Дзятлаўская ЦРБ: гісторыя ў асобах

Падзеі

У ліпені 1944 года ў выніку працяглых баёў тады яшчэ гарадскі пасёлак Дзятлава быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рашэннем раённага кіраўніцтва 14 ліпеня ў дзятлаўскім маёнтку Радзівілаў адчыніла свае дзверы раённая бальніца. Кожны, хто цікавіцца гісторыяй райцэнтра або развіцця медыцыны на Дзятлаўшчыне, можа знайсці гістарычную даведку ў архівах. Мы ж звернемся да сведчанняў тых, хто гэту гісторыю ствараў – былых і сённяшніх работнікаў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.


IMG_0570НІНА ЯНІСОН,

медыцынская сястра

Ніна Андрэеўна, адна са старэйшых работніц Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, прыехала ў Дзятлава пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З 1947 года яна працавала спачатку ў рэгістратуры паліклінікі, затым – у хірургічным аддзяленні бальніцы. Па словах жанчыны, раённая медыцына ў тыя гады толькі пачынала прыводзіцца ў сістэму: у бальніцы працавалі лічаныя дактары, не хапала і сярэдняга медыцынскага персаналу. Часта і працяглы час медсёстрам даводзілася выконваць функцыі доктара як на прыёме, так і ў аддзяленні.

Асноўны перыяд працоўнай дзейнасці Ніны Андрэеўны Янісон звязаны з працай на прыёме з доктарам фтызіятрам, а затым – у туберкулёзным аддзяленні бальніцы, якое размяшчалася ў вёсцы Жыбартоўшчына. Па словах медсястры, працы было шмат як на прыёме, так і на ўчастку: у пасляваенныя цяжкія часы шмат людзей хварэлі на туберкулёз. Асноўнай формай дыягностыкі быў рэнтген, акрамя таго, даводзілася наведваць дома, апрошваць, правяраць не толькі хворых, але і патэнцыяльныя кантакты. Для лячэння туберкулёзу выкарыстоўваліся пераважна таблеткі, якія ў той час выпісваліся бясплатна.

Ніна Андрэеўна мае нямала ўзнагародаў за сумленную працу, адна з якіх – за сістэматызацыю працы з хворымі на туберкулёз. Яна зрабіла картатэку амбулаторных картаў хворых па колерах у залежнасці ад перыяду працякання захворвання. Акрамя гэтага, на памяці медыцынскай сястры – першы вопыт укаранення прышчэпкі на “рэакцыю манту”, якая сёння з’яўляецца абавязковай. Каб навучыць сярэдні медперсанал выконваць такую працэдуру, былі арганізаваны цэнтралізаваныя курсы.

НІКАДЗІМ БУТУРЛЯ,

IMG_0973

доктар-дэрматавенеролаг

Нікадзім Іванавіч на працягу 15 гадоў (з 1990 па 2005 гады) узначальваў прафсаюзны камітэт Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Як у тыя часы, так і цяпер, прафсаюз працаваў дзеля дабрабыту саміх медыцынскіх работнікаў. Аднак поле дзейнасці арганізацыі чвэрць стагоддзя таму было адчувальна шырэйшае.

Нікадзім Іванавіч згадвае, што яму, як прафсаюзнаму лідару, часам даводзілася сябе адчуваць сапраўдным старшынёй “калгаса”: усе работнікі бальніцы атрымлівалі ў гаспадарках раёна зямельныя ўчасткі па 10 сотак для пасадкі бульбы, дамаўляцца аб якіх і дзяліць даводзілася менавіта прафсаюзнаму актыву. Дружна садзілі бульбу і дружна збіралі ўраджай, дапамагаючы адзін аднаму.

Важным у прафсаюзнай рабоце было і аздараўленне саміх медыкаў. Гэта і правядзенне абавязковых медыцынскіх аглядаў, і размеркаванне пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне ў санаторыі па ўсім Савецкім Саюзе. Мінімум 40 работнікаў аздараўляліся самі і разам з сем’ямі ва Украіне, на поўдні Расіі, у Латвіі; актыўна наведвалі беларускія санаторыі, сярод якіх любімым быў санаторый “Свіцязь”.

Культура, якая заўсёды была на высокім узроўні ў Дзятлаўскай бальніцы, тады была прадстаўлена вялікім хорам, адметным шматгалосным мужчынскім і жаночым вакалам, сабраным як з работнікаў бальніцы, так і іх родных. Спецыяльна для выканаўцаў былі пашыты шыкоўныя касцюмы, калектыў станавіўся лаўрэатам абласных конкурсаў і нават прэтэндаваў на званне народнага. Працаваў і выдатны танцавальны калектыў.

Спорт, як тады, так і цяпер, з’яўляецца гонарам прафсаюзнага руху Дзятлаўскай ЦРБ. Яшчэ за тым часам зборная бальніцы па міні-футболе станавілася прызёрам, а зборная па валейболе – двойчы пераможцай абласнога турніру. Па тым часе гэта была спартыўная сенсацыя. Першы ў развіцці спорту быў зацікаўлены колішні галоўны доктар У. У. Латушка, з лёгкай рукі якога быў створаны праект, і да бальніцы дабудавана спартыўная зала. Пры Дзятлаўскай ЦРБ працавала таксама секцыя па таэквандо для дзяцей работнікаў, якую вёў Анатоль Шалесны.

Навагоднія ранішнікі, канцэрты і святочныя мерапрыемствы праходзілі ў сценах бальніцы, дзе ўсе ролі выконвалі самі медработнікі. Галоўным “рэжысёрам” такіх пастановак выступала медыцынская сястра Наталля Лях. З ініцыятывы прафсаюза праводзілі таксама агеньчыкі-знаёмствы з новымі спецыялістамі. Нікадзім Іванавіч Бутурля згадвае іх не толькі як вясёлыя, але і карысныя для грамадства: адно з такіх мерапрыемстваў паспрыяла стварэнню дзвюх новых маладых медыцынскіх сем’яў.

                                                                                                                                                                        НАТАЛЛЯ КАРПЕНКА,IMG_9979

доктар-тэрапеўт

Наталля Генрыхаўна, як ніхто іншы, ведае гісторыю Дзятлаўскай бальніцы. Яе тата Генрых Адольфавіч прыехаў сюды па размеркаванні і напачатку быў адзіным хірургам на ўвесь раён, хоць тэрыторыя раёна была ўдвая большай. Доўгі час ён узначальваў Дзятлаўскую ЦРБ, а Наталля Генрыхаўна літаральна тут расла, прыбягаючы са свайго дома, што размяшчаўся на тэрыторыі бальніцы, да таты і мамы на працу. Самы яскравы дзіцячы ўспамін сённяшняга доктара-тэрапеўта – гэта мора кветак, у якім быццам патанала бальніца. Ва ўстанове нават была спецыяльная пасада для жанчыны, якая займалася доглядам за кветнікам. Наталля Генрыхаўна і сёння помніць усіх дактароў, якія працавалі ў той час, і адзначае, што, хоць калектыў бальніцы быў невялікі, адносіны паміж медыкамі былі не проста прафесійнымі, але і цёплымі, сяброўскімі.

Нават не ўяўляючы, кім яшчэ можна стаць, Наталля Генрыхаўна, як і яе сястра, атрымала медыцынскую адукацыю і ў 1981 годзе прыехала сюды ж, на Дзятлаўшчыну. Пачынала працаваць у тэрапеўтычным аддзяленні бальніцы на 50 коек, якое размяшчалася тады ў Жыбартоўшчыне. Каля 5 гадоў пешшу хадзіла на працу ў рознае надвор’е, працуючы адзіным тэрапеўтам на ўсё аддзяленне. За гэтыя гады атрымала вялікі вопыт, а калі перайшла працаваць у паліклініку, была тэрапеўтам на адным з трох участкаў, як і цяпер – №3 (цяпер на Дзятлаўскі раён 6 тэрапеўтычных участкаў).

З таго часу, заўважае Наталля Генрыхаўна, шмат змянілася ў Дзятлаўскай бальніцы: з будынка палаца Радзівілаў яна “пераехала” ў новы корпус і пазней была пашырана ўдвая; з’явіўся шэраг вузкіх спецыялістаў, а таксама новае абсталяванне, якое ўдасканальваецца штогод. Аднак па-ранейшаму ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі сам доктар.

ЛІЗАВЕТА НАМЯРЭНКА,IMG_9845

старшая медсястра стаматалагічнага аддзялення паліклінікі.

Стаматалогія – адна з найбольш хутка прагрэсуючых сфераў медыцыны. Лізавета Ізраілаўна не адно дзесяцігоддзе працуе ў ёй. З 1997 года яна з’яўляецца старшай медсястрой стаматалагічнага аддзялення паліклінікі, а прыйшла працаваць у “зубны” кабінет увогуле ў 1975-ым.

У тыя ўжо далёкія часы стаматалогія і зубапратэзны кабінет размяшчаліся асобна ад корпуса паліклінікі, у адным з будынкаў на плошчы 17 Верасня.

Галоўным інструментам доктара-стаматолага была бормашына, а цынкфасфатныя і іншыя пломбы цэментнага тыпу, замешваннем якіх ва ўсе часы займаецца менавіта медсястра стаматалагічнага кабінета, застывалі нашмат даўжэй і мелі якасць пры награванні павялічвацца ў памеры, ад чаго часта пакутавалі зубы.

Усяго за чвэрць стагоддзя стаматалогія зрабіла гіганцкі крок наперад. Гэта сучаснае абсталяванне, зручныя аўтаматычныя крэслы, якія пацыенты стаматалагічнага кабінета напэўна паспелі ўжо ацаніць. Сёння стаматолагі могуць ставіць фотапломбы, хімічныя пломбы, сілікаты, харызмы і шмат іншых раствораў, што паскарае працэс лячэння зуба і робіць вынік больш надзейным. Аднак залаты прынцып “пасля прыёму дзве гадзіны не есці” дзейнічае і да гэтага дня.

IMG_9833ЛАРЫСА ДАНІЛОВІЧ,

доктар-неўролаг.

Ларыса Сяргееўна – прадстаўніца новага пакалення медыкаў. Яна прыйшла працаваць у Дзятлаўскую бальніцу ў 2002 годзе доктарам тэрапеўтам, а пасля перакваліфікацыі атрымала спецыяльнасць неўролага, па якой працуе з 2005-га. Аднак нават за дзесяцігоддзе ў медыцынскім абслугоўванні насельніцтва шмат змянілася.

Па-першае, гэта новыя метады дыягностыкі, якія трывала ўвашлі ў раённую неўралогію каля чатырох гадоў таму. Гэта магнітна-рэзанансная тамаграфія, рэнтгенаўская камп’ютарная тамаграфія. У Дзятлаўскай ЦРБ на сёння няма такіх апаратаў, таму ў гэтым кірунку нашы медыкі супрацоўнічаюць з калегамі з Ліды, Слоніма, Гродна.

Новыя спосабы лячэння дазволілі адчувальна скараціць тэрміны лячэння, зрабіць яго больш эфектыўным. За апошняе дзесяцігоддзе вярнулі сабе былыя пазіцыі некаторыя віды фізіяпрацэдур, такія як гразелячэнне, падводны душ-масаж.

За адно дзесяцігоддзе ў паўтара раза павялічылася нагрузка на дзённы прыём неўролага (ды і любога іншага доктара ў паліклініцы). Калі раней у дзень доктар прымаў 20 чалавек, то цяпер гэта колькасць павялічылася да 30. Прычым, пэўная доля зваротаў да неўролага – неабгрунтаваныя: прыходзяць па падказцы знаёмых або з праблемамі, якія лепш вырашыць тэрапеўт, чым вузкі спецыяліст. А дактары на прыёме тэрмінова вучацца ў новым шчыльным графіку працы даваць кожнаму пацыенту не менш увагі, чым раней.

А вось кабінет доктара-неўролага як раней, так і цяпер месціцца на першым паверсе, гэта не зменіцца і ў далейшым. Некаторыя пацыенты неўралагічнага кабінета проста не здолеюць падымацца па лесвіцы.

За дзясятак гадоў не памяняліся хіба толькі захворванні, з якімі людзі прыходзяць на прыём да неўролага: астэахандрозы, радыкуліты, узроставыя змены ў арганізме.

Доктар-неўролаг, як і ўсе медыкі ўвогуле, з жалем канстатуе, што яшчэ адна з відавочных пераменаў – у паводзінах пацыентаў у паліклініцы. Людзі сталі больш патрабавальныя, часам капрызныя, нецярплівыя да медыцынскага персаналу і іншых пацыентаў. Ларыса Сяргееўна спадзяецца, што яшчэ праз дзясятак гадоў тыя, хто прыходзіць па медыцынскую дапамогу, усё ж вернуцца да ранейшых узаемнай павагі і добразычлівасці.

IMG_9839ВАЛЕРЫЙ МАКАРЧЫК,

фельчар даўрачэбнага кабінета паліклінікі (старшыня прафсаюзнага камітэта)

Адзін з важкіх участкаў медыцынскага абслугоўвання раёна – вясковыя фельчарска-акушэрскія пункты. Для Валерыя Вячаслававіча Макарчыка, як і многіх маладых спецыялістаў, першым месцам працы, крыніцай практычнага вопыту стаў Міроўшчынскі ФАП, другі ў раёне па колькасці насельніцтва ад “0” да “90”. Там малады спецыяліст працаваў з 2002 года на працягу трох гадоў.

У сельскай медыцыне ўсё змяняецца дастаткова павольна. Ва ўсе часы яе характэрнымі рысамі з’яўляецца вялізная адказнасць фельчара, які з’яўляецца галоўным на сваім участку і ў экстраным выпадку робіць назначэнні і лечыць або выклікае брыгаду “хуткай”. Да медыцынскай ролі фельчара ФАПа, па словах Валерыя Макарчыка, абавязкова дадаецца сацыяльная: гэта і штогадовы падворны абход вяскоўцаў, і планавая дастаўка на агляд да вузкіх спецыялістаў, які не раз яму даводзілася арганізоўваць самастойна і забяспечваць транспартам, гэта прышчэпкавая кампанія і пастаноўка ўколаў па назначэнні доктара. Воляй-няволяй работнікі сельскіх ФАПаў і амбулаторый становяцца не толькі медыкамі, але быццам сваякамі, якіх пазнаюць у твар і чакаюць з нецярпеннем.

Аднак самае важкае, што змянілася і працягвае мяняцца ў сельскай медыцыне – гэта скарачэнне колькасці вяскоўцаў, якая няўмольна прыводзіць да закрыцця фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *