Духоўна-маральнае выхаванне моладзі: узаемадзеянне школы і царквы

Падзеі

Чаго можна дасягнуць, калі разам узяцца за добрую справу, карэспандэнтцы газеты расказалі дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы М. Я. Лашкоўская і настаяцель прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы пасёлка Наваельня Валерый Мануйла.

Марына Яўгенаўна Лашкоўская:

— Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў — адна з асноўных задач школы, і нашы педагогі праводзяць сістэмную работу па прывіцці маральных якасцяў дзецям. На пачатку кожнага навучальнага года мы адкрываем факультатыўныя заняткі, скіраваныя на вырашэнне гэтай задачы. Сёлета адкрыты факультатывы «Чалавек у свеце каштоўнасцяў», «Асновы праваслаўнай культуры», «Этыка міласэрнасці». Іх наведваюць дзеці розных узростаў: ад навучэнцаў малодшых класаў да старэйшых школьнікаў. У студзені 2015 года запланавана пачаць рэалізацыю праекта па супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой «Сем промняў дабрыні».

У школьнай бібліятэцы дзейнічае выстава праваслаўнай літаратуры, якая абнаўляецца раз на чвэрць, наладжана падпіска на дзіцячы праваслаўны часопіс «Колыбель». 45 навучэнцаў нашай установы наведваюць нядзельную школу, прымаюць удзел у богаслужэннях. Айцец Валерый — часты ўдзельнік школьных мерапрыемстваў. Раз у чвэрць у нас праходзіць Тыдзень духоўнага выхавання з запрашэннем святара. Праз школьны музей «Дзеці ліхалецця» актывізавана даследчая дзейнасць навучэнцаў у гэтым накірунку: дзеці і настаўнікі заняліся распрацоўкай тэмаў «Праваслаўныя храмы Дзятлаўшчыны» і «135 гадоў царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы». Яшчэ адна традыцыйная форма работы са школьнікамі — прагляд і абмеркаванне кінастужак. Апошняя стужка, якую паглядзелі і правялі размову са святаром, — «Штучнае шчасце». Летась мы пачалі актыўна практыкаваць флэшмобы, у час якіх дзеці выходзяць на вуліцы гарпасёлка, раздаюць жыхарам брашуркі, расказваюць пра дабрыню, заклікаюць змагацца з дрэннымі звычкамі. У школе рэгулярна праходзяць лекторыі і круглыя сталы на актуальныя тэмы маральнасці: «Уцягненне моладзі ў дэструкцыйныя секты», «Аб шкодзе абортаў», «Праблемы выхавання маральнасці». На класных гадзінах настаўнікі таксама абмяркоўваюць гэтыя тэмы з навучэнцамі.

Сярод актыўных формаў работы — экскурсіі і паездкі па памятных мясцінах і аб’ектах духоўнай культуры. На восеньскія канікулы запланавалі экскурсію па маршруце Наваельня — Жыровічы — Сынкавічы. У школе распрацаваны план правядзення экскурсій, выбраны маршруты, якія могуць зацікавіць навучэнцаў. Ну і вядома, адна з важнейшых падзей, якая нядаўна адбылася і да якой мы старанна рыхтаваліся, — адкрыццё нядзельнай школы. Парадавала, што дзеці самі прасіліся прыняць удзел ва ўрачыстасці, з задавальненнем рыхтавалі песні і вершы.

У нашай школе вучацца не толькі выхадцы з праваслаўных сем’яў, але і каталікі, баптысты. А таму педагогі прывіваюць дзецям паважлівыя адносіны да прадстаўнікоў розных веравызнанняў. Мы цесна супрацоўнічаем і з ксяндзом Веславам, ён таксама часты госць у нашай школе.

Рахункуючы сказанае, хачу ўзгадаць словы Песталоці: «Дзейсная любоў да людзей — вось прызначэнне настаўніка». Я таксама лічу, што мяняць жыццё людзей да лепшага можна толькі з любоўю. Настаўнікі — гэта прыклад для вучняў. А царква — наш надзейны памочнік у гэтай справе. Сама атмасфера храма і прысутнасць святара выхоўваюць. Дзецям гэта цікава, ім падабаецца такое супрацоўніцтва, яны самі становяцца ініцыятарамі многіх ідэй, захопліваюць імі нас, дарослых. Лічу, што вера і любоў — гэта той падмурак, на якім фарміруецца ўсебакова развітая маральна і духоўна ўстойлівая асоба.

Айцец Валерый Мануйла:

— Сёлета нашаму храму Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня спаўняецца 135 гадоў. Радуе, што гэтая дата звязана з яшчэ адной значнай падзеяй — адкрыццём духоўна-асветніцкага Цэнтра ў гонар святога праведнага Іаана Кранштадскага. Справа ў тым, што нядзельная школа пры нашай царкве дзейнічала ўжо даўно, але знаходзілася яна далёка, і дзецям да нас было нязручна хадзіць. Для вырашэння праблемы па благаславенні ўладыкі Гурыя мы змаглі перанесці яе ў новы будынак.

Новы духоўна-асветніцкі Цэнтр дапаможа ўдасканаліць і пашырыць работу царквы з дзецьмі, бо, як мы бачым, цяперашняе пакаленне ўпадае ў грахоўнае жыццё. Гэта ўжыванне алкаголю, уседазволенасць, наркотыкі. Не сакрэт, што краіну «наваднілі» небяспечныя для жыцця падлеткаў «спайсы», пад уздзеяннем якіх людзі становяцца падобныя на жывёлін. Вядома, Гасподзь стварыў і нас, і братоў нашых меншых жывымі істотамі, але, у адрозненні ад жывёлін, чалавека ён надзяліў магчымасцю думаць, рабіць добрыя справы, мікнуцца да Бога. А што значыць імкнуцца да Бога? Гасподзь сказаў: «Будзьце дасканалыя, як я дасканалы ёсць». Гэтым чалавек і адрозніваецца ад іншых істотаў. А цяпер атрымліваецца так, што чалавек, якому Бог даў розум, становіцца падобны на таго, у каго розуму няма, адбываецца дэградацыя грамадства. Гэта праблема актуальная для нашай дзяржавы і для царквы. Царква павінна выхоўваць у людзях духоўнасць — тое імкненне да дасканаласці, якое запаведаў Бог. Як паказвае практыка, старэйшае пакаленне «настаўляць» на правільны шлях ужо складана. Вось і адкрываюцца нядзельныя школы, каб выхоўваць дзетак яшчэ з маленства, прывіваць ім духоўныя і маральныя якасці, хрысціянскую любоў, імкненне да дабра. Нават такія простыя навыкі, як павітацца, саступіць дарогу варта выхоўваць у раннім узросце, а калі дзіця падрасце, яно будзе паводзіць сябе, як навучылі. Калі ж малое не бачыць станоўчага прыклада ці расце ў ненадзейнай сям’і, чаго можна чакаць? Задача нядзельных школ — навучыць нашых дзяцей рабіць добрае.

Акрамя вывучэння «Закона Божага» і катэхізацыі, у нашым Цэнтры дзеці займаюцца вязаннем, маляваннем, наведваюць гурток харавых царкоўных спеваў (працуюць тры выхавальнікі і выкладчык спеваў). Галоўнае, што імкнёмся прывіць вучням — любоў і павагу да блізкіх, настаўнікаў, старэйшых — гэта аснова ўсяго. Выхоўваем маральныя якасці, вучым пазбягаць непатрэбных мерапрыемстваў. Яшчэ псалмаспевец цар Давід казаў: «Блажен муж, иже не идет на совет нечестивых». Мы тлумачым дзецям, чаго не варта рабіць, дзе не варта бываць. Стараемся ўсебакова развіваць школьнікаў, закранаем і бытавыя пытанні: як правільна апрануцца дяўчынцы, чаму неабходна чысціць абутак, быць акуратным. Простыя паняцці, абмеркаваныя са святаром, застаюцца у сэрцах вучняў назаўсёды.

Мы стараемся, каб дзецям у нас падабалася, каб ім было цікава, прапаноўваем розныя заняткі: лекцыі і маляванне, прагляды кінастужак і вязанне, збіраемся паставіць некалькі трэнажораў, каб вучні мелі магчымасць актыўна адпачыць, хочам набыць для дзяўчынак швейныя машынкі. Добрых задумак шмат, і мы пастараемся зрабіць усё неабходнае, каб школьнікі ішлі да нас з радасцю, атрымлівалі тут тыя веды і выхаванне, якія дапамогуць ім стаць годнымі людзьмі.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *