку атрымліваеш асалоду ад размоваў з сябрамі і добрага гумару. Тут ёсць усё неабходнае для выдатнага пейнтболу, дзякуй арганізатарам. У гэтым спорце я не навічок. За час студэнцтва ў Мінску колькасць выхадаў на пейнтбольныя пляцоўкі перасягнула сотню. Але гуляць не надакучыла і не надакучыць ніколі.

Сяргей Міхаль, галоўны энергетык Наваельнянскага КХП:

— Гульня спадабалася, бо была выдатна арганізавана. Адзінае пажаданне, каб такія сустрэчы ладзіліся часцей. У студэнцкія гады бываў на пейнтбольных пляцоўках. Яшчэ тады зразумеў: пейнтбол — гэта адрэналін, рух, выдатны настрой, псіхалагічная разгрузка. Калі даведаўся пра раённы турнір, мяне не трэба было ўгаворваць паўдзельнічаць. У далейшым, калі з’явіцца магчымасць, арганізуем гульню для сябе.

Максім Юганаў, навучэнец сярэдняй школы №3 горада Дзятлава:

— Ішлі на перамогу, але крыху не здолелі. Наша каманда — зборная першай і трэцяй школ. Гуляем не першы раз: выходзілі на пейнтбольныя пляцоўкі ў час паездак у Мінск, Гродна. Сёння прыехалі ў Лапушна раней, каб агледзець пляцоўку, распрацаваць тактыку. Выступалі зладжана, але падвяло хваляванне — без яго не абышлося. Аднак атрымалі сваю порцыю адрэналіну, энергіі і задавальнення ад гульні.

Вольга Індура, інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама:

— Ніколечкі не засмуцілася, што трэцяе месца, хаця хлопцы, бачу, крыху засумавалі. На гульні мы — дэбютанты. З усёй каманды толькі адзін Аляксандр Харошка калісьці гуляў у пейнтбол. Затое атрымалі шмат станоўчых эмоцый. Варта прыехаць сюды калі-небудзь з калегамі, згуляць дзеля свайго задавальнення, тым больш, што атрымалі сертыфікат на 30% скідку, але з нашай работай цяжка будзе знайсці час.

Ужо пасля першай паспяховай гульні каманда пачала абмяркоўваць стратэгію паводзінаў на пляцоўцы, магчыма, змаглі б паказаць і лепшыя вынікі, але крыху не пашанцавала. Спадзяёмся, што раённы турнір па пейнтболе стане добрай традыцыяй на Дзятлаўшчыне, і ў наступны раз наша каманда пакажа лепшы вынік.

І. КАЎКЕЛЬ

Фота Б. ВАРНЫ  



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *