Дзень Жукоўшчынскага сельсавета

Падзеі

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Жукоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў Жукоўшчынскім сельсавеце 8 верасня.
У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, ідэалагічныя работнікі СВК, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў.

IMG_1336b

З сацыяльна-эканамічным становішчам Жукоўшчынскага сельскага Савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня А. Сатараў.

Жукоўшчынскі сельскі савет быў створаны ў 1982 годзе. Плошча сельсавета – 160,58 квадратных кіламетра, на гэтай тэрыторыі месцяцца 17 паселішчаў, 574 сядзібныя гаспадаркі.

Сельсавет насяляюць 1120 чалавек. З названай колькасці 582 – працаздольныя, 423 – пенсіянеры, 118 – дзяцей і падлеткаў. Сярод жыхароў сельсавета 46 адзінокіх грамадзян, 304 чалавекі жывуць адзінока, 10 інвалідаў 1-й групы, 7 шматдзетных сем’яў, адна прыёмная сям’я выхоўвае 3 дзяцей, адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны, два чалавекі ў статусе малалетніх вязняў вайны. Нарадзіліся ў 2014 годзе 15 чалавек, памерлі – 24.

Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму абслугоўвае 55 адзінокіх і грамадзян, якія жывуць адзінока. 9 чалавек карыстаюцца сацыяльным абслугоўваннем на ўмовах частковай аплаты. Сацыяльным абслугоўваннем займаюцца 8 сацыяльных работнікаў.

У 2005 годзе вёсцы Жукоўшчына нададзены статус аграгарадка.
У аграгарадку Жукоўшчына жывуць 459 чалавек, і гэта самае буйное паселішча ў сельсавеце. Самыя маланаселеныя – Пецюкі і Глушыца, там па адным пастаянным жыхары.

IMG_1343b

Вытворча-эканамічную аснову сельскага Савета складае СВК “Жукоўшчына”, у карыстанні якога 4700 гектараў зямлі, у СВК працуюць 267 чалавек.

Гандлёвым абслугоўваннем жыхароў сельсавета займаюцца 3 магазіны змешаных тавараў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і 1 магазін СВК “Жукоўшчына”. Паселішчы, дзе няма стацыянарных магазінаў, па графіку абслугоўвае аўтамагазін.

Сістэма дзяржаўнай адукацыі прадстаўлена Жукоўшчынскай сярэдняй школай – дзіцячым садком, якая налічвае 53 вучні.
На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца Жукоўшчынскі сельскі клуб, Погірскі клуб-музей народнага побыту, Жукоўшчынская сельская бібліятэка. Ва ўстановах культуры дзейнічаюць 11 клубных фарміраванняў, у тым ліку 9 – пры Жукоўшчынскім СДК, 2 – пры Погірскім клубе-музеі.

Да паслугаў жыхароў сельсавета паштовае аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт службы быту. Аддзяленне сувязі, акрамя ўласна паштовых паслугаў, аказвае і дадатковыя – па заяўках жыхароў дастаўляе ім розныя тавары.

Медыцынскае абслугоўванне тутэйшага насельніцтва даручана Жукоўшчынскаму ФАПу і Гезгалаўскай амбулаторы. Медработнікі рэгулярна аглядаюць адзінокіх і грамадзян, якія жывуць адзінока, аказваюць ім патрэбную медыцынскую дапамогу, кансультуюць.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 4 помнікі воінам-землякам, 11 грамадзянскіх могілак. 5 могілак агароджаны поўнасцю, 5 – часткова, бо знаходзяцца ў лесе. Пра догляд могілак актыўна рупяцца старасты вёсак, вывезці смецце пры патрэбе дапамагае СВК “Жукоўшчына”.

Актуальнай задачай выканкама сельсавета з’яўляецца належнае санітарнае ўтрыманне паселішчаў, іх добраўпарадкаванне. Для гэтага сёлета праведзены 3 суботнікі на могілках. 29 жыхарам сельсавета выпісаны прадпісанні, 1 грамадзянін аштрафаваны за нямэтавае выкарыстанне зямлі, 2 чалавекі аштрафаваны за вываз смецця ў лес.

Сельвыканкаму шмат даводзіцца працаваць для належнага санітарнага ўтрымання апусцелых сядзібаў, якіх у сельсавеце – 363. 114 сядзібаў з названай колькасці з нявызначанай перспектывай для выкарыстання. Сельвыканкам шукае нашчадкаў колішніх гаспадароў, пасылае адпаведныя паведамленні, але не на ўсе атрыманы водгукі.

У 2014 годзе праз дапамогу мясцовага СВК знесена адна сядзіба ў вёсцы Погіры, на яе месцы будзе абсталяваны прыпынак для пасажырскага транспарту, які раней быў вынесены далекавата за вёску. Падрыхтавана дакументацыя для зносу яшчэ адной сядзібы ў вёсцы Нясілавічы.

Шмат працуе для добраўпарадкавання тэрыторыі СВК “Жукоўшчына”. Актыўна дапамагаюць сельвыканкаму старасты вёсак. З 12 старастаў 2 з’яўляюцца дэпутатамі сельскага Савета. Па дагаворы з жылкамунгасам з аграгарадка Жукоўшчына, вёсак Погіры, Нагародавічы, Гезгалы смецце вывозіцца цэнтралізавана. Міні-палігон для збору смецця знаходзіцца перад вёскай Алёхнавічы.

У бягучым годзе адбыліся 8 пасяджэнняў грамадскага пункта аховы правапарадку, на якіх абмяркоўвалі паводзіны 33 чалавек (21 – з прапановы міліцыі, 5 – МНС, 7 сем’яў сацыяльна ненадзейныя).

Актуальныя задачы сельвыканкама гэтым часам – працяг добраўпарадкавання паселішчаў і могілак, знос закінутых сядзібаў, падрыхтоўка паселішчаў да зімы, работа са зваротамі грамадзян.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў агучыў вынікі сацыялагічнага апытання жыхароў сельсавета.

Найбольш хвалююць рэспандэнтаў праблемы асфальтавання вуліц і ўвогуле добраўпарадкавання паселішчаў, медыцынскага абслугоўвання (ужо традыцыйная нястача дактароў-спецыялістаў у раённай паліклініцы), распаўсюджання п’янства сярод насельніцтва, замацавання моладзі ў сельскай мясцовасці, нястачы жылля, транспартнага пасажырскага абслугоўвання, водазабеспячэння.

Сярод канкрэтных прапановаў апытаных – замяніць камп’ютар у аддзяленні сувязі, бо часта ўзнікаюць праблемы з аплатай паслугаў; пабудаваць спартыўную залу; палепшыць якасць вады ў водаправодзе; арганізаваць прыбыццё аўтобуса ў Жукоўшчыну ў 7.30; устанавіць бак для смецця ў парку; павялічыць наменклатуру тавараў у КПП службы быту; устанавіць у КПП швейную машынку для дробных работ.

Удзельнікі Дня сельсавета наведалі шэраг вытворчых і сацыяльных аб’ектаў на тэрыторыі Жукоўшчынскага сельсавета: сельскі дом культуры, бібліятэку, грамадскі пункт аховы правапарадку, КПП службы быту, школу-садок, Жукоўшчынскі ФАП, магазіны СВК “Жукоўшчына” і райспажыўтаварыства, вёску Гезгалы, Гезгалаўскае лясніцтва, могілкі ў Гезгалах, МТФ “Зачэпічы”.

IMG_1350b

Намеснік старшыні райвыканкама М. Мацюкевіч выказаў свае ўражанні ад агляду добраўпарадкавання паселішчаў у Данілавіцкім сельсавеце і Наваельнянскім пасялковым Савеце. Планавыя для першачарговага добраўпарадкавання вуліцы ў Наваельні сваім выглядам увогуле парадавалі, сказаў ён. Ёсць заўвагі па стане вуліц Леніна, Чкалава, Фурсенкі. Боцкавічы ў Данілавіцкім сельсавеце “аздабляе” лужына пасярод вуліцы, а перад Касцюкамі добра разрастаецца крапіва, хоць агульнае ўражанне ад вёсак Данілавіцкага сельсавета станоўчае.

Упраўляючы справамі райвыканкама А. Андруцэвіч адзначыў, што сёлета з Жукоўшчынскага сельсавета павялічылася колькасць зваротаў грамадзян. Планавыя работы па добраўпарадкаванні ў Дзятлаўскім сельсавеце выконваюцца. Агульнае станоўчае ўражанне крыху падпсаваў выгляд тэрыторыі збожжасклада ў Пенчыцах, дзе нарастае пустазелле.

Старшыня райсавета дэпутатаў А. Бараноўскі заўважыў, што намаганні для добраўпарадкавання паселішчаў, якія былі прыкладзены сёлета і ў папярэднія гады, даюць плён. Некалі зарослыя кустоўем вёскі пачалі праглядвацца з краю ў край, прыбраны паваленыя платы, паселішчы рэгулярна абкошваюцца. У вёсачках усё больш з’яўляецца дачнікаў, якія адбудоўваюць сядзібы. Аляксандр Станіслававіч, у прыватнасці, назваў Каменку і Цецеравец у Мяляхавіцкім сельсавеце, дзе з’явіліся дачныя хаты-“цацкі”. Актыўна парадкуюць паселішчы ў Дварэцкім сельсавеце, Казлоўшчынскім пасялковым Савеце (Драбавічы, Хамічы, Мядзвінавічы), Войневіцкім сельсавеце (Даўгялавічы, Горка). Выгляд Мядзвінавічаў, праўда, псуюць дзве сядзібы на павароце дарогі ў кірунку Руды Яварскай. Няма асаблівых прэтэнзій да стану вёсак Парэцкага сельсавета.

Старшыня райвыканкама І. Крахмальчык паведаміў, што абласныя “Дажынкі” 2015 года прызначаны ў Дзятлаве. Да іх трэба належным чынам падрыхтавацца не толькі гораду, але і раёну.

У Жукоўшчыне ўжо паўгода, сказалі мясцовыя жыхары, застаецца нявырашанаю праблема стабільнай падачы вады на верхнія паверхі шматкватэрных дамоў. Старшыня райвыканкама абавязаў камунальную службу неадкладна прыступіць да вырашэння названай праблемы. Асфальтавання ў Жукоўшчыне чакаюць вуліцы ў мікрараёне новай забудовы. Асфальтаванне каштуе дорага, і пакуль сродкаў на яго для Жукоўшчыны знайсці не ўдалося. Але асфальт у перспектыве на новых вуліцах, безумоўна, з’явіцца. Сёлета доўжыцца асфальтаванне дарогі да Войневічаў. І мясцовы СВК, на думку старшыні райвыканкама, абавязкова “адпрацуе” асфальтаваную дарогу. Сельгаспрадпрыемства некалькі апошніх гадоў дэманструе добрыя эканамічныя вынікі, штогод прыбаўляючы каля 10 працэнтаў абаротных сродкаў. Сёлета СВК “Войневічы” хутка узняў ільнотрасту і дапамагае тэхнікай іншым гаспадаркам. Прыбрана з палеткаў салома каласавых, складзена ў месцах захоўвання.

У вёсках раёна доўжыцца знос закінутых сядзібаў, якія засталіся без гаспадароў. Участкі з-пад сядзібаў не павінны зарасці пустазеллем, зазначыў старшыня райвыканкама. Добрае рашэнне – перадаць іх суседнім жыхарам для вядзення падсобнай гаспадаркі. Альбо засадзіць лесам (калі ўчасткі пры лесе), ці заходзіць плугамі (калі ўчасткі мяжуюць з полем).

Старшыня райвыканкама падзякаваў усім, хто рупіўся пра належную падрыхтоўку Жукоўшчынскага сельскага Савета да Дня сельсавета.

Б. ВАРНА
Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *