«Пошта вачыма дзяцей»

Падзеі

Менавіта так называецца конкурс дзіцячых малюнкаў, які прайшоў дзякуючы АПС “Дзятлава-1” РУП “Белпошта”. У зале АПС была арганізавана выстава дзіцячых малюнкаў, якая прымеркавана да 9 кастрычніка – Сусветнага дня пошты.

Начальнік раённага вузла паштовай сувязі РУП “Белпошта” Наталля Мікалаеўна Цітова адзначае:
— Дадзенае мерапрыемства на “Белпошце” адбываецца не ўпершыню. Непасрэдна гэты конкурс прымеркаваны да святкавання Дня пошты, але ў будучым мы плануем зрабіць конкурс дзіцячых малюнкаў традыцыйным і арганізоўваць яго да розных знамянальных падзей.

Удзел у конкурсе прынялі навучэнцы СШ № 1, СШ № 3, а таксама дзіцячай школы мастацтваў горада Дзятлава. Самаму малодшаму ўдзельніку было 6 гадоў, а самаму старэйшаму – 14 гадоў.

Усе малюнкі былі розныя, але кожны па-свойму прыгожы – гэта і тэматычны калаж да Дня пошты, і малюнак шарыкавай ручкай “Пошта будучыні”, і вясёлы мішка-паштальён, які нёс пісьмо для жыхароў лесу, а ўсім знаёмы з дзяцінства паштальён Печкін вясёлай усмешкай вітаў наведвальнікаў пошты.

Вызначальных намінацый і спецыяльных патрабаванняў да малюнкаў арганізатары конкурсу не вылучалі. Каля выставы была пастаўлена спецыяльная скрынка, у якую на працягу цэлага тыдня наведвальнікі пошты апускалі “свае галасы” за лепшыя работы. Пераможцаў выбіралі па выніках глядацкага галасавання.

За малюнкі, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, былі ўручаны каштоўныя падарункі, граматы і падпіска на дзіцячае выданне. Лепшымі былі абраны навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў Д. Лукашэня (13 гадоў) і Р. Асіпук (14 гадоў) і першакласніца СШ № 3 У. Баранава. Таксама каштойнымі падарункамі арганізатары адзначылі работы В. Мікуліч і М. Маркавай.

Галоўнай мэтай мерапрыемства, як адзначае Наталля Мікалаеўна Цітова, стала тое, як дзеці разумеюць, што такое пошта: ”Мяркуючы па малюнках дзяцей, пошта – гэта дастаўка пісьмаў і адпраўленне віншавальных паштовак. Галоўнае – не забывайце віншаваць сваіх любімых і родных са святамі, адпраўляць пісьмы, а мы для гэтага зробім усё, што залежыць ад нас”.

Л. СУР’ЯНІНАВА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *