21 верасня — Дзень работнікаў леса

Падзеі

А. КІВУЛЯ: “МЫ ЗАЦІКАВІМ ТУРЫСТАЎ ПАЛЯВАННЕМ”

Напярэдадні свята работнікаў лясной гаспадаркі карэспандэнтка газеты «Перамога» пагутарыла з дырэктарам ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас» Аляксандрам Ківулем.

IMG_0505

— Аляксандр Міхайлавіч, як прайшло для лясной гаспадаркі анамальна спякотнае лета?

— У такіх няпростых для лясной гаспадаркі ўмовах надвор’я мы перайшлі на ўзмоцнены рэжым дзяжурстваў. Таксама, як і па ўсёй рэспубліцы, на Дзятлаўшчыне летам дзейнічала забарона на наведванне лясоў. Можна з упэўненасцю адзначыць, што летні перыяд прайшоў для ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас» нармальна, без буйных пажараў.  За мінулыя месяцы пажаранебяспечнага перыяду ў лясах Дзятлаўшчыны зафіксаваны 4 невялікія загаранні, якія закранулі плошчу 0,75 гектара. Пажаранебяспечны перыяд скончыцца толькі 1 кастрычніка, аднак мы мяркуем, што такой рызыкі для лесу, якая была напрыканцы ліпеня, цяпер ужо няма.

— Лета мінула, не за гарамі зіма і Новы год. Наколькі папулярныя ў дзятлаўчан навагоднія дрэвы?

— У апошнія гады попыт на навагоднія дрэвы (елку, сасну) у нашым раёне істотна знізіўся. І, як ні дзіўна, гэта мяне радуе. На маю думку, гэта нармальная з’ява, што людзі замест лясной прыгажуні, жыццё якой недаўгавечнае, набываюць штучныя «шматразовыя» дрэўцы. Затое адным з перспектыўных на сёння напрамкаў для лясной гаспадаркі з’яўляецца продаж саджанцаў дэкаратыўных раслін. Наш пасадачны матэрыял карыстаецца попытам у насельніцтва: толькі сёлета рэалізавана раслін на 12 мільёнаў рублёў, што для пачатку даволі няблага. Вырошчваем таксама дрэвы для дзятлаўскіх лясоў: высаджвалі вырашчаную ў цяпліцы вольху, якая добра прыжылася ў нашых лясах, будзем працягваць станоўчы вопыт. На сёння працуюць два гадавальнікі дэкаратыўных раслін у Казлоўшчынскім лясніцтве, у планах – узвядзенне яшчэ дзвюх цяпліц у Гезгалаўскім лясніцтве і пашырэнне асартыменту хваёвых пародаў.

— А што яшчэ прыносіць лясгасу даход?

— Сёлета мы сабралі 100 тон бярозавіку: удвая больш за мінулагодні паказчык. Працягваем актыўна працаваць па праграме развіцця пчалярства, распрацаванай Міністэрствам лясной гаспадаркі на 2011-2015 гады. З зімоўкі ў нас выйшлі 110 пчоласем’яў і як вынік – здабыта 1,15 тоны мёду ўжо на сёння, а да завяршэння сезона плануем дасягнуць лічбы ў паўтары тоны. А вось што тычыцца венікаў для лазні і гаспадарчых мётлаў, то мы вырабілі іх нямала (каля 100 адзінак толькі венікаў), аднак узнікаюць праблемы са збытам – такая прадукцыя не карыстаецца ў насельніцтва належным попытам. Таксама штогод збіраем лекавую сыравіну. Адзначу, што Дзятлаўскі лясгас – адзіны ў Гродзенскай вобласці, які хоць у невялікай колькасці (па 100-150 кілаграмаў), але нарыхтоўвае сухую лекавую сыравіну.

— Чым вы зацікаўліваеце турыстаў у сёлетні Год гасціннасці?

— Свой уклад, набыткі і дасягненні ў развіцці турызму на Дзятлаўшчыне мы прадэманстравалі на нядаўняй выставе-кірмашы «Еўрарэгіён «Нёман-2014» на выставе «Гродзеншчына турыстычная». Галоўны турыстычны аб’ект у ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас» – гэта хатка паляўнічага, а паляванне даволі папулярнае сярод турыстаў. З 1 верасня адкрыты сезон палявання на лася і аленя, і ў нас ужо ёсць першыя поспехі. З 2 па 5 верасня расійскі паляўнічы, які наведаў дзятлаўскія лясы, пры падтрымцы паляваннязнаўцы і егераў упаляваў тут добрага аленя і двух трафейных самцоў казулі. Турыст застаўся задаволены здабычай, а лясгас зарабіў 3,5 тысячы еўра. У бліжэйшы час чакаем у госці нямецкіх паляўнічых.

— Як калектыў ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас» спраўляецца з пастаўленымі задачамі і планамі?

— На сёння ў нас працуюць 375 чалавек: гэта работнікі адміністрацыі ў Дзятлаве, 9 лясніцтваў, лесанарыхтоўчага пункта і дрэваапрацоўчага цэха. Калектыў добры, згуртаваны, работнікі адказна ставяцца да сваёй справы, бо разумеюць, што ад кожнага з іх наўпрост залежыць і дабрабыт арганізацыі, і заробкі. Мабыць, таму Дзятлаўскі лясгас на добрым узроўні не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Напярэдадні свята работнікаў лесу жадаю сваім калегам моцнага здароўя, дабрабыту, поспеху ў справах і ўсяго найлепшага.

АДЗНАЧАНЫЯ ЎЗНАГАРОДАМІ

Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама:

А. М. Дваранін – машыніст высякальнай машыны

Л. А. Сіняк – ляснік

Падзячным пісьмом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама:

А. М. Бандарэнка – вадзіцель

А. М. Валадашчык – інжынер па лесааднаўленні

І. І. Курман – трактарыст

Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь:

А. П. Пятліцкі – ляснік

Падзячным пісьмом міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь:

А. А. Жых – трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу

Ганаровай граматай Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання:

В. М. Юрэня – памочнік ляснічага

М. У. Ёдчык – бухгалтар

Занесены на Дошку гонару Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання:

В. Р. Малько – ляснік

С. Т. Хілімончык – машыніст тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны

Нагрудным знакам “10 гадоў бездакорнай службы ў лясной ахове Рэспублікі Беларусь”:

Н.Ф. Мамедава – вядучы інжынер па лесакарыстанні

НОВЫЯ ТЭХНАЛОГІІ

Да адносна нядаўняга часу ўся драўніна ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” нарыхтоўвалася ручным спосабам – працавалі з бензапіламі. Прайшло чатыры гады ад той пары, калі гаспадарка набыла першую шматаперацыйную машыну па нарыхтоўцы лесу – харвэстар. І на сёння тут ужо ўтвораны лесапункт – новае структурнае падраздзяленне, што з’яўляецца ўвасабленнем тэхнічнага прагрэсу.

У ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” працуюць два комплексы харвэстар-фарвардар, адзін з якіх айчыннай вытворчасці, другі – замежнай.

IMG_0543

Нарыхтоўка з дапамогай “разумнай” тэхнікі – задача дзяржаўнага ўзроўню. Калі сёлета такім чынам нарыхтоўваюць 50% ўсёй драўніны ў лясгасе, то на наступны год павінны давесці гэты паказчык да 75%.

За месяц адзін харвэстар нарыхтоўвае 5 тысяч кубаметраў драўніны. Неблагая тэхніка, адзначаюць у лесапункце, аднак і яна падыходзіць больш для прахадных высечак, чым для галоўных. Каб максімальна загрузіць тэхніку, на ёй па зменах працуюць тры аператары, працоўны дзень якіх роўны светлавому.

IMG_0539

Адзін з аператараў, Ігар Сцяпура, па адукацыі электрык, што дазволіла яму пасля месячнай перакваліфікацыі без складанасцяў разабрацца з “бартавым камп’ютарам” лесанарыхтоўчай машыны. У лесапункце ён працуе паўтара года і лічыць сваю працу надзвычай цікавай. На такой складанай тэхніцы, як харвэстар, можа выканаць валку лесу, абрэзку сучча і нават задаць пэўны памер бярвенняў.

— Работа з лесам – заўжды складаная, заўважае аператар. Аднак пакуль яму не давялося пашкадаваць аб выбары гэтай прафесіі.

Усім работнікам лясной гаспадаркі і ў свята, і на кожны дзень Ігар Сцяпура зычыць здароўя і найвялікшага цярпення.

ЭКСПАРТ НА ПІЛАВІННІ

Мінула паўгода, як у Вензавецкім дрэваапрацоўчым цэху пачаў працаваць новы ўчастак па вырабе паліўных брыкетаў з пілавіння. Ідэя зрабіць перапрацоўку драўніны безадходнай даўно “лётала ў паветры” і, нарэшце, знайшла ўвасабленне. За плячыма – першы вопыт работы брыкетнага цэху і 1150 тон прадукцыі, асноўнымі пакупнікамі якой з’яўляюцца Данія, Чэхія, Германія. Такі від паліва для еўрапейцаў прывабны, бо валодае вялікай цеплааддачай. Сакрэт цудоўных брыкетаў просты – нічога, акрамя пілавіння, спрэсаванага пад высокім ціскам. Адсюль і 100%-ая экалагічнасць паліва.

Работа ў брыкетным цэху арганізавана ў дзве змены па два чалавекі, кожная з іх выпускае каля 4 тон брыкетаў. За брыкетным прэсам – аператары Аляксей Тарас і Дзмітрый Матук. Абодва не навічкі ў дрэваапрацоўцы. Аляксей Канстанцінавіч чатыры гады працаваў у цэху рамшчыкам, Дзмітрый Віктаравіч – станочнікам. Сёння іх задача – падтрымліваць тэмпературу ў прэсе, сачыць за яго работай і прымаць для ўпакоўкі гатовую прадукцыю. Астатняе – справа аўтаматыкі.

Напярэдадні прафесійнага свята аператары брыкетнага цэху жадаюць усім работнікам лясной галіны здароўя, плённай працы і дастойнай яе аплаты.

Матэрыялы старонкі падрыхтавала Н. АВЯРЧУК (тэкст і фота).



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *