Кветкі — ад сям’і Чэнтук

Падзеі

Дабрабыт і росквіт нашай роднай Дзятлаўшчыны складаюцца не толькі з прадуктыўнай работы прадпрыемстваў, развіцця сацыяльанга сектара, але і з поспехаў асобных дзятлаўчан. Кожны, мабыць, ужо ведае, што стаць прадпрымальнікам сёння можна вельмі проста і хутка. Іншая рэч –замацавацца ў прыватным бізнэсе, каб справа не згасла, а развівалася, даючы добры плён.

Надзеі Чэнтук зрабіць гэта дапамагла сям’я. У мінулую сустрэчу карэспандэнтаў газеты з маладой прадпрымальніцай і яе мамай Вольгай Георгіеўнай яны займаліся продажам кветак, арандавалі невялікі “куточак” з двума стэлажамі. Пазней там з’явіліся сувеніры, посуд, і пашыранаму асартыменту, як і самім прадаўцам, стала цеснавата ў малым памяшканні.

Таму ў дні павышанага попыту на кветкі Надзея праяўляла сапраўдную прадпрымальнасць: напярэдадні святаў яна за пераносным прылаўкам афармляла букеты проста на вуліцы побач з працоўным месцам.

Нарэшце тое, што было для Надзеі Чэнтук і яе мамы спачатку толькі марай, потым – смелым праектам, рэалізавалася на справе. У апошнія дні верасня яны прэзентавалі новы сучасны магазін “Кветкі”, які адкрыўся ў прасторным памяшканні.

Для Дзятлава кожная такая падзея – знакавая, таму на прэзентацыю новай гандлёвай кропкі сабраліся сябры, пастаянныя наведвальнікі, патэнцыяльныя кліенты і родныя Надзеі і Вольгі Георгіеўны. Менавіта блізкія дапамаглі, здавалася, невыканальнаму плану паспяхова рэалізавацца.

Сям’я – самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. Гэту простую навуку Надзеі Чэнтук нядаўна дапамаглі яшчэ раз замацаваць на практыцы. Калі маладая жанчына нарадзіла дзіця, асноўны груз клопатаў па вядзенні бізнэсу ўзяла на сябе яе мама, адпусціўшы дачку ў дэкрэтны водпуск. Лёс паслаў надзеі новае выпрабаванне: яе дзіця нарадзілася з інваліднасцю. Каб забяспечваць малому належны догляд і лячэнне, давялося працаваць з падвоенай энергіяй і стараннасцю. Родныя людзі заўсёды былі побач: падбадзёрвалі, дапамагалі матэрыяльна. А калі прадпрымальніцам прапанавалі заняць новае памяшканне, светлае і больш прасторнае, яны адважыліся на пераезд, ведаючы, што цэлай сям’ёй змогуць адолець і гэта.

— Ад ідэі новага магазіна да сённяшняга адкрыцця мінула толькі тры з паловаю месяца, – згадвае Надзея Чэнтук. – Толькі маім блізкім вядома, колькі грошай, працы і перажыванняў было ўкладзена сюды. З пяці невялічкіх пакояў, якія былі ў колішнім падсобным памяшканні Дома быту, атрымалася адна выцягнутая ўдоўж прасторная зала. Цэнтральнае месца тут, як і раней, адведзена кветкам. Зрэзаныя бутоны добра відаць за празрыстымі сценкамі халадзільнага пакоя, дзе капрызныя “кватаранты”, пакуль не патрапяць у букет, утрымліваюцца ў аптымальнай для іх захавання тэмпературы. За канструяванне гэтага халадзільніка і ўвесь рамонт ад столі да падлогі разам з дэмантажом сцен сям’я Чэнтук удзячная майстру з залатымі рукамі, сваяку Яўгену Мордасу.

Мноства паліцаў і подыум, якія размясціліся па перыметры магазіна, нарэшце, далі магчымасць прадаўцам паказаць поўны асартымент тавараў, сярод якіх усемагчымыя рэчы для вырошвання кветак, свяцільні, посуд, упрыгожанні для інтэр’еру.

— Цяпер ёсць памяшканне, якое можна напаўняць новымі рэчамі, – кажа гаспадыня магазіна. – Таму бліжэйшым часам тут з’явяцца люстры, дробная бытавая тэхніка. Мы паклапаціліся пра тое, каб у магазіне былі тавары рознай цэнавай катэгорыі, таму кожны выбера пакупку па сваім гусце і фінансавых магчымасцях.

Нягледзячы на багаты асартымент, галоўны акцэнт тут па-ранейшаму робіцца на жывыя кветкі. Іх можна будзе набыць на месцы ці замовіць. У Надзеі Чэнтук ёсць задумка дапамагаць людзям віншаваць сваіх любых, заказваючы дастаўку кветак і падарункаў на дом у пэўны дзень і час. Ёсць яшчэ нямала ідэй, якія прадпрымальніца пакуль трымае ў сакрэце.

Ужо ў першы дзень працы магазіна, адзначаны яго ўрачыстым адкрыццём, дзятлаўчане прыходзілі не толькі паглядзець, паўдзельнічаць у мерапрыемстве, але па пакупкі. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад новай гандлёвай кропкі.

Наталля Мацюкевіч: “Усё здорава. Дзяўчаты малайцы, што за такі кароткі тэрмін змаглі адкрыць магазін. Па тварах наведвальнікаў відаць, што раўнадушных да гэтага месца няма. Асабліва тут падабаецца дзецям, і я разумею чаму. Заходзіш сюды, быццам у казку. Нават не параўнаць з тым, што было раней”.

Аксана Матук: “Вельмі рада, што ў райцэнтры з’явіўся такі яркі новы гандлёвы аб’ект. Па-мойму, магазін “Кветкі” сям’і Чэнтук – гэта ідэальнае месца, каб набыць прыемныя “сімвалічныя” падарункі”.

Лідзія Барысаўна Урбан (мама Вольгі Чэнтук): “Я верыла, што справа, за якую ўзяліся мае дачка з унучкай, абавязкова зладзіцца. І ўдвая прыемней, што ім актыўна дапамагаў мой сын Уладзімір. Бо калі дзеці жывуць дружна – для маці гэта найвялікшая радасць”.

Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *