Г. Кашко: “Самае страшнае для чалавека – адзінота”

Падзеі

Менш за два стагоддзі мінула з тае пары, калі прафесія медыцынскага работніка атаясамлялася не толькі з выкананнем медыцынскіх прызначэнняў, а ўвогуле з дапамогай усім, хто меў патрэбу ў доглядзе. Прадстаўніц такой прафесіі звалі літасцівыя сёстры, зямныя анёлы, белыя галубкі. Ад іх клопату і ласкі нават цяжка хворым станавілася лягчэй. Але і сёння, у новую прагматычную эпоху, літасцівыя сёстры, хутчэй не па прафесіі, а па прызванні, ёсць сярод нас, варта толькі ўважліва прыгледзецца.

Ганна Іванаўна Кашко, фельчар Казлоўшчынскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых, належыць да той вельмі рэдкай сёння катэгорыі людзей, якія кожны свой дзень жывуць дзеля іншых, ніколі не акцэнтуючы на гэтым увагу грамадства. Мабыць, таму жанчына не любіць гаварыць пра сябе, больш ахвотна распавядае аб прафесіі, з якой яны беспамылкова знайшлі адна адну.

— Сэнс майго існавання – быць патрэбнай людзям, клапаціцца пра іх, – кажа жанчына.

У тым, што Ганна Іванаўна выбера медыцыну, не было ніякіх сумненняў. Нават у дзяцінстве, калі ў роднай Чудоўшчыне гуляла з сяброўкамі ў лялькі, абавязкова лячыла іх, таксама лячыла жывёлін і верыла, што абавязкова стане доктарам.

Вучоба ў Слонімскім медвучылішчы давалася Ганне Кашко лёгка: вельмі ж падабалася абраная спецыяльнасць. А па заканчэнні навучальнай установы яе чакала праца ў фельчарска-акушэрскім пункце ў Паўлаве, якой жанчына прысвяціла добры дзясятак гадоў.

Некаторы час Ганна Іванаўна была намеснікам санітарнага доктара ў Казлоўшчынскай бальніцы. Але сапраўднай аддушынай, часам, пра які і цяпер згадвае з цеплынёй, стаў перыяд, калі яна выкладала медыцыну школьнікам у вучэбна-вытворчым камбінаце ў Нянадавічах. Мне пашчасціла наведваць тыя ўрокі, якія былі для вучняў і ўрокамі жыцця, сяброўства, чалавечнасці. На гэтых занятках мы атрымалі тыя неабходныя азы медыцынскай дапамогі, якія, напэўна, кожнаму прыдаліся ў жыцці не адзін раз. А многія па прыкладзе самай лепшай настаўніцы зрабілі сваёй прафесіяй медыцыну.

Калі вучэбна-вытворчы камбінат спыніў сваё існаванне, для Ганны Іванаўны Кашко пачаўся новы этап працоўнай біяграфіі. Яна ўладкавалася на працу фельчарам у Казлоўшчынскі дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых, дзе працуе і сёння, аддаючы яго жыхарам свой прафесіяналізм, энергію і натхненне.

Ганна Іванаўна заўжды жыла для сям’і. Узорная маці і гаспадыня, усю сябе прысвяціла родным, сямейнаму гнязду, якое цяпер апусцела. Некалькі гадоў таму не стала мужа; два сыны, гонар і ўцеха матулі, выраслі, кожны абраў сваю жыццёвую сцяжыну. Цяпер яны бываюць у бацькоўскім доме толькі жаданымі гасцямі.

Аднак жанчына не пакідае месца шкадаванню і самотнаму роздуму аб лёсе. Каштоўныя хвіліны і дні жыцця фельчара цяпер патрэбныя жыхарам дома-інтэрната: паспявае яна палячыць і добрае слова сказаць, дапамагчы набыць усё неабходнае ў краме і звазіць на прыём да доктара. Не спыняецца мітуслівае кола паўсядзённых клопатаў, працягваючы рухаць наперад і само жыццё Ганны Іванаўны Кашко.

— Самае страшнае ў жыцці чалавека – гэта адзінота, – кажа жанчына. – А маладыя людзі, чые бацькі жывуць у нас і вельмі чакаюць сваіх дзяцей, не прыязджаюць наведваць іх. Яны, мабыць, думаюць, што самі ніколі не стануць састарэлымі.

Дзіўна, але нават тыя жыхаркі дома-інтэрната, якія пакутуюць на “правалы” ў памяці, выдатна помняць сваіх дзяцей і не крыўдуюць на іх, апраўдваюць, маўляў, вельмі занятыя, увесь час у працы, таму і не стае часу сюды даехаць. А людзям, здаровым ці не вельмі, недастаткова адной толькі медыцынскай дапамогі. Ім важна чуць добрыя словы, бачыць спагаду і ўдзел, нарэшце, адчуваць сябе ў сям’і. Гэта, як могуць, стараюцца ім кампенсаваць работнікі дома-інтэрната, душы якіх ніколі не счарсцвеюць.

Н. АВЯРЧУК

Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *