Новы навучальны год у абноўленай школе

Падзеі

Новы навучальны год для вучняў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы пачаўся ў абноўленай пасля капітальнага рамонту ўстанове адукацыі. У ёй адрамантаваны дах, заменены вокны. Новы выгляд атрымалі харчблок і сталоўка, фасад школы, сталі больш камфортнымі і прыгожымі  кабінеты.

Сёлета яны адчынілі свае дзверы для шасці новых вучняў. У шэрагі школьнікаў іх урачыста прынялі на першай у гэтым навучальным годзе лінейцы, якая была прысвечана Дню ведаў і прымеркавана да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Спазнаваць свет ведаў дзеці будуць пад кіраўніцтвам сваёй першай настаўніцы — С. В. Цілігузавай.

Павіншаваць вучняў, педагогаў, бацькоў з пачаткам новага навучальнага года ў Хвінявіцкую школу прыехалі ганаровыя госці — старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчык, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму І.С.Кухарэвіч, старшыня Парэцкага сельскага савета А. А. Ядэйка, старшыня СВК «Хвінявічы» М. А. Бубноўскі, дырэктар АСП «Парэцкі спіртзавод» В. Ф. Доўгач, начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях У. А. Нячаеў, намеснік начальніка ўпраўлення спецыяльных работ горада Дзятлава ААТ «Будкомплекс» В. І. Шпакоўскі, настаяцель Барысаглебскага храма ў вёсцы Накрышкі айцец Алексій. Па традыцыі на свята першага званка былі запрошаны ветэраны педагагічнай працы, якія шмат гадоў выкладалі ў Хвінявіцкай школе.

IMG_1124_b

Урачыстая лінейка была насычана віншаваннямі і пажаданнямі поспехаў у навучальным годзе, новых дасягненняў на адукацыйнай ніве, здзяйснення мараў і жаданняў. З днём ведаў школьнікаў і педагогаў павіншаваў старшыня райвыканкама І. І. Крахмальчык. Першакласнікам ён уручыў кнігі «Беларусь — наша радзіма» — падарунак ад Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі.

IMG_1184_b

Падарункі дзеці атрымалі ад старшыні СВК «Хвінявічы» М. А. Бубноўскага. Начальнік Дзятлаўскага РАНС У. А. Нячаеў уручыў першакласнікам кнігі «Формула бяспекі».  Божай спагады і падтрымкі ў новым навучальным годзе вучням школы пажадаў айцец Алексій.

Вучняў і іх бацькоў павітала дырэктар Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, выдатнік адукацыі М. А. Доўгач. Словы ўдзячнасці яна выказала на адрас кіраўніцтва райвыканкама, работнікаў упраўлення спецыяльных работ г.Дзятлава ААТ «Будкомплекс» за абноўленую школу, у якой цяпер будуць займацца вучні.

Для іх прагучаў першы званок, які абвясціў аб пачатку новага навучальнага года. Ён будзе напоўнены новымі ведамі, пазнавальнымі мерапрыемствамі, сустрэчамі з цікавымі людзьмі. Для выпускнікоў — плённай падрыхтоўкай да паступлення, у якой ім дапамогуць іх педагогі.

Пасля заканчэння лінейкі вучні разышліся па сваіх кабінетах на першы ўрок, які быў прысвечаны Вялікай Перамозе. Памяць салдатаў Вялікай Айчыннай вайны была ўшанавана ў час школьнай лінейкі хвілінай маўчання, а таксама ўскладаннем кветак да абеліска. Гэтую пачэсную місію выканалі выпускнікі школы на чале са сваім класным кіраўніком  М. М. Цілігузавай.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота Б.ВАРНЫ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *