Паштовая сувязь крочыць у нагу з прагрэсам

Падзеі

З кожным днём прадпрыемства “Белпошта” становіцца ўсё больш шматфункцыянальным, беручы на сябе шэраг няпрофільных паслугаў, працягваючы ажыццяўляць дастаўку газет і карэспандэнцыі. Пра паштовыя навінкі, аўтаматычную сарціроўку пісьмаў, работу плацежных тэрміналаў і транспартную дастаўку пошты карэспандэнт гутарыла з начальнікам Дзятлаўскага вузла паштовай сувязі Наталляй Цітовай.

Почта интервью1

— Наталля Мікалаеўна, раскажыце, якім шляхам сёння ідзе пісьмо ад адпраўніка да адрасата?
— Уся пісьмовая карэспандэнцыя, як фізічным, так і юрыдычным асобам, праходзіць праз Мінскі пункт сарціроўкі. Выключэнне складаюць толькі пісьмы, якія адпраўляюцца ўнутры нашага раёна. Сарціроўка пісьмаў ажыццяўляецца аўтаматычна: ужо створаны адрасныя базы, згодна з якімі карэспандэнцыя размяркоўваецца да індэкса. У будучым сарціроўка мае быць больш дэталёвай, аж да даставачнага ўчастка. У гэтай сувязі змяніліся і правілы запаўнення адрасу на паштовым канверце, пра якія мы ўжо неаднойчы расказвалі, падрабязная інфармацыя пра гэта ёсць на сайце РУП “Белпошта”. На жаль, не ўсе яшчэ прызвычаіліся да новых правілаў запаўнення канвертаў: зварот няправільна аформленай карэспандэнцыі складае 0,1%. Такая сістэма сарціроўкі яшчэ ўкараняецца ў Беларусі, аднак Гродзенскі філіял, у тым ліку і мы, цалкам на яе перайшлі.

— Ці шмат пасылак адпраўляюць і атрымліваюць дзятлаўчане?
— Так, колькасць пасылак, якія прыходзяць і адпраўляюцца праз Дзятлаўскі вузел паштовай сувязі, павялічваецца з года ў год. За 7 месяцаў гэтага года было адпраўлена 2409 пасылак і атрымана 10617. Гэта заказы з “Кніжнага клуба”, інтэрнэт-магазінаў, пакупкі з далёкага замежжа, якія набылі папулярнасць. Трэба адзначыць, што апошнім часам з’явілася тэндэнцыя адпраўляць пасылкі з прадукцыяй з Дзятлава па Беларусі.

— Як вырашаецца праблема кадравага забеспячэння?
— Па-першае, праводзілася аптымізацыя работы паштовай сувязі ў раёне: у маланаселеных кропках Дзятлаўшчыны аддзяленні паштовай сувязі змянілі статус на пункты, захаваўшы ўвесь ранейшы пералік паштовых паслугаў. Па-другое, пераход мотадастаўкі пошты. Дзятлаўскі вузел паштовай сувязі лідзіруе ў вобласці па пашырэнні гэтага віду дастаўкі. На сёння ў нас функцыянуюць 5 маршрутаў-“кольцаў”, на кожным з якіх працуе пастаянны паштальён і вадзіцель. Акрамя паштовай карэспандэнцыі, у час транспартнай дастаўкі паштальёны выплачваюць пенсію, прымаюць камунальныя плацяжы, рэалізуюць насельніцтву па папярэдняй замове харчовыя або нехарчовыя тавары, пералік якіх досыць шырокі. Зразумела, большым попытам карыстаюцца харчовыя тавары: цукар, крупы, алей.

— Колькі месяцаў таму ў паштовым аддзяленні Дзятлава-1 пачаўся эксперымент па размежаванні касаў па профільных і няпрофільных паслугах. Якія яго вынікі?
— Практыка паказала, што падзел касаў на “профільныя” і “няпрофільныя” не даў чаканых вынікаў. Наведвальнікі аддзялення не канцэнтруюць увагу на гэтым, проста выбіраючы зручнае для сябе акенца. Затое можна адзначыць, што даволі няблага і хутка кліенты асвоілі карыстанне плацежна-даведачным тэрміналам. Мабыць, гэтаму паспрыяла ў тым ліку наглядная рэклама на падлозе ў выглядзе слядоў, якія вядуць да апарата, і значная эканомія часу, што не трэба стаяць у чарзе.

— Наталля Мікалаеўна, якая сітуацыя з падпіскай?
— На жаль, аб’ёмы падпіскі так ці інакш скарачаюцца. Калі з прадпрыемствамі і арганізацыямі сітуацыя па падпісцы больш стабільная, то з фізічнымі асобамі ўсё складаней. Нягледзячы на гэта, мы ўсімі сіламі стараемся зацікавіць патэнцыяльных падпісчыкаў, застаёмся на лідзіруючых пазіцыях у вобласці па аднаўленні падпіскі (аб’ём падпіскі ў параўнанні з мінулагоднім). Стабільна вялікія аб’ёмы падпіскі на раённую газету, радзей выпісваюць штодзённыя рэспубліканскія выданні. Аднак тыя чытачы, якія прывыклі да “сваіх” газет, стабільна працягваюць іх выпісваць і па новых коштах. У апошнія дні падпісной кампаніі мы традыцыйна праводзім Дзень падпісчыка, калі можна і выпісаць перыядычныя выданні, і атрымаць падарунак. Прыемным сюрпрызам для дзятлаўчан было тое, што сёлета гандлёва-падпісная кампанія праводзілася на дзятлаўскім рынку: так мы самі прыйшлі да падпісчыка. У будучым плануем працягваць такія мерапрыемствы і прыдумаць нешта новае.

— Якія новыя профільныя і няпрофільныя паслугі аказваюцца насельніцтву ў аддзяленнях “Белпошты”?
— Адно з новаўвядзенняў паштовай сувязі – паслуга “камфорт”, замовіўшы якую адпраўнік карэспандэнцыі, адрасат або абодва адразу атрымліваюць тэлефанаванне, як толькі пісьмо або пасылка паступае ў аддзяленне. Не забываемся пра паслугу “Па дарозе”, калі кліенты могуць перадаваць лісты або перадачы з аддзялення ў аддзяленне па любым з паштовых маршрутаў. Да таго ж, у аддзяленнях паштовай сувязі можна аформіць страхоўку, замовіць пластыкавыя карткі “МТБанка” і “Приорбанка”. Па каталогах РУП “Белпошта” вы можаце заказаць тавары беларускіх вытворцаў, ад адзення і да рэчаў гаспадарчага ўжытку. Таксама ў нас можна аформіць дабрачынны перавод на будаўніцтва храма (у кожным паштовым аддзяленні ёсць рэквізіты мясцовых цэркваў і касцёлаў).

Гутарыла Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *